Новости Молодечно и Молодечненского района

Помощники спасателей праздновали день рождения БМООСП

  • 2017-10-20 11:52:20
  • Лилия Липницкая

У якасці гаспадароў выступаў клуб «Прымус», які функцыянуе на базе гімназіі №10 Маладзечна. Самыя актыўныя, вясёлыя і таленавітыя хлопцы і дзяўчаты прыехалі ў наш горад, каб адсвяткаваць дзень нараджэння Беларускай маладзёжнай грамадскай арганізацыі ратавальнікаў-пажарных і падвесці вынікі акцыі «Моладзь за бяспеку».

Тон мерапрыемству задаў рытмічны танец у жанры флэш-моба. А які ж дзень нараджэння без торта? Удзельнікам сустрэчы прадэманстравалі велізарны салодкі пачастунак і паабяцалі, што ўсім абавязкова дастанецца па кавалачку.

Кожнага, хто ў гэты дзень прыйшоў у парк, чакалі забаўляльныя зоны. Недалёка ад ратонды можна было адправіцца на водную прагулку на надзіманай маторнай лодцы, экіпіраваўшыся ў выратавальную камізэльку. Хапала жадаючых на хвілінку стаць героем – зайсці ў задымленае памяшканне (напоўненую дымам палатку), апрануўшы  цяжкую і нязручную амуніцыю ратавальніка, каску, маску і балон на сціснутым паветры. Сапраўдныя пажарныя запрашалі прымераць усе віды ахоўных касцюмаў і баявую форму. Нічога страшнага, што яна пакуль не па росце! Мамы з задавальненнем пстрыкалі камерамі мабільных тэлефонаў — калі яшчэ выпадзе ў сына ці дачкі шанц для такой арыгінальнай фотасесіі!

Павіншаваць з днём нараджэння БМГАРП прыехалі прадстаўнікі клуба байкераў. Усіх, хто цікавіцца тэхнікай, яны ахвотна ўсаджвалі ў скураныя крэслы сваіх жалезных коней. А ў небе над пляцоўкай лунаў квадракоптар. Як запусціць і прызямліць апарат, хлопчыкам і дзяўчынкам тлумачылі мала-
дзечанскія ратавальнікі. Спрытныя і кемлівыя, адолеўшы ўсе этапы квэсту «Ганарымся, што навучылі», атрымлівалі прызы.

Шаснаццаць — узрост адкрыццяў і росту

Гісторыя руху юных пажарных вядзецца з 30-х гадоў мінулага стагоддзя, а Беларуская маладзёжная грамадская арганізацыя ратавальнікаў-пажарных была створана 14 кастрычніка 2001 года.
Асноўныя мэты арганізацыі — навучанне бяспецы жыццядзейнасці падрастаючага пакалення; папулярызацыя прафесіі ратавальніка-пажарнага, прыцягненне моладзі да забеспячэння бяспекі жыцця-
дзейнасці, грамадзянскае і патрыятычнае выхаванне, раскрыццё творчых здольнасцей.

Актывісты маладзёжнай арганізацыі прымаюць удзел у рэспубліканскіх акцыях «Не пакідайце дзяцей адных», «Канікулы без дыму і агню», «У цэнтры ўвагі — дзеці», «Моладзь за бяспеку», «Не прапальвай сваё жыццё», «Бяспечны Новы год» і інш. Лепшыя юныя памочнікі пажарных становяцца дэлегатамі рэспубліканскага злёту, што праводзіцца на базе Нацыянальнага дзіцячага аздараўленчага лагера «Зубраня».

Мінулы год для маладзечанцаў быў багаты на карысныя і вясёлыя мерапрыемствы, сярод якіх фестываль КВЗ «Таленавітая моладзь таленавітая ва ўсім», конкурс дзіцячай творчасці «Ратавальнікі вачыма дзяцей», спаборніцтвы па пажарна-выратавальным спорце, палявыя лагеры.

Шаснаццаць гадоў – цудоўны ўзрост. Час адкрыццяў, росту і пошукаў сябе. Беларуская маладзёжная грамадская арганізацыя ратавальнікаў-пажарных запрашае ўсіх актыўных, пазітыўных, спартыўных і неабыякавых да бяспекі хлопчыкаў і дзяўчынак папаўняць яе рады.

Фота: Лілія ЛІПНІЦКАЯ.