Знаходзіцца помнік прыроды мясцовага значэння «Лясныя культуры з удзелам піхты белай» ля вёскі Забалацце. Яго плошча складае два гектары. Тэрыторыя мае ахоўны статус каля дзесяці гадоў. Участак лесу, дзе расце піхта, агароджаны.
«Бацькі» маладзечанскіх піхт паходзяць з Белавежскай пушчы. Усяго ў самым старажытным лесе Еўропы, які захаваўся да нашага часу, налічваецца 19 дарослых дрэў гэтага віду і некалькі маладых. Усе маладзечанскія піхты маладыя. Расліна занесена ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь.
Як адзначыў начальнік раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Уладзіслаў Чарноў, Маладзечаншчына з’яўляецца адным з лідараў цэнтральнага рэгіёна па колькасці асабліва ахоўных прыродных тэрыторый. Іх у раёне больш за дваццаць. Яны ахопліваюць усе прыродныя ландшафты. Дзякуючы такому падыходу эфектыўна захоўваецца прыродная спадчына.
Тэкст і фота: Алег БЯГАНСКІ.