Як паведаміў старшы следчы Маладзечанскага аддзела Следчага камітэта Юрый Багушэвіч, у двух выпадках расследуюцца справы аб махлярстве, у адным — аб вымагальніцтве.
Так, пацярпелай ад махлярства прызнана 69-гадовая жыхарка нашага горада. Невядомы прапанаваў пенсіянерцы зарабіць праз інтэрнэт вялікія грошы. Абяцаў 100-працэнтны прыбытак. Каб пачаць бізнес, трэба было пералічыць 5 тысяч долараў праз расійскую плацежную сістэму «Залатая карона». Жанчына згадзілася перавесці меншую, але таксама значную суму.
Перавод быў зроблены 19 кастрычніка. Пасля гэтага «бізнес-інструктар» перастаў выходзіць на сувязь. Ахвяра звярнулася да праваахоўнікаў. Падазроны ўстанаўліваецца.
Хлопец з дзяўчынай 2000 г.н., навучэнцы аднаго з маладзечанскіх каледжаў, у выніку махлярства пазбавіліся 60 рублёў. Маладыя людзі хацелі трапіць на канцэрт у Мінск, але купіць білеты не паспелі. Тады яны размясцілі адпаведную аб’яву ў сацыяльных сетках. Адказ прыйшоў аператыўна. Невядомы паабяцаў вырашыць пытанне. Грошы трэба было перавесці на нумар мабільнага аператара Расіі, што і было зроблена 15 лістапада.
Білетаў маладыя людзі так і не дачакаліся. Пры гэтым махляр адразу ж выдаліў сваю старонку ў сацыяльных сетках.
Чытайце таксама: Спасут антивирус и личная бдительность
Жыхарку нашага горада 1998 г.н. невядомы шантажыраваў інтымнымі фатаграфіямі. Адпаведныя здымкі дзяўчына пераслала маладому чалавеку, з якім перапісвалася праз інтэрнэт.
Шантаж пачаўся, як толькі старонка сябра дзяўчыны па перапісцы ў сацыяльнай сетцы была ўзламаная. Злачынец патрабаваў у ахвяры 2 тысячы расійскіх рублёў. Інакш пагражаў распаўсюдзіць здымкі сярод знаёмых дзяўчыны. Тады ахвяра звярнулася ў міліцыю.
Юрый Багушэвіч адзначыў, што раскрываць вышэйназваныя злачынствы вельмі цяжка. Большасць інтэрнэт-злачынцаў знаходзіцца па-за межамі Рэспублікі Беларусь. Яны адкрываюць электронныя кашалькі на падстаўных асоб, карыстаюцца іншымі хітрыкамі.
— Грамадзяне павінны быць асцярожнымі пры абмене асабістай інфармацыяй, не дасылаць грошы незнаёмым, карыстацца легальнымі інтэрнэт-магазінамі, разлічвацца за тавар толькі пасля яго атрымання, — параіў супрацоўнік Следчага камітэта.