04.07.2022 9:16

Баршчэўнік: сітуацыя ў раёне кантралюемая

У спякотнае, сонечнае надвор’е баршчэўнік Сасноўскага ўяўляе найбольшую небяспеку. Пад уздзеяннем ультрафіялетавых прамянёў сок расліны, які трапіць на адкрытыя ўчасткі цела, выклікае гіперадчувальнасць скуры да сонечнага святла. Такія апёкі доўга не зажываюць. Але менавіта ў гарачыя дні зялёны агрэсар сам найбольш уразлівы. Гэтым карыстаюцца спецыялісты.

Уладзіслаў Чарноў паказвае, якім вырас баршчэўнік. Уладзіслаў Чарноў паказвае, якім вырас баршчэўнік.

Разам з начальнікам Маладзечанскай раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Уладзіславам Чарновым мы праехалі па раёне і ацанілі эфектыўнасць мер па барацьбе з баршчэўнікам. Маршрут пралягаў праз Лебедзева, Маркава, Беніцу, Гарадзілава, Беразінскае, Цюрлі, іншыя населеныя пункты.

Уздоўж дарог большасць участкаў, дзе расце ядавіты агрэсар, былі апрацаваны спецыяльнымі прэпаратамі. У выніку баршчэўнік там высыхаў. Жоўты колер раслін рэзка кантраставаў з зелянінай суседніх участкаў. Аднак часам у поле зроку траплялі здаровыя расліны (некаторыя ў стадыі цвіцення).
— Знішчаць баршчэўнік трэба на працягу ўсяго перыяду вегетацыі, — адзначыў Уладзіслаў Віктаравіч. — Аднак найбольш эфектыўна гэта рабіць да цвіцення расліны. Тады яна пазбаўляецца шанцу «выпусціць» у наваколле дзясяткі тысяч насення і заразіць вялікія плошчы.

Эколаг паведаміў, што сёлета на барацьбу з «зялёным агрэсарам» паўплывала надвор’е. Вясновыя дажджы не дазволілі масава правесці хімічную апрацоўку ў аптымальныя для гэтага тэрміны. Каб прэпарат спрацаваў максімальна эфектыўна, яго кантакт з раслінай павінен быць як мага больш працяглым. Таму на апрацоўку заставалася мала часу. Сітуацыя выпраўляецца ў апошнія тыдні.

— Баршчэўнік — расліна шматгадовая, — нагадаў Уладзіслаў Чарноў. – Яго каранёвая сістэма і насенне ў глебе могуць перажыць хімічную апрацоўку. Тады на наступны год або нават праз некалькі гадоў рост баршчэўніку на апрацаваным участку можа аднавіцца. Вось чаму важна своечасова выяўляць месцы вырастання атрутнага пустазелля і знішчаць расліны.

Як падкрэсліў субяседнік, уладальнікі зямельных участкаў і землекарыстальнікі павінны прымаць меры па недапушчэнні распаўсюджвання баршчэўніку. Дачнікі і гаспадары прысядзібных участкаў могуць знішчыць расліны асабіста. Для гэтага трэба рыдлёўкай спачатку абсекчы лісце, а затым выкапаць расліну (пры гэтым нельга грэбаваць мерамі асабістай аховы).

Што тычыцца зямель агульнага карыстання, інфармацыю аб месцах вырастання баршчэўніку неабходна паведаміць у мясцовы сельвыканкам або ў раённую інспекцыю прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Адпаведныя меры абавязкова будуць прынятыя.

— На працягу апошніх гадоў на барацьбу з баршчэўнікам Сасноўскага ў раёне штогод выдаткоўваецца 20 тысяч рублёў (па 10 тысяч з раённага і абласнога бюджэтаў), — дадаў начальнік райінспекцыі па ахове прыроды. — Грошы прызначаны для выкаранення «зялёнага агрэсара» на землях агульнага карыстання. Суб’екты гаспадарання выконваюць адпаведную работу за свой кошт. Вядуць апрацоўку засмечаных участкаў спецыялісты Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. У іх ёсць усё неабходнае абсталяванне.

Уладзіслаў Чарноў зазначыў, што сітуацыя з распаўсюджваннем баршчэўніку ў раёне кантралюемая. Дзякуючы прымаемым мерам плошча арэалаў расліны з кожным годам памяншаецца. Сярод найбольш буйных перамог — «адваяваныя» ў «зялёнага агрэсара» ўчасткі на месцы былога саду ля Хажова, а таксама тэрыторыя ля Лешны, Слабодкі і іншых вёсак.

Тэкст і фота: Алег БЯГАНСКІ.

Прочитано 210 раз
Алег Бяганскі

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.