11.01.2017 9:49

Охрана труда: мобильная группа приедет внезапно

Мабільная група створана пры райвыканкаме. Яе ўзначальвае намеснік старшыні райвыканкама Генадзій Актанаровіч. За мінулы год члены гэтага фарміравання наведалі 99 арганізацый, выявілі 1720 парушэнняў заканадаўства аб ахове працы.

Охрана труда. Охрана труда. "Маладзечанская газета"


Намеснік начальніка аддзела працоўных адносін упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Марына Корсак паведаміла, што групы выязджалі ў арганізацыі штомесяц. Асаблівая ўвага надавалася сельгаспрадпрыемствам, дзе заўсёды нямала праблем, а таксама арганізацыям прыватнай формы ўласнасці, будаўнічым пляцоўкам. Марына Анатольеўна заўважыла, што мэта такіх візітаў — выяўляць парушэнні і тым самым папярэджваць няшчасныя выпадкі. Практыка паказвае, што некаторыя кіраўнікі не звяртаюць увагі на дробныя парушэнні. Між тым у патрабаваннях да аховы працы дробязей няма, а любая недапрацоўка можа прывесці да трагедыі. Члены мабільных груп аказваюць кансультацыйную дапамогу на месцах, даюць рэкамендацыі па ўхіленні парушэнняў.  

Нямала клопатаў правяраючым даставіла брыгада будаўнікоў з ААТ «Забудова-Буд» (дырэктар М. Бурак, прараб К. Варатынскі), якая працавала на рэканструкцыі даху жылога дома №14 па вуліцы Прытыцкага. Жыхары суседніх дамоў нават тэлефанавалі ў райвыканкам, бо не маглі спакойна глядзець, як рабочыя на вышыні працуюць без прышпіленых спецыяльных паясоў. Пасля ўмяшання членаў мабільнай групы ад работы былі адхілены 15 чалавек. Трэба сказаць, што гэта будаўнічая арганізацыя ўвогуле прыносіць нямала праблем. На працягу ўсяго года не было, бадай, ніводнага аб’екта, на якім працавалі «забудоўцы», дзе б не дапускаліся парушэнні.

Яшчэ адна арганізацыя, якая не стараецца выконваць закон аб ахове працы і ўхіляць выяўленыя недахопы, — гандлёвы дом «Тройка» (дырэктар Г. Гапанькоў). Гэта аб’ект масавага знаходжання людзей, і гаспадар павінен клапаціцца пра іх небяспеку. Але на выкананне правілаў аховы працы тут ніхто не звяртае ўвагі — работнікі і спецыялісты дапускаюцца да работы без праверкі ведаў, інструктажу. Зусім іншая сітуацыя ў суседнім гандлёвым цэнтры «Модуль» (дырэктар Р. Завадская). Істотных парушэнняў там няма, а калі выяўляюцца недапрацоўкі, то хутка выпраўляюцца.

Былі ў час праверак пытанні да ТАА «Савіа Плюс» (дырэктар С. Мацкевіч) і ТАА «Фабрыка мэблевых дэталяў» (Ж. Чубараў). Марына Корсак адзначыла, што арганізацый, якія могуць служыць прыкладам для іншых, нямала. Сярод іх прадпрыемствы «Юлайн» (дырэктар Т. Панасік), «Струм» (І. Сальнікаў), «Дойлід-С» (У. Баліцкі), пральня «Сняжынка» (С. Аноп). Адказна ставіцца да выканання закона аб ахове працы дырэктар механічнага завода Юрый Лобань, дзе раней было нямала праблем. Прыватнае прадпрыемства пераехала на новы адрас, і кіраўнік звярнуўся ў Маладзечанскі міжраённы аддзел інспекцыі працы з просьбай правесці пазапланавую праверку. Усе прапановы і рэкамендацыі членаў камісіі па ліквідацыі недахопаў былі выкананы. Марына Анатольеўна заўважыла, што гэта добры прыклад для іншых кіраўнікоў. Дарэчы, той, хто зацікаўлены ў бяспечным вытворчым працэсе, захаванні здароўя сваіх падначаленых, дакладна выконвае ўсе законы і патрабаванні, а не шукае спосабы, як іх абысці.

Пабывалі члены мабільнай групы на будаўніцтве свінагадоўчага комплексу, дзе генпадрадчыкам выступае КАА «Agrigo Projects Ltd». На аб’екце працуюць арганізацыі і з нашага раёна: аўтапарк №4, «Спецбудмеханізацыя», філіял ДРБУ-49, а таксама сталічная прыватная будаўнічая фірма. Асноўныя заўвагі тут тычыліся работы будаўнікоў з субпадрадных арганізацый, кіраўнікам якіх былі высланы рэкамендацыі па ўхіленні недахопаў. Дарэчы, прадстаўнікі генпадрадчыка вельмі адказна ставяцца да выканання закона аб ахове працы.


Прочитано 1874 раз Последнее изменение 11.01.2017 9:49
Алена Лашук

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.