Новости Молодечно и Молодечненского района

Сёння – шышкі, заўтра – новы лес

  • 2022-02-23 08:10:44
  • Алег Бяганскі

Сабраць лясны ўраджай

Як паведаміў галоўны ляснічы Маладзечанскага лясгаса Андрэй Шыбека, цяпер у самым разгары сезон збору шышак з соснаў і елак. Нарыхтаваць пасяўны матэрыял хвойных парод трэба да вясны, пакуль шышкі не раскрыліся і насенне з іх не высыпалася. Ураджай збіраецца толькі са спелых і здаровых дрэў. Каб вызначыць такія, на працягу года вядуцца феналагічныя назіранні. Збіраюцца шышкі на тых дзялянках, якія прызначаны пад высечку.

— Сасна прыносіць багаты ўраджай раз у тры гады, елка – раз у пяць-сем гадоў, — працягвае спецыяліст. – Гэту акалічнасць лесаводы ўлічваюць. Нарыхтаваныя шышкі адвозяцца ў рэспубліканскі лясны селекцыйна-насенняводчы цэнтр. Там іх сартуюць, сушаць, насенне лушчаць і ачышчаюць. Захоўваюць насенны матэрыял у спецыяльных халадзільніках.

На дзялянцы працуе манеўраны трактар «Беларус».

Вясной неабходная колькасць насення высяваецца ў лясным гадавальніку лясгаса. Вырашчаныя там маладыя дрэўцы пастаўляюцца, у тым ліку, на экспарт. Сёлета паступіла шмат заказаў з лясгасаў Гомельскай вобласці. Задаволіць іх – адна з прыярытэтных задач лесаводаў Маладзечаншчыны.

Андрэй Шыбека адзначыў, што ў Маладзечанскім лясгасе закладзена спецыяльная лесанасенная плантацыя. Насенне для яе было сабрана з дрэў з палепшанымі генетычнымі якасцямі. Акрамя таго, былі выкарыстаны элітныя падвоі. Першы ўраджай з плантацыі плануецца сабраць праз дзесяць гадоў.

Работа на дзялянцы кіпіць.

Парадак наводзіцца, маніторынг праводзіцца

— Такія мерапрыемствы, як ахова лясных масіваў, догляд насаджэнняў, навядзенне парадку на ўчастках уздоўж дарогі і каля населеных пунктаў, праводзяцца ў лясгасе круглы год, — нагадаў Андрэй Шыбека. – А зімой для гэтага нават больш магчымасцей. Напрыклад, лягчэй выявіць браканьераў, бо яны пакідаюць выразныя сляды на снезе. Таксама па слядах бачна, з якой вёскі ці садовага таварыства ў лес было вынесена або вывезена смецце.

На дзялянцы Андрэй Шыбека (трэці злева) і работнікі Гарадоцкага лясніцтва.

Субяседнік зазначыў, што для аховы ляснога фонду ў лясгасе выкарыстоўваецца 16 мабільных камер фотафіксацыі. Устанаўліваюцца яны ў месцах, дзе парушэнні экалагічнага заканадаўства найбольш верагодныя. У распараджэнні лясной аховы ёсць і квадракоптар. Рэгулярна праводзяцца рэйды з удзелам прадстаўнікоў экалагічнай інспекцыі, іншых арганізацый. Прафілактычныя меры даюць вынік. Сёлета незаконных высечак елкі і сасны на тэрыторыі раёна зафіксавана не было.

— Мясцовыя жыхары маюць права купіць для сваіх патрэб лес на корані і самастойна нарыхтаваць яго. Многія такой магчымасцю карыстаюцца. Задача работнікаў лясніцтваў – аформіць адпаведную заяўку, паказаць канкрэтныя дрэвы і пракантраляваць, каб нарыхтоўка вялася правільна. Часта такія заяўкі паступаюць менавіта ў зімовы перыяд, — дадаў галоўны ляснічы.

Вецер наламаў дроў

Каб паназіраць за работай лесаводаў непасрэдна на дзялянцы, мы адправіліся ў Гарадоцкае лясніцтва. На ўскрайку лесу кіпела работа. Леснікі распілоўвалі паваленыя дрэвы, зносілі ў кучы галіны. Манеўраны «Беларус» траляваў лес. Тут жа стаялі мяшкі з шышкамі. Сустрэў нас ляснічы Максім Пахомчык.

Перад тралёўкай ствол ачышчаюць ад галін.

Адзначым, што Максім Юр’евіч — малады спецыяліст. Нарадзіўся ён у Вілейцы, з дзяцінства любіў лес, марыў працаваць у лясной гаспадарцы. Гэта і прадвызначыла яго жыццёвы шлях. Вышэйшую адукацыю ляснічы атрымаў у Беларускім дзяржаўным тэхналагічным універсітэце. Маладзечанскі лясгас выдзеліў яму жыллё. У вольны час малады чалавек захапляецца спортам — лыжамі і валейболам, удзельнічае ў галіновых спартакіядах.

— Нядаўні ветравал закрануў і Гарадоцкае лясніцтва, — увёў нас у курс спраў Максім Пахомчык. – Усяго былі пашкоджаны два ўчасткі лесу. На адным з іх на плошчы паўгектара прайшла суцэльная санітарная высечка. Было нарыхтавана каля 140 кубаметраў драўніны. Вясной там будзе высаджаны новы лес. Цяпер распрацоўваецца яшчэ адна лесасека, на якой мы і знаходзімся. Высечка тут выбарачная. Плануем нарыхтаваць на ўчастку каля 70 «кубоў». Увогуле, значных страт прыродная стыхія не нанесла. Усе паваленыя дрэвы будуць выкарыстаны ў якасці дроў або дзелавой драўніны.

Рабочы рыхтуе ствол да тралёўкі.

Субяседнік дадаў, што адначасова з санітарнай высечкай вядзецца нарыхтоўка шышак. Дрэвы ўсё роўна павалены, а збіраць яловы ўраджай з зямлі нашмат больш зручна. Такім чынам, расліны, якія загубіў вецер, дадуць пачатак новым лясным масівам у Беларусі, а магчыма, і за яе межамі.

— Калектыў лясніцтва дружны, зладжаны, — сказаў Максім Пахомчык. – Свае абавязкі людзі ведаюць, працаваць з імі прыемна. Мне як маладому спецыялісту гэта асабліва важна. Добрымі памочнікамі і дарадчыкамі з’яўляюцца майстры лесу Юрый Сіцько і Ілья Бабёр. Выдатна працуюць ляснік Віталій Габруковіч, трактарыст Дзмітрый Лобач, іншыя спецыялісты. З такім калектывам па сілах выканаць любыя задачы.

Моцны вецер вывернуў з зямлі елку (у гэтых дрэў паверхневая каранёвая сістэма, таму яны найбольш церпяць ад ветравалу).

У ТЭМУ
Сёлета ў лясных гаспадарках Мінскай вобласці плануецца сабраць больш за 150 тон шышак (у тым ліку 124 тоны сасновых і 27 — яловых). Асабліва паспяхова нарыхтоўка вядзецца ў Вілейскім, Бярэзінскім і Маладзечанскім раёнах. Летась у цэнтральным рэгіёне было нарыхтавана больш за 370 тон прыроднага матэрыялу, з якога атрымалі 3117 кілаграмаў насення для вырошчвання сасны і 1120 кілаграмаў – елкі (інфармацыя БелТА).

Алег БЯГАНСКІ.
Фота: Аляксей ПЛАТКО.