-- Маладзечанскі раён адзін з найбольш урбанізаваных і густанаселеных у Мінскай вобласці, -- зазначыў Уладзіслаў Віктаравіч. -- Яго тэрыторыя падвяргаецца вялікай антрапагеннай нагрузцы. У раёне дзейнічаюць шматлікія прамысловыя, будаўнічыя, сельскагаспадарчыя прадпрыемствы, развіта транспартная сетка. Таму пытанням аховы навакольнага асяроддзя надаецца асаблівая ўвага.
Субяседнік паведаміў, што адным з асноўных напрамкаў захавання прыроды з’яўляецца кантроль за выкананнем ахоўнага рэжыму ў існуючых і стварэнне новых асабліва ахоўных прыродных тэрыторый. Усяго ў раёне 22 заказнікі і помнікі прыроды мясцовага значэння, адзін помнік прыроды рэспубліканскага значэння (вяз у вёсцы Талуі). Намечана стварэнне заказніка на месцы ўпадзення Ушы ў Вілію. Пад ахову запланавана ўзяць бор ля Верадова, купалаўскія дубы недалёка ад мемарыяльнага запаведніка «Вязынка» і гэтак далей.
Акрамя таго, ахоўны статус прысвойваецца месцам рассялення раслін і жывёл, занесеных у Чырвоную кнігу. Сярод такіх месцаў участак, дзе расце карэльская бяроза, пасяленні барсукоў (на тэрыторыі Маладзечаншчыны такіх некалькі), зімародкаў, іншых «чырванакніжнікаў».
Адметна, што ў раён вяртаюцца дзікія насельнікі, якія раней жылі на гэтай тэрыторыі, а затым былі выцесненыя чалавекам. Так, на Маладзечаншчыне пастаянна пасялілася рысь (яна нават трапіла ў «фотапастку»). Мясцовыя жыхары неаднаразова заўважалі мядзведжыя сляды. Домам для дзікіх жывёл і раслін становяцца былыя тарфяныя распрацоўкі. Прыродныя экасістэмы на іх паступова аднаўляюцца. Узровень грунтавых вод стабілізуецца. Васькаўскае вадасховішча і вадаём ля вёскі Сычавічы былі штучна заселены вузкапалымі ракамі.
-- На Маладзечаншчыне выяўлены значныя радовішчы падземных вод, -- падкрэсліў Уладзіслаў Чарноў. -- Адно з найбольш вялікіх у раёне Вязынкі. Для рэальнага сектара эканомікі важна наяўнасць радовішчаў прыродных будаўнічых матэрыялаў. Недапушчэнне парушэння экалагічнага балансу пры эксплуатацыі гэтых радовішчаў і кантроль за рэкультывацыяй зямель -- таксама важная задача райінспекцыі па ахове прыроды. А яшчэ для падтрымання экалагічнай раўнавагі ў раёне вядзецца барацьба з інвазіўнымі відамі раслін.
Субяседнік звярнуў увагу, што сёлета дэвіз Дня аховы навакольнага асяроддзя: «Бой пластыкаваму забруджванню». Справа ў тым, што рацыянальнае абыходжанне з другаснымі матэрыяльнымі рэсурсамі не толькі паляпшае экалагічную абстаноўку, але і садзейнічае павышэнню эфектыўнасці народнагаспадарчага комплексу. Раздзельны збор цвёрдых бытавых адходаў -- адзін са спосабаў вырашэння праблемы пластыку. На Маладзечаншчыне ён актыўна практыкуецца.
-- Важнае значэнне ў захаванні прыроднай спадчыны мае маніторынг стану навакольнага асяроддзя, -- паведаміў Уладзіслаў Віктаравіч. -- Праводзіцца ён рэгулярна, у тым ліку з выкарыстаннем авіяцыі. Асноўныя віды парушэнняў, што выяўляюцца на тэрыторыі раёна, -- няправільнае абыходжанне з адходамі, незаконная высечка лесу, забруджванне паверхневых вод і атмасфернага паветра. З пачатку года ў адносінах да парушальнікаў складзена пяць адміністрацыйных пратаколаў на суму 11,1 тысячы рублёў, вынесена 17 папярэджанняў.
Эколаг падкрэсліў, што ўдзел у захаванні і прымнажэнні прыроднай спадчыны можа прыняць кожны жыхар раёна. На Маладзечаншчыне праводзяцца такія тэматычныя акцыі як «Тыдзень лесу», «Чысты вадаём», «Дзень Зямлі», «Дзень без аўтамабіля» і гэтак далей. Вядзецца экалагічная асвета. Дзякуючы прыродным славутасцям павышаецца турыстычная прывабнасць нашай малой радзімы.
Увага! Пра факты парушэння прыродаахоўнага заканадаўства можна паведамляць у райінспекцыю прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя па тэлефоне 8-029-870-44-70 (Viber).
Алег БЯГАНСКІ.
Фота: АЎТАР, архіў МАЛАДЗЕЧАНСКАЙ РАЙІНСПЕКЦЫІ ПРЫРОДНЫХ РЭСУРСАЎ І АХОВЫ НАВАКОЛЬНАГА АСЯРОДДЗЯ.