На тэрыторыі нашай краіны сімвал наступнага года насяляе выключна Палессе. Від уключаны ў Чырвоную кнігу Беларусі. Колькасць папуляцыі белых сініц ацэньваецца ў 500-800 пар. Гэтыя птушкі славяцца як пеўчыя. Асноўныя пагрозы для белай сініцы – меліярацыя пойм палескіх рэк і забалочаных лясоў, веснавыя пажары ў поймах. Яшчэ адна пагроза – недахоп месцаў гнездавання з-за высечкі старых дрэў. Акрамя таго, шмат птушанят гіне ў гнёздах, якія недастаткова абароненыя ад драпежнікаў (у першую чаргу ў вёсках – ад катоў).
На працягу года арнітолагі будуць адлоўліваць і пазначаць белых сініц каляровымі кольцамі. Паназіраць за працэсам можна будзе ў Тураве на першай у Беларусі станцыі кальцавання.
Як паведамляе прэс-служба Нацыянальнага банка нашай краіны, у наступным годзе плануецца выпуск памятнай манеты, прысвечанай белай сініцы.
Падрыхтаваў Алег БЯГАНСКІ.
Фота: інтэрнэт-рэсурсы.