30.11.2021 16:36

Вінаваты не сабака, а гаспадар

Чытачка нашай газеты Зінаіда Пятрова ўзняла пытанне выгулу сабак на тэрыторыі цэнтральнага парку ў нашым горадзе.

Брыгадзір рабочых зялёнага будаўніцтва Андрэй Калеснікаў паказвае адну з шыльдаў з інфармацыяй пра забарону на выгул сабак. Брыгадзір рабочых зялёнага будаўніцтва Андрэй Калеснікаў паказвае адну з шыльдаў з інфармацыяй пра забарону на выгул сабак.

Жанчына расказала, што ў час прагулкі з дзецьмі па адной з алей сустрэла мужчыну з сабакам, які быў без павадка і намордніка. Хаця сябар чалавека быў настроены дружалюбна, але хто ведае, што можна чакаць ад жывёлы.

А яшчэ сабака прама на дарожцы «зрабіў сваю справу». На заўвагу жанчыны, што трэба прыбраць за сваім гадаванцам, гаспадар заявіў, што ён не абавязаны гэта рабіць.

— Я вельмі люблю наш парк, — сказала Зінаіда Пятрова. – Тут адпачываюць многія маладзечанцы. Абсалютная большасць наведвальнікаў паводзіць сябе культурна. Парк прыгожы ў любую пару года. Таму лічу, што яго нельга пераўтвараць у пляцоўку для выгулу сабак. А ўвогуле, справа тут не ў сабаках, а ў іх гаспадарах.

Сваім меркаваннем на гэты конт падзяліўся адказны за парк майстар участка дрэваапрацоўкі УП «Камунальнік» Васілій Жаркевіч. Ён нагадаў, што выгул сабак у парку забаронены. Шыльдачкі з адпаведнай інфармацыяй можна ўбачыць на ўсёй тэрыторыі парку. Гаспадары сабак перашкаджаюць адпачывальнікам. Да таго ж гадаванцы забруджваюць тэрыторыю. Некаторыя «сабачнікі» прыбіраюць за сваімі чатырохногімі сябрамі, а некаторыя — не. Тады гэта даводзіцца рабіць камунальнікам.

— Парк у любым выпадку будзе дагледжаны, — падкрэсліў майстар. – Мы адказна ставімся да сваёй работы. Але, на жаль, ёсць тыя, хто не паважае ні работнікаў парку, ні адпачывальнікаў. Заклікаю іх перагледзець свае паводзіны і браць да ўвагі інтарэсы іншых.

P.S. Любоў да жывёл станоўча характарызуе чалавека. Пры гэтым неабходна ўлічваць, што гарадская інфраструктура перш за ўсё накіравана на задавальненне патрэб людзей. Гадаванцам таксама павінна быць камфортна. Але не ва ўрон гараджанам. Вы з гэтым згодныя? Пішыце. Абмяркуем тэму на старонках «МГ».

Тэкст і фота: Алег БЯГАНСКІ.

Прочитано 458 раз
Алег Бяганскі

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.