Новости Молодечно и Молодечненского района

Баршчэўнік: сітуацыя ў раёне кантралюемая

  • 2022-07-04 06:16:00
  • Алег Бяганскі

Разам з начальнікам Маладзечанскай раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Уладзіславам Чарновым мы праехалі па раёне і ацанілі эфектыўнасць мер па барацьбе з баршчэўнікам. Маршрут пралягаў праз Лебедзева, Маркава, Беніцу, Гарадзілава, Беразінскае, Цюрлі, іншыя населеныя пункты.

Уздоўж дарог большасць участкаў, дзе расце ядавіты агрэсар, былі апрацаваны спецыяльнымі прэпаратамі. У выніку баршчэўнік там высыхаў. Жоўты колер раслін рэзка кантраставаў з зелянінай суседніх участкаў. Аднак часам у поле зроку траплялі здаровыя расліны (некаторыя ў стадыі цвіцення).
— Знішчаць баршчэўнік трэба на працягу ўсяго перыяду вегетацыі, — адзначыў Уладзіслаў Віктаравіч. — Аднак найбольш эфектыўна гэта рабіць да цвіцення расліны. Тады яна пазбаўляецца шанцу «выпусціць» у наваколле дзясяткі тысяч насення і заразіць вялікія плошчы.

Эколаг паведаміў, што сёлета на барацьбу з «зялёным агрэсарам» паўплывала надвор’е. Вясновыя дажджы не дазволілі масава правесці хімічную апрацоўку ў аптымальныя для гэтага тэрміны. Каб прэпарат спрацаваў максімальна эфектыўна, яго кантакт з раслінай павінен быць як мага больш працяглым. Таму на апрацоўку заставалася мала часу. Сітуацыя выпраўляецца ў апошнія тыдні.

— Баршчэўнік — расліна шматгадовая, — нагадаў Уладзіслаў Чарноў. – Яго каранёвая сістэма і насенне ў глебе могуць перажыць хімічную апрацоўку. Тады на наступны год або нават праз некалькі гадоў рост баршчэўніку на апрацаваным участку можа аднавіцца. Вось чаму важна своечасова выяўляць месцы вырастання атрутнага пустазелля і знішчаць расліны.

Як падкрэсліў субяседнік, уладальнікі зямельных участкаў і землекарыстальнікі павінны прымаць меры па недапушчэнні распаўсюджвання баршчэўніку. Дачнікі і гаспадары прысядзібных участкаў могуць знішчыць расліны асабіста. Для гэтага трэба рыдлёўкай спачатку абсекчы лісце, а затым выкапаць расліну (пры гэтым нельга грэбаваць мерамі асабістай аховы).

Што тычыцца зямель агульнага карыстання, інфармацыю аб месцах вырастання баршчэўніку неабходна паведаміць у мясцовы сельвыканкам або ў раённую інспекцыю прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Адпаведныя меры абавязкова будуць прынятыя.

— На працягу апошніх гадоў на барацьбу з баршчэўнікам Сасноўскага ў раёне штогод выдаткоўваецца 20 тысяч рублёў (па 10 тысяч з раённага і абласнога бюджэтаў), — дадаў начальнік райінспекцыі па ахове прыроды. — Грошы прызначаны для выкаранення «зялёнага агрэсара» на землях агульнага карыстання. Суб’екты гаспадарання выконваюць адпаведную работу за свой кошт. Вядуць апрацоўку засмечаных участкаў спецыялісты Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. У іх ёсць усё неабходнае абсталяванне.

Уладзіслаў Чарноў зазначыў, што сітуацыя з распаўсюджваннем баршчэўніку ў раёне кантралюемая. Дзякуючы прымаемым мерам плошча арэалаў расліны з кожным годам памяншаецца. Сярод найбольш буйных перамог — «адваяваныя» ў «зялёнага агрэсара» ўчасткі на месцы былога саду ля Хажова, а таксама тэрыторыя ля Лешны, Слабодкі і іншых вёсак.

Тэкст і фота: Алег БЯГАНСКІ.