04.02.2021 11:14

Хібы пад снегам не схаваеш

Такой снежнай зімы, як сёлета, у нашым краі даўно не было. Ландшафт пад белым покрывам выглядае стэрыльным. Аднак снежная коўдра можа хаваць смецце, розныя забруджвальнікі, у тым ліку шкодныя адходы вытворчасці. Вясной яны могуць трапіць у вадаёмы і атруціць навакольнае асяроддзе. Каб гэтага не здарылася, у раёне праводзяцца спецыяльныя рэйды. У адзін з іх мы адправіліся з начальнікам раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Уладзіславам Чарновым.

Снег пасля ўборкі вуліц вывозіцца з горада і складзіруецца на спецыяльнай пляцоўцы. Снег пасля ўборкі вуліц вывозіцца з горада і складзіруецца на спецыяльнай пляцоўцы.

Мэтай рэйду была праверка экалагічнага і санітарнага стану дзеючых палігонаў для захоўвання цвёрдых камунальных адходаў, аб’ектаў жывёлагадоўлі і камунальнай інфраструктуры. Увага звярталася на чысціню тэрыторый, стан пад’ездаў да іх, выкананне суб’ектамі гаспадарання экалагічнага заканадаўства…

Маршрут пралягаў праз Маладзечна, палігон недалёка ад горада, ачышчальныя збудаванні, вёску Краснае, палігон «Малашкі», пасёлак Чысць, водна-балотны заказнік мясцовага значэння «Чысць». Маршрут быў выбраны невыпадкова — антрапагенная нагрузка на ландшафт тут значная.

Палігон ЦКА «Малашкі» знаходзіцца недалёка ад вёскі Краснае.

На гарадскі палігон спецыяльная тэхніка пад’язджала пастаянна. Перад заездам на тэрыторыю аўтамабілі ўзважваюць, як і на зваротным шляху, затым па серпанціне яны паднімаюцца на вышыню 4-5-павярховага дома.

— Штогод на гэты палігон вывозіцца каля 40 тысяч тон адходаў, — паведаміў Уладзіслаў Віктаравіч. – Магчымасці пляцоўкі для іх прыёму амаль вычарпаныя. Таму плануецца ўвесці ў эксплуатацыю новы палігон недалёка ад дзеючага.

Уладзіслаў Чарноў паказвае месца будучага палігона ЦКА.

Наведалі мы і рэкультываваны палігон цвёрдых камунальных адходаў. Нават не верыцца, што тут іх пахаваныя дзясяткі тысяч тон. Тэрыторыя добраўпарадкаваная. Тут высаджаны пенсільванскі ясень. Гэта парода дрэў надзвычай устойлівая да антрапагеннага ўздзеяння.

Уладзіслаў Чарноў адзначыў, што раней на Маладзечаншчыне цвёрдыя камунальныя адходы вывозілі прыкладна на 70 міні-палігонаў і тры вялікія. Значныя тэрыторыі былі выведзены з гаспадарчага абароту, існавала магчымасць забруджвання грунтавых вод. Таму было прынята рашэнне прымаць ЦКА толькі ў двух месцах, пры гэтым мець яшчэ рэзервовую пляцоўку на міні-палігоне «Барок».

У выніку экалагічная бяспека жыхароў раёна павысілася. Былыя палігоны рэкультываваныя і засаджаны лесам. На дзеючых вядзецца строгі экалагічны кантроль. Праз назіральныя свідравіны адсочваецца стан грунтавых вод. На палігонах працуе спецыяльная тэхніка.

Эколаг нагадаў, што жыхары Маладзечаншчыны і суб’екты гаспадарання павінны выконваць правілы абыходжання з другаснымі матэрыяльнымі рэсурсамі. Трэба раздзяляць адходы, збіраць кожны від у асобны кантэйнер. Усе магчымасці для гэтага ў горадзе і раёне створаны.

У час наведвання ачышчальных збудаванняў спецыялісты расказалі, што вялікія маразы не паўплывалі на «вытворчасць» чыстай вады, якая вяртаецца ў экасістэму. Дарэчы, цікава было назіраць за сотнямі вадаплаўных птушак на незамярзаючых сажалках-адстойніках, дзе зімуюць многія з іх. Такія «прытулкі» дапамагаюць качкам, лебедзям, іншым птушкам, якія не паляцелі ў вырай, перажыць халодны перыяд.

На незамярзаючых сажалках-адстойніках зімуюць сотні птушак.

Што тычыцца агледжаных аб’ектаў жывёлагадоўлі, на іх у час рэйду не было выяўлена значных недахопаў. Гной з тэрыторыі ферм своечасова выдаляўся. Арганічныя сцёкі пад снегам не цяклі. Не выклікаў асаблівых нараканняў і стан аб’ектаў камунальнай інфраструктуры. Аднак па фактах выяўленых парушэнняў экалагічнага заканадаўства адказныя асобы атрымаюць прадпісанні.

Водна-балотны заказнік «Чысць» утвораны ў міжрэччы Рыбчанкі і Верадоўкі. Ён уключае выпрацаванае тарфяное радовішча «Чысць» і ўрочышча «Вялікі Бор». Балоты аказваюць значны ўплыў на экасістэму. Яны стабілізуюць узровень грунтавых вод, змякчаюць мікраклімат. На тэрыторыі заказніка расце 430 відаў папарацей, хвашчоў, хваёвых і кветкавых раслін. У час рэйду мы ўбачылі, што асабліва ахоўная тэрыторыя не падвяргаецца шкоднаму антрапагеннаму ўздзеянню.

— Зіма — асаблівы перыяд у рабоце народнагаспадарчага комплексу, — падкрэсліў Уладзіслаў Чарноў. – Хібы, дапушчаныя ў гэты час (засмечванне тэрыторыі, паломка ачышчальных сістэм, парушэнне тэхпрацэсаў…), могуць прывесці да вялікіх негатыўных наступстваў для прыроды і чалавека. Прычым праявіцца яны могуць толькі праз пэўны час. Пра гэта павінны ведаць адказныя асобы суб’ектаў гаспадарання.

***
Жыхары Маладзечаншчыны і суб’екты гаспадарання павінны выконваць правілы абыходжання з другаснымі матэрыяльнымі рэсурсамі.
Трэба раздзяляць адходы, збіраць кожны від у асобны кантэйнер.

Тэкст і фота: Алег БЯГАНСКІ.

Прочитано 439 раз
Алег Бяганскі

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.