— Лес – каштоўны эканамічны, экалагічны і рэкрэацыйны рэсурс, які патрабуе беражлівых адносін, — адзначыў Андрэй Мікалаевіч. – На Маладзечаншчыне лясная гаспадарка вядзецца па навуковых прынцыпах з улікам перадавога вопыту. Яна ўключае лесааднаўленне, лесакарыстанне, ахову і абарону лясных насаджэнняў, іншыя мерапрыемствы.
Субяседнік падкрэсліў, што прадукцыя лесаводства (у тым ліку драўніна) запатрабаваная ў народнай гаспадарцы. Вось чаму ў лясгасах рэгулярна праводзяцца высечкі. Патрэбны яны і для аднаўлення лясных абшараў, а таксама аховы лесу. На месцы, дзе дрэвы былі высечаныя, высаджваюцца маладыя лясныя культуры.
— Дзейнасць лесаводаў і аграрыяў у нечым падобная, — зазначыў Андрэй Шыбека. – Калі работнікі сельскай гаспадаркі збіраюць ураджай кожны год, то для «выспявання» лясных культур патрабуюцца дзесяцігоддзі. Узрост спеласці сасны, напрыклад, складае 90 гадоў. Пасля гэтага надыходзіць час збору ўраджаю. Дарэчы, у раёне захоўваюцца і ўчасткі пераспелага лесу. Робіцца гэта, калі масівы маюць вялікае экалагічнае значэнне (напрыклад, уваходзяць у водаахоўную зону).
Лясістасць Маладзечаншчыны складае 34 працэнты ад агульнай плошчы раёна. За апошнія 20 гадоў яна павялічылася на 1,5 тысячы гектараў. Асноўная лесаўтваральная парода ў раёне – сасна.
— У нашай краіне ў кожнай лесагаспадарчай арганізацыі раз у дзесяць гадоў праходзіць інвентарызацыя ляснога фонду, — працягвае субяседнік. – Па яе выніках для кожнага лясгаса даводзіцца аб’ём высечак (асноўных і прамежкавых). Для Маладзечанскага ён вызначаны ў памеры 115 тысяч кубаметраў на год (раней было 70 тысяч). Павелічэнне адбылося з-за таго, што змянілася структура дрэвастою. Узросту спеласці дасягнулі вялікія ўчасткі лесу.
Як паведаміў Андрэй Мікалаевіч, Маладзечанскі лясгас мае міжнародны сертыфікат Ляснога апякунскага савета «Forest Stewardship Council» (FSC). Наяўнасць дакумента пацвярджае, што лясная гаспадарка на Маладзечаншчыне вядзецца ў строгай адпаведнасці з экалагічнымі стандартамі, а прадукцыя з’яўляецца якаснай і бяспечнай. Пры гэтым улічваюцца інтарэсы мясцовага насельніцтва. Падобная сертыфікацыя добраахвотная. Праводзіцца яна штогод. Выкананне патрабаванняў кантралююць незалежныя эксперты.
Трэба адзначыць, што сертыфікацыя FSC гарантуе павышэнне прадукцыйнасці і ўзроўню арганізацыі працы, дапамагае выявіць і ліквідаваць недахопы ў лясной гаспадарцы, павялічыць прадукцыйнасць лясоў і забяспечыць устойлівасць лесакарыстання.
У канцы размовы Андрэй Шыбека заклікаў жыхароў горада і раёна берагчы лес, ашчадна ставіцца да лясных рэсурсаў. Жадаючыя могуць стаць удзельнікамі «Тыдня лесу», іншых рэспубліканскіх акцый і ўнесці свой уклад у захаванне і прымнажэнне прыроднай спадчыны.
Тэкст і фота: Алег БЯГАНСКІ.