Новости Молодечно и Молодечненского района

Снег з гарадскіх вуліц вывозіцца на палігон

  • 2022-02-16 11:09:49
  • Алег Бяганскі

А вось камунальнікаў і дарожнікаў снег не радуе. Снежныя гурбы перашкаджаюць транспарту, ствараюць праблемы пешаходам. Снег з тэрыторыі населеных пунктаў неабходна вывозіць.

— Снегу, які чысціцца з дарог, у горадзе не месца, — гаворыць інспектар Маладзечанскай раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Іван Мялюк. – Ён патрабуе правільнай утылізацыі. На працягу зімы дарогі апрацоўваюцца супрацьгалалёднымі рэагентамі. Асноўныя іх кампаненты — хларыды натрыю і кальцыю. Яны могуць выклікаць засаленне глебы, трапіць у грунтавыя воды, забрудзіць навакольнае асяроддзе.

Акрамя таго, снег на гарадскіх вуліцах забруджваецца нафтапрадуктамі, маторнымі масламі, іншымі выкідамі машын і прадпрыемстваў. Не павышаюць экалагічнасць дробнае бытавое смецце, пластыкавыя пакеты, прадукты жыццядзейнасці хатніх гадаванцаў. Вось чаму снег з вуліц нельга проста вывезці ў поле. Такая «ўтылізацыя» законам забаронена. У гэтай сферы дзейнічаюць жорсткія рэгламенты.

Снег з гарадскіх вуліц вывозіцца на палігон цвёрдых камунальных адходаў.

Эколаг паведаміў, што снег з маладзечанскіх вуліц вывозіцца на спецыяльную пляцоўку на тэрыторыі палігона цвёрдых бытавых адходаў. Яго колькасць улічваецца. Кантроль ажыццяўляюць профільныя арганізацыі. Пляцоўка запраектавана так, што забруджвальныя рэчывы не выйдуць за межы палігона пасля таго як снег растане.

Іван Мялюк заклікаў жыхароў Маладзечна не засмечваць гарадскую прастору. Ад гэтага залежыць не толькі знешні выгляд вуліц, сквераў, плошчаў, двароў, але і стан навакольнага асяроддзя.

У ТЭМУ

За снежань мінулага года на маладзечанскі палігон цвёрдых камунальных адходаў было вывезена 115,2 куб. м снегу (або 58,7 тоны). За студзень і пачатак лютага вывезена 545 кубаметраў (або 464,2 тоны).

Алег БЯГАНСКІ.
Фота: Аляксей ПЛАТКО.