Новости Молодечно и Молодечненского района

На Маладзечаншчыне ля Радашковічаў есць штучны кратар і каменны дыназаўр

  • 2020-12-10 09:16:25
  • Алег Бяганскі

Па маштабах распрацовак карысных выкапняў ён не ўступае самым буйным гігантам здабываючай галіны Еўропы. За год прадпрыемства пастаўляе заказчыкам каля паўмільёна тон мытага пяску, пясчана-гравійнай сумесі, шчэбню і жвіру. Матэрыял ідзе на будаўніцтва і рамонт дарог (у тым ліку чыгуначных магістраляў), вытворчасць бетону, пясчана-саляной сумесі і гэтак далей.

Цікава, што валуны для рэканструкцыі знакамітага Крэўскага замка здабылі менавіта ў гэтым кар’еры. Мясцовае паходжанне мае таксама камень, нядаўна ўстаноўлены ля будынка Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь. У кар’еры можна ўбачыць і мноства акамянелых ракавінак. Гэтыя малюскі насялялі старажытны вадаём, на дне якога назапашваліся мінеральныя адкладанні.

— Прадпрыемства дзейнічае на базе Радашковіцкага радовішча будаўнічых матэрыялаў, якое было адкрыта ў 50-я гады мінулага стагоддзя, — гаворыць маркшэйдар (горны майстар) Дзмітрый Макееў. – Запушчана яно ў 1963 годзе. За час эксплуатацыі глыбіня кар’ера дасягнула прыкладна 40 метраў (што адпавядае вышыні 13-павярховага дома). Плошча склала больш за 70 гектараў. Тут працуе магутная тэхніка:кар’ерныя самазвалы, экскаватары, розныя пагрузчыкі...

Майстар расказаў пра тэхналогію распрацоўкі радовішча. Спачатку экскаватары здабываюць пароду, якую самазваламі адвозяць у прыёмны бункер. Адтуль сыравіна паступае на «грохаты» (вібрацыйныя сіты для раздзялення сыпучых матэрыялаў). Потым кампаненты праходзяць далейшае ачышчэнне і сартаванне. Гатовая прадукцыя вывозіцца па чыгунцы. Дарэчы, у Беларусі не так шмат кар’ераў, якія маюць уласную чыгуначную ветку.

Адзін з участкаў кар’ера выведзены з эксплуатацыі. Там знаходзіцца вельмі цікавы аб’ект, ля якога турысты любяць фатаграфавацца. Гэта кангламерат ледавіковага паходжання — помнік геалагічнай гісторыі нашага краю, які за незвычайную форму атрымаў назву «дыназаўр». Ён уяўляе сабой шматтонную глыбу маналітна спрасаваных камянёў і пяску. Гэта ўтварэнне сотні тысяч гадоў таму прынёс у наш край са Скандынавіі ледавік. Пад’ехаць да кангламерату можна з боку вёскі Валодзькі. Доступ у выведзены з эксплуатацыі ўчастак кар’ера свабодны.

***

Па інфармацыі начальніка раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Уладзіслава Чарнова, на Маладзечаншчыне распрацоўваецца каля 10 радовішчаў карысных выкапняў. У нашым раёне ёсць залежы будаўнічых матэрыялаў, падземных вод, захаваліся ўчасткі тарфяных балот (некаторыя балотныя ландшафты ўзятыя пад ахову).

Багаццю прыродных рэсурсаў садзейнічаюць асаблівасці геалагічнага развіцця тэрыторыі і яе рэльеф. Аднак ставіцца да прыроднай спадчыны трэба беражліва. За нанясенне шкоды расліннаму, жывёльнаму свету, водным рэсурсам, нетрам наступае адміністрацыйная або крымінальная адказнасць.

Тэкст і фота: Алег БЯГАНСКІ.