Новости Молодечно и Молодечненского района

Мэта рэйду -- супрацьпажарная прафілактыка

  • 2017-04-18 09:06:49
  • Алег Бяганскі


Выязджаем з Маладзечна, перад Цюрлямі паварочваем у бок Вытрапаўшчыны. Тут на полі за гаражамі некалькі дзён таму гарэла сухая трава. Выгараў амаль гектар. Далейшае распаўсюджванне агню ратавальнікі папярэдзілі. Участак быў пакрыты попелам, яшчэ адчуваўся пах паленай расліннасці. Дарэчы, недалёка ад месца ўзгарання знаходзіцца аўтазаправачная станцыя.

— Вось да чаго прыводзіць невыкананне правілаў супрацьпажарнай бяспекі, — гаворыць Андрэй Уладзіміравіч. – І гэта толькі адзін з дваццаці шасці выпадкаў падпалаў сухой травы на тэрыторыі раёна з пачатку пажаранебяспечнага сезона. Людзі, якія так робяць, не разумеюць, што агонь можа выйсці з-пад кантролю. А гэта, у сваю чаргу, вядзе да матэрыяльных страт і чалавечых ахвяр. Таму штрафы даволі вялікія – ад дзесяці да сарака «базавых».

Наступны населены пункт на маршруце – Палачаны. На вулі-цы Маладзёжнай бачым самаробную вяндлярню. Яна ўстаноўлена далёка ад будынкаў, адкрытага агню няма, гаспадар участка побач.
— Парушэнняў няма, чалавек выканаў усе нарматывы супрацьпажарнай бяспекі, — пракаменціравалі сітуацыю інспектары ГРАНС.

Дым за Палачанамі мы ўбачылі здалёк. Арыентуемся на яго. Неўзабаве бачым дваіх мужчын, якія паляць ля дарогі галлё. Пабудоў і расліннасці паблізу няма, агонь нікому не пагражае. Андрэй Ляшковіч нагадвае ім пра тэхніку бяспекі пры абыходжанні з агнём і ўручае адпаведныя памяткі.

— Мэта такіх рэйдаў – прадухіліць парушэнні супрацьпажарнай бяспекі, – адзначыў ратавальнік. – Акрамя асабістых размоў праводзяцца сельскія сходы, адпаведная інфармацыя распаўсюджваецца ў школах і працоўных калектывах. Арандатараў і гаспадароў зямельных участкаў папярэджваюць аб адказнасці.

Вяртаемся ў Палачаны. Тут інспектарам трэба наведаць інваліда, які з цяжкасцю ходзіць і дазваляе сабе курыць у ложку. Заходзім у кватэру. Усюды бруд. Але ў кожным пакоі спраўныя пажарныя апавяшчальнікі. Па словах гаспадара, ён іх ніколі не выключае.

Як падкрэсліў Андрэй Ляшковіч, інваліды, адзінокія грамадзяне, мнагадзетныя сем’і, а таксама людзі, якія злоўжываюць спіртным, у ратавальнікаў на асаблівым кантролі. Такія домаўладанні рэгулярна правяраюцца. Для папярэджання ўзгаранняў праводзяцца прафілактычныя акцыі.

Наступны візіт — у дом інваліда ў Груздаўцы. З-за аварыйнага стану электраправодкі жыллё абясточана. Супрацоўнікі ГРАНС упэўніліся ў спраўнасці печкі і праверылі пажарны апавяшчальнік.
На зваротным шляху нашу ўвагу прыцягвае дым за вёскай. Як аказалася, ля кантэйнернай пляцоўкі для збору смецця гарыць стары матрац. Моцны вецер раздзімае полымя. Іскры ляцяць у напрамку ўчастка з сухой травой. Побач з агнём нікога няма.  

Гаспадыню бліжэйшага падворка знаходзім у доме. Яна прызналася, што падпаліла матрац і такім чынам хацела ўтылі-заваць яго. Пасля папярэджання жанчына аператыўна аргані-завала «пажарную дружыну» – да кантэйнернай пляцоўкі прыбеглі суседзі з вёдрамі і хутка патушылі полымя.

— Паліць смецце ў сельскай мясцовасці і прыватным сектары можна. Але неабходна выконваць некаторыя ўмовы. Так, агонь дазваляецца раскладаць толькі ў бязветранае надвор’е і не бліжэй за 10 метраў да пабудоў. Гарэнне заўсёды трэба кантраляваць і абавязкова мець пры сабе сродкі пажаратушэння, — патлумачыў Андрэй Ляшковіч.

Фота: Алег БЯГАНСКІ.