06.06.2022 10:00

Рассяляем ракаў, зберагаем барсукоў і садзім кветкі

5 чэрвеня адзначаецца Сусветны дзень аховы навакольнага асяроддзя. У сувязі з гэтай датай начальнік Маладзечанскай раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Уладзіслаў Чарноў расказаў, як у раёне захоўваецца жывёльны і раслінны свет, а таксама натуральныя экасістэмы.

Прадстаўнікі райінспекцыі па ахове прыроды і Маладзечанскай міжраённай лабараторыі аналітычнага кантролю добраўпарадкоўваюць адзін з гарадскіх сквераў. Прадстаўнікі райінспекцыі па ахове прыроды і Маладзечанскай міжраённай лабараторыі аналітычнага кантролю добраўпарадкоўваюць адзін з гарадскіх сквераў.

Уладзіслаў Віктаравіч адзначыў, што Маладзечаншчына адрозніваецца вялікай прыроднай разнастайнасцю. Гэта тым больш адметна, бо раён густанаселены, знаходзіцца паблізу ад сталіцы, мае высокі ўзровень эканамічнага патэнцыялу. Па колькасці асабліва ахоўных прыродных тэрыторый наш край адзін з лідараў у рэспубліцы. І пералік ахоўваемых аб’ектаў штогод павялічваецца.

Так, на Маладзечаншчыне размешчаны 22 заказнікі і помнікі прыроды мясцовага значэння (батанічныя, гідралагічныя, біялагічныя…). Летась статус помніка прыроды рэспубліканскага значэння атрымаў вяз-старажыл у вёсцы Талуі. Але гэта не ўсе багацці прыроднай спадчыны, узятыя пад ахову.
— У час шырокамаштабнай навуковай экспедыцыі ў раёне было выяўлена 11 мясцовых папуляцый чырванакніжнага шыракапалага рака, — зазначыў Уладзіслаў Чарноў. — Усе вадаёмы, якія насяляюць гэтыя жывёлы, набылі ахоўны статус. Акрамя таго, вядзецца перасяленне шыракапалых ракаў з нашага раёна ў іншыя. У выніку новыя папуляцыі з’явіліся на Навагрудчыне і Глыбоччыне.

У той жа час вучоныя ўстанавілі, што на Маладзечаншчыне не водзяцца даўгапалыя ракі (від, дазволены да здабычы). Было вырашана выправіць сітуацыю. Для гэтага водных насельнікаў ужо сёлета запусцяць у два вадаёмы раёна. Так узнікнуць дзве папуляцыі па 500 асобін кожная.
— У мінулым годзе пад ахову ўзяты ўчастак берагавой лініі, дзе гняздзяцца зімародкі, — працягвае субяседнік. — Гэта важна, бо птушкі ўнесены ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь. Ахоўны статус набудзе тэрыторыя, на якой пасялілася сям’я барсукоў (таксама чырванакніжны від). Ля вёскі Повязынь расце карэльская бяроза. Тэрыторыя папуляцыі гэтай рэдкай для Беларусі расліны сёлета перадаецца пад ахову.

Уладзіслаў Чарноў падкрэсліў, што прыродную спадчыну нельга захаваць без дапамогі насельніцтва. Таму інфармацыя, што паступае ад жыхароў горада і раёна, надзвычай важная. Акрамя таго, вялікае значэнне маюць экалагічная адукацыя, узаемадзеянне з рознымі арганізацыямі. Такая каардынацыя ў раёне наладжана. Праводзяцца сумесныя тэматычныя рэйды. Адбываецца маніторынг прыродных экасістэм (у тым ліку авіяманіторынг). Зніжаецца антрапагенная нагрузка на прыроду. Работа будзе працягвацца.

у ТЭМУ

На Маладзечаншчыне паспяхова вядзецца барацьба з чужароднымі відамі раслін. Толькі на знішчэнне баршчэўніку сёлета выдаткавана 20 тысяч рублёў (па 10 тысяч з раённага і абласнога бюджэтаў). Арэал «зялёнага агрэсара» пастаянна скарачаецца.

Летась у рамках развіцця «зялёнай энергетыкі» ў раёне былі запушчаны дзве ветра-энергетычныя ўстаноўкі. Гэта дазволіла знізіць забруджанне атмасферы шкоднымі выкідамі.

Рашэннем калегіі Мінпрыроды па выніках работы за 2021 год Маладзечанская інспекцыя прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя прызнана лепшай у рэспубліцы ў сваёй катэгорыі.

Уладзіслаў Чарноў па выніках работы за мінулы год прызнаны адным з лепшых спецыялістаў сістэмы Мінпрыроды. Яго імя занесена на Дошку гонару прыродаахоўнага ведамства.

Алег БЯГАНСКІ.
Фота: архіў МАЛАДЗЕЧАНСКАЙ ІНСПЕКЦЫІ ПРЫРОДНЫХ РЭСУРСАЎ І АХОВЫ НАВАКОЛЬНАГА АСЯРОДДЗЯ.

 

Прочитано 317 раз
Алег Бяганскі

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.