Новости Молодечно и Молодечненского района

Каварны баршчэўнік не дае расслабіцца

  • 2023-07-19 05:49:22
  • Алег Бяганскі

-- Авіяманіторынг -- адзін з метадаў кантролю стану навакольнага асяроддзя, -- адзначыў начальнік Маладзечанскай раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Уладзіслаў Чарноў. -- Ён дазваляе хутка абследаваць вялікую тэрыторыю, выявіць факты забруджання прыродных экасістэм, незаконнай здабычы карысных выкапняў, ацаніць пажарную небяспеку, эфектыўнасць барацьбы з інвазіўнымі відамі раслін і гэтак далей.

Субяседнік паведаміў, што экалагічныя аблёты ажыццяўляюцца ў раёне прыкладна кожныя дзесяць дзён. Дзякуючы гэтаму сітуацыя адсочваецца ў дынаміцы. Як вынікае з назіранняў, пасля дажджоў на некаторых участках баршчэўнік «ажывіўся» і інтэнсіўна пайшоў у рост. Пры гэтым на большасці арэалаў яго распаўсюджання была праведзена хімічная праполка.

-- У неспрыяльных умовах у баршчэўніку пад зямлёй могуць утварацца спячыя атожылкі, на якія хімічная апрацоўка не дзейнічае, -- растлумачыў спецыяліст. -- Яны і даюць пачатак новай расліне. Таму вельмі важна адсочваць сітуацыю і там, дзе трэба, праводзіць паўторную хімпраполку. Калі гэтага не рабіць, ядавітая расліна за некалькі гадоў зойме тэрыторыі, адкуль яе «прагналі».

Уладзіслаў Чарноў заклікаў суб’екты гаспадарання і жыхароў Маладзечаншчыны наводзіць парадак на сваіх землях. Звычайна баршчэўнік займае дзялянкі, якія не выкарыстоўваюцца ў гаспадарчай дзейнасці.

Неабходна паведамляць у райінспекцыю па ахове прыроды або ў сельвыканкамы пра новыя арэалы распаўсюджвання ядавітай расліны. Для барацьбы з ёю ў населеных пунктах і на землях агульнага карыстання выдзелена бюджэтнае фінансаванне. Увогуле, скаргаў на баршчэўнік сёлета менш, чым у мінулыя гады.

Алег БЯГАНСКІ.
Фота: інтэрнэт-рэсурсы.