Перад рэйдам кароткая нарада ад галоўнага спецыяліста інспекцыі надзора і прафілактыкі Мінскага абласнога ўпраўлення па надзвычайных сітуацыях Андрэя Турка. Члены рэйдавай групы звяраюць адрасы, куды завітаюць, удакладняюць іншую інфармацыю.
“Сёння мы павінны наведаць з мэтай забеспячэння пажарнай бяспекі ў зімні перыяд аб’екты сельскагаспадарчых арганізацый, - гаворыць Андрэй Турок. – Таксама будзе праведзены кантроль за працай вартаўнікоў. Менавіта ад іх руплівай працы і хуткіх дзеянняў належыць бяспека на аб’екце. Кантроль найбольш важны ў халодны перыяд года, калі рызыка пажараў узрастае”.
Супраноўнік МНС дадаў, што прафілактыка дае вынікі. Колькасць пажараў і іншых надзвычайных сітуацый на тэрыторыі Маладзечаншчыны з кожным годам памяньшаецца.
Між тым, рэйд пачаўся. На першым аб’екце, а менавіта на малочна-таварнай ферме ў вёсцы Слабодка, у старожцы вогнетушыцель знаходзіцца ў закрытым памяшканні. Па наступным адрасе, на малочна-таварнай ферме ў Капачах адсутнічаў тэлефон, па якім можна было вызваць выратавальнікаў. А вартаўнік, які нёс вахту ў гэты дзень, наогул не ведаў нумар выратавальнай службы. На малочна-таварнай ферме ў Хохлава работнікі фермы дазвалялі сабе курыць ў забароненых месцах. Таксама выкарыстоўвалі ацяпляльны электрапрыбор, які быў з парушэннямі правіл выкарыстоўвання электрасетак і электраабсталявання.
За дзень рэйдавая група пабывала на трох аб’ектах.
“У час падобных рэйдаў увага звяртаецца на стан супрацьпажарнай бяспекі сельскагаспадарчых будынкаў. Вельмі прыемна назіраць за тымі арганізацыямі, дзе пажарная бяспека знаходзіцца на высокім узроўні. Напрыклад, на аб’екце ОАО “Селеўцы” замест катлоў на цвёрдым топліве выкарыстоўваюцца канвектарныя ацяпляльныя абсталяванні, якія можна астаўляць уключанымі ў электрычную сетку без нагляду – гэта вялікі плюс. Усё гэта дапамагае паменшыць рызыку ўзнікнення пажару. Такія праверкі на Маладзечаншчыне праходзяць рэгулярна,” - падкрэсліў першы намеснік началніка Маладзечанскага ГРАНС Андрэй Рабец.