Новости Молодечно и Молодечненского района

Баршчэўнік нам не сябар

  • 2023-05-30 07:13:59
  • Алег Бяганскі

Па стане на канец мая на тэрыторыі Маладзечанскага раёна апрацавана большая частка месцаў, дзе расце баршчэўнік. Пра гэта паведаміў галоўны спецыяліст Маладзечанскай раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Сяргей Танана.

Сяргей Яўгеньевіч расказаў, што работы выконваюцца своечасова. Асноўная задача цяпер знішчыць атрутную расліну да таго, як пачнецца масавае яе цвіценне (адбудзецца гэта ў чэрвені). Калі на нейкім участку хімічны прэпарат спрацаваў недастаткова эфектыўна, ёсць час паўтарыць апрацоўку.

-- Хімічнай апрацоўкай баршчэўніку займаюцца супрацоўнікі пажарнага аварыйна-выратавальнага атрада, які базіруецца ў Маладзечне, -- адзначыў эколаг. -- Яны маюць адпаведныя навыкі і неабходнае абсталяванне. Іх задача -- правесці хімічную праполку на тэрыторыях агульнага карыстання, у тым ліку ў населеных пунктах. На гэтыя мэты з абласнога і раённага бюджэту выдзелена 19 тысяч рублёў. На тэрыторыях землекарыстальнікаў фінансуюць адпаведныя работы суб’екты гаспадарання.

Сяргей Танана акцэнтаваў увагу, што сітуацыя з баршчэўнікам на Маладзечаншчыне знаходзіцца пад кантролем. Дзякуючы прынятым мерам за апошнія пяць гадоў плошча арэалаў «зялёнага агрэсара» ў раёне зменшылася прыкладна ў тры разы. Добры прыклад эфектыўнай работы назіраецца на тэрыторыі Хажоўскага сельсавета. Асноўныя метады «ўтаймавання» непажаданага віду расліны -- хімічная апрацоўка і ўцягванне зямель у гаспадарчых абарот.

  -- Нягледзячы на тое, што баршчэўнік на Маладзечаншчыне страчвае свае пазіцыі, расслабляцца нельга, -- падкрэсліў субяседнік. -- Справа ў тым, што насенне расліны, калі трапляе ў глебу, захоўвае ўсходжасць на працягу некалькіх гадоў. Таму важна своечасова выяўляць месцы, дзе з’яўляецца «трава Геракла». Падказаць іх могуць мясцовыя жыхары. Інфармацыю неабходна паведамляць у сельвыканкамы.

Сяргей Танана пералічыў населеныя пункты, у ваколіцах якіх расце баршчэўнік. Сярод іх вёскі Сакі, Лешна, Румянцава, Канчаны, Беніца, аграгарадок Аляхновічы. У Маладзечне асобныя экзэмпляры сустракаюцца на тэрыторыі паміж вуліцамі Металістаў і Элеватарнай. Гэтыя ўчасткі на кантролі ў райінспекцыі па ахове прыроды. На іх хімічная праполка і іншыя меры барацьбы з інвазіўным відам абавязковыя.

 Эколаг нагадаў, што землекарыстальнікі, якія не выканалі прадпісанні па барацьбе з баршчэўнікам, прыцягваюцца да адказнасці. Спецыялісты раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя рэгулярна праводзяць тэматычныя маніторынгі, у тым ліку з выкарыстаннем авіяцыі. Каб цалкам вызваліць нашу зямлю ад зялёнага агрэсара, неабходныя супольныя намаганні жыхароў, суб’ектаў гаспадарання, органаў улады.

  У ТЭМУ. Баршчэўнік Сасноўскага не толькі выцясняе іншыя віды флоры і без належнага кантролю захоплівае вялікія тэрыторыі, але і пагражае здароўю чалавека, выклікаючы апёкі.

 Адна расліна дае тысячы насення. Па вадзе, ветры, на шэрсці жывёл і колах машын яны распаўсюджваюцца на дзясяткі кіламетраў. Баршчэўніку ўласцівы вельмі хуткі рост -- да 10 сантыметраў у вышыню за суткі. Апыляецца ён як з дапамогай насякомых, так і самастойна. Не баіцца маразоў і лёгка іх пераносіць.

Метады барацьбы з баршчэўнікам: скошванне, выкопванне расліны цалкам, укрыванне плёнкай, мульчыраванне, выпальванне, апрацоўка гербіцыдамі, узворванне. Пры правядзенні гэтых работ неабходна строга захоўваць меры бяспекі.

 Алег БЯГАНСКІ.

Фота: архіў МАЛАДЗЕЧАНСКАЙ РАЙІНСПЕКЦЫІ ПА АХОВЕ ПРЫРОДЫ.