Спецыялісты невыпадкова прыехалі ў лагер у купальны сезон. У гэты час на вадаёмы выязджае многа дзяцей і дарослых. На жаль, для некаторых адпачынак ля вады заканчваецца трагедыяй. Як паказвае практыка, людзі тонуць
з-за невыканання элементарных правілаў паводзін. Адпачывальнікі купаюцца ў забароненых месцах, сваволяць, ныраюць з лодак і мастоў…
У праграме візіту былі паказ навучальных і пазнавальных фільмаў, прафілактычная гутарка. Пра сваю работу расказаў вадалаз Дзмітрый Горыд. Дзеці з цікавасцю агледзелі вадалазную амуніцыю, атрымалі ілюстраваныя «метадычкі» на выратавальную тэматыку.
Напрыканцы мерапрыемства юныя жыхары Маладзечаншчыны запэўнілі, што будуць слухацца дарослых і паводзіць сябе ля вады правільна.
— Адна з задач вадалазаў — абследаваць вадаёмы, якія плануецца прызнаць прыдатнымі для купання, — расказаў Дзмітрый Горыд. — Гэта трэба, каб зберагчы адпачывальнікаў ад непрыемнасцей. На дне могуць знаходзіцца карчы, розныя канструкцыі, небяспечныя водмелі і ямы. Напрыклад, у акваторыі Вілейскага вадасховішчы быў знойдзены снарад часоў Першай сусветнай вайны.
Вадалаз расказаў, што ён разам з калегамі абслугоўвае Вілейскі, Маладзечанскі, Валожынскі і Мінскі раёны. Празрыстасць вады ў вадаёмах гэтага рэгіёна дрэнная, таму ныраць або плаваць трэба вельмі асцярожна. Небяспечны прадмет у вадзе можна не заўважыць і параніцца.
— Падобныя прафілактычныя мерапрыемствы праводзяцца ў школах, працоўных калектывах, дзіцячых аздараўленчых лагерах, — адзначыў Анатолій Пяцюшык. – Мы нагадваем правілы паводзін на вадаёмах. Дарослых заклікаем сачыць за дзецьмі, быць для іх прыкладам. Таксама тлумачым, што вучыцца плаваць – гэта карысна для здароўя і бяспекі. І магчымасцей у раёне дастаткова — на Маладзечаншчыне працуюць 7 плавальных басейнаў і 7 міні-басейнаў.
На думку старшыні раённай арганізацыі рэспубліканскага таварыства ратавання на водах, Маладзечна мае патрэбу ў зоне адпачынку, абсталяванай недалёка ад горада. Гэта дасць магчымасць гараджанам адпачываць ля вадаёма бяспечна, знізіць рызыку няшчасных выпадкаў. Пытанне разглядаецца з усімі зацікаўленымі арганізацыямі.
Фота: Аляксей ПЛАТКО.