24.01.2017 8:30

Яшчэ раз пра афрыканскую чуму свиней

У снежні 2016 года прайшло чарговае пасяджэнне раённага штаба, на якім была прааналізавана эпізаатычная сітуацыя на Маладзечаншчыне, выпрацаваны канкрэтныя даручэнні кіраўнікам сельгаспрадпрыемстваў, раённых службаў і арганізацый.

Яшчэ раз пра афрыканскую чуму свиней "Маладзечанская газета"

У іх аснове – няўхільнае выкананне ветэрынарна-санітарных патрабаванняў на аб’ектах, дзе ўтрымліваюцца свінні, захаванне правільнага рэжыму кармлення жывёлы, умацаванне кантролю за перамяшчэннем па тэрыторыі раёна аўтатранспарту, у якім перавозяцца прадукты жывёльнага паходжання. Асаблівая адказнасць па дэпапуляцыі дзікоў, недапушчэнні ўзнікнення ў лясных масівах звалак ускладзена на работнікаў лясной гаспадаркі, прыродаахоўнай інспекцыі, таварыства паляўнічых.

Асобным пунктам рашэння раённага аператыўнага штаба прадугледжваецца правядзенне шырокай растлумачальнай работы сярод жыхароў Маладзечаншчыны па прафілактыцы АЧС.

Памятка для ўладальнікаў свіней на прыватным падворку:

- для работы ў памяшканні, у якім утрымліваюцца свінні, выкарыстоўвайце асобнае адзенне і абутак;
- не дапускайце старонніх людзей у сваю гаспадарку; свіней неабходна ўтрымліваць у хлявах без выгулу і кантакту з іншай жывёлай;
- выключце кармленне свіней кармамі жывёльнага паходжання і харчовымі адходамі без праверкі. Набывайце кармы толькі прамысловага паходжання альбо праварвайце іх перад кармленнем пры тэмпературы не ніжэй за 80 градусаў;
- апрацоўвайце свіней і памяшканні для іх утрымання раз у 10 дзён супраць крывасосных насякомых (кляшчоў, вошай, блох) і пастаянна змагайцеся з грызунамі;
- не забівайце свіней і не рэалізуйце свініну без правядзення агляду перад забоем і ветэрынарна-санітарнай экспертызы мяса і прадуктаў забою спецыялістамі дзяржаўнай ветэрынарнай службы;
- не купляйце маладняк свіней у месцах несанкцыянаванага гандлю і без ветэрынарных суправаджальных дакументаў; не завозьце свіней і прадукцыю свінагадоўлі з іншых рэгіёнаў без узгаднення з дзяржаўнай ветэрынарнай службай;
- садзейнічайце ветэрынарнаму агляду свіней, вакцынацыі (супраць класічнай чумы свіней, рожы) і іншым апрацоўкам, якія праводзяць ветэрынарныя работнікі;
- не выкідвайце тушы загінулай жывёлы, адходы ад іх утрымання і перапрацоўкі на звалкі, узбочыны дарог, не закопвайце іх на ўласнай тэрыторыі альбо іншым зямельным участку; не спрабуйце перапрацаваць мяса загінулых альбо вымушана забітых свіней – гэта забаронена і можа прывесці да далейшага распаўсюджвання хваробы.

Адкуль прйшла чума

Цывілізацыя падарыла чалавецтву нямала даброт, без якіх немагчыма ўявіць наша сённяшняе жыццё. Разам з тым, яна прынесла не меншую колькасць трывог, праблем і выклікаў. Сярод іх разнастайныя хваробы як людзей, так і жывёлы. Дзікай і свойскай. Адной з іх з’яўляецца афрыканская чума свіней – востразаразная вірусная хвароба. Для чалавека яна не ўяўляе небяспекі, а вось для дзікоў і дамашніх свіней заканчваецца 100-працэнтнай лятальнасцю.

АЧС упершыню была зарэгістравана ў пачатку дваццатага стагоддзя ў Афрыцы, на тэрыторыі былога СССР – у 1977 годзе. Сёння эканамічны ўрон, нанесены хваробай сусветнай сельскай гаспадары, вымяраецца мільярдамі долараў.
Лячэнне афрыканскай чумы свіней забаронена, вакцыны супраць яе не існуе. Жорсткі каранцін з’яўляецца адзінай мерай барацьбы з захворваннем. Усю жывёлу, якая знаходзіцца ў эпізаатычным ачагу, забіваюць бяскроўным метадам, а тушы спальваюць на месцы. Такім чынам знішчаюць гной, рэшткі кармоў, інвентар, старыя пабудовы, драўляную падлогу. Праводзяцца дэзінфекцыя памяшканняў, а таксама мерапрыемствы па знішчэнні грызуноў, насякомых і кляшчоў. Устанаўліваецца ахоўная зона вакол свінагадоўчых комплексаў і ферм, дзе забараняецца трымаць свіней у прыватных гаспадарках. Словам, уводзіцца цэлы комплекс мерапрыемстваў па папярэджанні распаўсюджання хваробы і далейшага яе ўзнікнення.

Аб сур’ёзнасці праблемы гаворыць хаця б той факт, што ў Беларусі на ўсіх узроўнях – урада, абласцей і раёнаў – створаны і дзейнічаюць штабы па папярэджанні заносу АЧС і іншых небяспечных захворванняў жывёлы і птушкі, вядзецца пастаянны маніторынг сітуацыі.

Апошнім часам хвароба зноў нагадала пра сябе ў нашых суседзяў: яе ўспышкі зарэгістраваныя ў Літве, Польшчы, Украіне, Расійскай Федэрацыі. У сувязі з новымі выпадкамі АЧС у Краснадарскім краі, Варонежскай, Валгаградскай, Арлоўскай і Маскоўскай абласцях Расіі Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання нашай краіны прыняло дадатковыя меры па недапушчэнні завозу свініны з гэтых рэгіёнаў.

Прочитано 1603 раз
Соб. инф.

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.