Па лісічкі – у Лебедзеўскае лясніцтва
— Лясы на Маладзечаншчыне займаюць прыкладна 50 тысяч гектараў, — гаворыць Віталій Іванавіч. — Асноўная лесаўтваральная парода – сасна. Ёсць участкі, дзе пераважаюць елка, асіна, бяроза. Гаі і бары раёна багатыя на грыбы і ягады. Аднак ураджайнасць не ўсюды аднолькавая.
Субяседнік адзначыў, што грыбамі і ягадамі славіцца Лебедзеўскае лясніцтва. З поўнымі кошыкамі вяртаюцца таксама людзі, якія наведваюць ваколіцы Верадова, Турэц-Баяраў, Краснага, Гарадка, Хоўхлава, Васькаўскага вадасховішча. Павышаная прадукцыйнасць гэтых участкаў абумоўліваецца некалькімі фактарамі. Перш за ўсё, там у мінулыя гады інтэнсіўна праводзіліся санітарныя высечкі і нарыхтоўка драўніны, а потым быў пасаджаны малады лес. А грыбы і ягады аддаюць перавагу менавіта маладым пасадкам. На такіх дзялянках кроны дрэў не самкнутыя, сонечныя прамяні свабодна дасягаюць ляснога подсцілу. Увогуле, чым больш стары лес, тым менш у ім экалагічных ніш. Вось чаму на ціхае паляванне найлепш накіроўвацца ў маладыя насаджэнні.
Камбайн камбайну не роўны
Віталій Дземеш нагадаў, што пры зборы ягад дазваляецца выкарыстоўваць спецыяльныя прыстасаванні (так званыя камбайны). Пры гэтым яго корпус павінен быць выраблены з пластыку, дрэва або металу, а адлегласць паміж зубамі не павінна быць меншай за 0,5 сантыметра.
Спецыяліст падкрэсліў, што гэты год вельмі ўраджайны на дзікарослыя ягады (у прыватнасці, чарніцы). Нарыхтоўваюць іх па меры паспявання. А вось тэрмін збору брусніц і журавін рэгламентаваны.
Што тычыцца грыбоў, пры іх зборы нельга пераварочваць мох або перакопваць лясны подсціл, каб не пашкодзіць грыбніцу.
Ці «фаняць» ягады?
— У Маладзечанскім раёне пасля аварыі на ЧАЭС на тэрыторыі некалькіх лясных кварталаў адзначаўся павышаны ўзровень радыяцыі, — нагадаў намеснік дырэктара лясгаса. – Так было ў ваколіцах вёсак Шалыгі, Дзеразкі, Ермакі, Задварцы, Хоўхлава. Цяпер радыяцыйны фон у норме. Сітуацыя знаходзіцца на кантролі. Аднак памятаць пра радыенебяспеку трэба заўсёды.
Віталій Дземеш пералічыў грыбы і ягады, якія ў найбольшай ступені накопліваюць радыяцыю. Так, цэзій-137 інтэнсіўна акумулююць польскі грыб, маслёнак, махавік, грузд, сыраежка, брусніцы, буякі, журавіны, чарніцы.
— Лясны ўраджай трэба правяраць на ўтрыманне радыяцыі. Нават калі ён сабраны ў чыстых месцах, — падкрэсліў Віталій Іванавіч.
Давай пашумім!
Трэба памятаць, што некаторыя жывёлы, якія насяляюць лясы, могуць несці небяспеку. Той жа лось або алень здольныя пакалечыць ці нават забіць чалавека. Каб не выклікаць агрэсію ў жывёлы, трэба выконваць некаторыя правілы.
Віталій Дземеш параіў аматарам ціхага палявання апранацца ярка і паводзіць сябе шумна. У гэтым выпадку звер здалёк заўважыць чалавека і пакіне лясны ўчастак.
Аднак у кожнага правіла ёсць выключэнне. Шумець нельга вясной, калі птушкі выседжваюць птушанят. Калі іх спалохаць, яны могуць зляцець з гнязда і не вярнуцца.
Дарэчы, браць дадому птушанят і дзіцянят дзікіх жывёл не трэба. Калі яны адны, не факт, што ім пагражае небяспека.
Папярэдзіць пажары
— Сёлета ў пажаранебяспечны перыяд у лясах Маладзечаншчыны некалькі разоў дзейнічала забарона для наведвання, — зазначыў субяседнік. — Даведацца абстаноўку з наведваннем бароў і гаёў можна ў лясгасе. Адпаведная інфармацыя размешчана на інтэрактыўнай карце Міністэрства лясной гаспадаркі.
Віталій Дземеш нагадаў, што наведваць лясы забаронена пры 4-м і 5-м класах пажарнай небяспекі. Калі клас небяспекі 3-ці, знаходжанне ў іх абмяжоўваецца. Пры гэтым дапускаецца збор грыбоў і ягад, аднак забараняецца заязджаць у лес на транспартным сродку, выкарыстоўваць адкрыты агонь і іншае.
Першы і другі класы прадугледжваюць адмену абмежаванняў у час наведвання лясоў.
Назіранне за санітарным станам лясных угоддзяў і выкананне мер супрацьпажарнай бяспекі вядзецца, у тым ліку, з дапамогай камер фота- і відэафіксацыі.
— Збор грыбоў і ягад для асабістых патрэб у Беларусі бясплатны. Аднак людзі павінны выконваць экалагічнае заканадаўства, не наносіць шкоду лясной гаспадарцы, паважаць сябе і прыроду, — сказаў у заключэнне Віталій Дземеш.
Фота: АЎТАР, Аляксей ПЛАТКО.