20.01.2017 15:17

Причины пожаров на Молодечненщине -- алкоголь, курение в постели и забытые на плите кастрюли

Пра ратавальнікаў звычайна ўспамінаюць тады, калі здараецца бяда і неабходна тэрміновая дапамога. І супрацоўнікі ГРАНС робяць усё, каб захаваць жыццё і маёмасць жыхароў Маладзечаншчыны.

Н.Магала-Камандзірчык, Р. Блоцкі, Ул. Карцуноў у дыспетчарскай  цэнтра аператыўнага кіравання. Н.Магала-Камандзірчык, Р. Блоцкі, Ул. Карцуноў у дыспетчарскай цэнтра аператыўнага кіравання. "Маладзечанская газета"

Дыспетчар цэнтра аператыўнага кіравання штаба па ліквідацыі надзвычайных сітуацый Наталля Магала-Камандзірчык за змену прымае нямала званкоў. Пажар, ДТЗ, зачыненыя ў памяшканні дзеці, рой пчол, што атакаваў чалавека, нехта праваліўся пад лёд… Паведамленні самыя розныя. Рэагаваць на кожнае трэба без прамаруджвання.

— Людзі, якія тэлефануюць, могуць быць напалоханыя, знаходзіцца ў стане афекту або ўвогуле разгубіцца, — гаворыць Наталля. – Мая задача — вызначыць ступень пагрозы, удакладніць інфармацыю і прыняць рашэнне, каго накіраваць па тым ці іншым адрасе. Часам даводзіцца задзейнічаць усе рэсурсы падраздзялення. А ў некаторых выпадках дастаткова толькі даць слушную параду.

Калі дыспетчар прымае выклік, яму трэба супакоіць чалавека, падказаць, што рабіць. Камусьці проста хочацца выгаварыцца. Нярэдка па нумары 101 тэлефануюць дзеці. У гэтых выпадках трэба быць і псіхолагам, і педагогам.

— Нядаўна нумар цэнтра аператыўнага кіравання набраў хлопчык. Юны жыхар Маладзечна паведаміў, што сумуе, бо ў кватэры нікога няма. Тата і мама працуюць, а бабуля пайшла ў магазін. Колькі ўжо гаварылася, што непаўналетніх нельга пакідаць адных! Давялося некаторы час быць для дзіцяці «тэлефоннай нянькай», — успамінае Наталля Генадзьеўна.

Супрацоўніца ГРАНС таксама папярэдзіла патэнцыяльных «жартаўнікоў», што лжывы выклік цягне за сабой адказнасць. Ратавальнікі ў любым выпадку дапамогуць тым, хто церпіць бедства. Аднак у некаторых сітуацыях лік ідзе на секунды.

Нарадзіцца двойчы…

Летась супрацоўнік пажарна-аварыйнага выратавальнага паста №15 Руслан Блоцкі прыняў удзел у ліквідацыі многіх надзвычайных здарэнняў. У раёне вёскі Насілава ён разам з калегамі дэблакіраваў вадзіцеля разбітай машыны. Чалавек страціў шмат крыві. Супрацоўнікі МНС паспелі своечасова.

Літаральна некалькі хвілін аддзялялі ад смерці сям’ю ў адным са шматкватэрных дамоў у шостым мікрараёне. У кватэры ўзнік пажар. Пакоі напоўніліся дымам. Людзі атруціліся прадуктамі гарэння. Агняборцы эвакуіравалі і перадалі ўрачам хуткай дапамогі пяцярых чалавек.

Магла не прачнуцца і жыхарка аднаго з дамоў у раёне магазіна «Алмі», што па Вялікім Гасцінцы. Знайшлі жанчыну ў ложку ў задымленым пакоі.

— Работа ратавальніка патрабуе добрай фізічнай і псіхалагічнай падрыхтоўкі, — адзначыў Руслан Віктаравіч. – Дабірацца да ачага ўзгарання трэба па лесвіцы. Пры гэтым абмундзіраванне і экіпіроўка важаць не менш за 15 кілаграмаў. Дадайце сюды вогнетушыцель, інструменты. На месцы дзейнічаць неабходна хутка. Дапамагаюць гэтаму рэгулярныя заняткі спортам.

— Найбольш частая прычына выклікаў — алкаголь і курэнне ў ложку. Шмат клопатаў дастаўляюць людзі, якія пакідаюць каструлю альбо патэльню з ежай на ўключанай пліце. Такім чынам, безадказнасць і ігнараванне правілаў супрацьпажарнай бяспекі могуць прывесці да трагедыі, — падкрэсліў супрацоўнік МНС.

Фота: Аляксей ПЛАТКО.

Прочитано 2022 раз
Алег Бяганскі

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.