Адкрыты агонь можа быць пад забаронай, напрыклад, на запаведных тэрыторыях, у іглічных маладняках, паблізу дрэў, на лесасеках, захламленых рэшткамі пасля высечкі, на тарфяніках і ўчастках з сухой травой, мохам, у лесапасадках, а таксама ў час сезоннай забароны на наведванне лясоў у сухое і гарачае надвор'е.
Размяшчаць вогнішчы дапускаецца на адлегласці не менш за 10 метраў ад будынкаў, 20 метраў ад лясных масіваў і 30 метраў ад скірдаў сена і саломы. Мангал павінен стаяць далей за 4 метры ад будынкаў і збудаванняў.
Пакідаючы месца адпачынку, абавязкова патушыце агонь вадой ці зямлёй. Не адыходзьцеся ад вогнішча, пакуль вуглі ня затухнуць.
Інспектар групы прапаганды і навучання Маладзечанскага ГРАНС Валянціна Сопат нагадала пра тое, што ў Кодэксе Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях ёсць артыкулы, якія тычацца пажарнай бяспекі, а таксама аб адказнасці за іх парушэнне.
Артыкул 15.29 «Парушэнне патрабаванняў пажарнай бяспекі ў лясах або на тарфяніках» (штраф да 50 б.в.).
Артыкул 15.57 «Выпальванне сухой расліннасці, траў на корані, а таксама ржышча і пажніўных рэшткаў на палях альбо непрыманне мер па ліквідацыі палаў» (штраф да 40 б.в.).
Артыкул 15.58 «Распальванне вогнішчаў у забароненых месцах» (штраф да 12 б.в.).
Штрафы за пэўныя парушэнні для юрыдычных асоб на парадак вышэйшыя.
ЛІЧБА.
У 2017 годзе на тэрыторыі Беларусі былі зарэгістраваныя 495 пажараў прыроднага характару. З іх 18 лясных, 13 тарфяных, 464 загарання травы.
У ГРАНС звярнуліся да жыхароў Маладзечанскага раёна: беражыце прыроду і не парушайце закон.
Па матэрыялах Маладзечанскага ГРАНС.