Прычыны і наступствы
Асноўнымі відамі аварый на дарогах Міншчыны з’яўляюцца наезды на пешаходаў (32 працэнты), лабавыя сутыкненні транспартных сродкаў (15), перакульванні аўтамабіляў і наезды на перашкоды (па 11), сутыкненні на скрыжаваннях і наезды на веласіпедыстаў (па 8 працэнтаў).
Сярод найбольш частых прычын ДТЗ — перавышэнне хуткаснага рэжыму, кіраванне транспартным сродкам у нецвярозым стане, няправільны праезд скрыжаванняў вадзіцелямі, а таксама парушэнне правілаў дарожнага руху пешаходамі.
Начальнік абласной ДАІ падкрэсліў, што некаторыя вадзіцелі не ўлічваюць умовы надвор’я і стан дарожнага палатна, ліхачаць на дарогах. У сваю чаргу, правакуюць аварыі і пешаходы. Асабліва калі пераходзяць дарогу ў неналежным месцы або не абазначаюць сябе флікерамі ў цёмны час сутак.
Выпіў? За руль не садзіся!
— Нягледзячы на суровае пакаранне, колькасць п’яных вадзіцеляў на дарогах Міншчыны не змяншаецца, — падкрэсліў Мікалай Караткевіч. — Летась такіх было затрымана звыш 5500 чалавек. Пры гэтым паўторна на працягу года «адзначыліся» 300 вадзіцеляў. Людзей не спыняе нават магчымая канфіскацыя транспартнага сродку.
Кіраванне ў нецвярозым стане можа прывесці да вельмі цяжкіх наступстваў. Колькасць забітых і параненых у такіх ДТЗ удвая вышэйшая ў параўнанні з іншымі выпадкамі. Жыхары цэнтральнага рэгіёна разумеюць гэта, таму ўсё часцей паведамляюць на нумар 102 пра грамадзян, якія п’янымі садзяцца за руль.
Небяспечныя «гульні»
— Прафілактыка дзіцячага дарожнага траўматызму — адна з галоўных задач Дзяржаўтаінспекцыі, — адзначыў М. Караткевіч. – Вялікую ролю ў захаванні жыцця юных жыхароў Міншчыны адыграла прыняцце рашэння ўстаноўкі
ў транспартных сродках спецыяльных дзіцячых крэслаў і іншых утрымліваючых прыстасаванняў. Аднак ДТЗ з удзелам непаўналетніх, на жаль, здараюцца.
Так, летась была зафіксавана 71 аварыя, у якой 7 дзяцей загінулі, 69 атрымалі траўмы. Сёлета былі пакалечаныя чацвёра юных пасажыраў, якіх перавозілі з парушэннем устаноўленых правілаў. Для папярэджання такіх ДТЗ па 4 красавіка ў Беларусі праводзіцца прафілактычная акцыя «Бяспека дзяцей — прыярытэт для дарослых!».
Закрануў выступоўца і тэму дзяцей і падлеткаў, якія трапілі ў так званыя «групы смерці» («Сіні кіт» і інш.). У Мінску і Гомельскай вобласці фіксаваліся выпадкі, калі непаўналетнія свядома кідаліся пад колы аўтамабіляў. Магчыма, яны праходзілі пэўныя этапы смяротнай гульні.
Такія дзеянні кваліфікуюцца як стварэнне аварыйнай сітуацыі, а вінаватыя (у тым ліку бацькі) прыцягваюцца да адказнасці.
Спыніць парушальніка
Сур’ёзную небяспеку на дарогах ствараюць вадзіцелі, якія не маюць вадзіцельскіх правоў або былі пазбаўлены іх. На некаторых складзена па дзесяць і больш пратаколаў. У вобласці прымяняецца вельмі эфектыўная мера пакарання «бяспраўнікаў» – іх транспартныя сродкі змяшчаюцца на штрафстаянку.
— На працягу апошніх тыдняў супрацоўнікі ДАІ Міншчыны некалькі разоў прымянялі табельную зброю для спынення транспартных сродкаў, вадзіцелі якіх не падпарадкаваліся законным патрабаванням міліцыянераў. Сярод тых, хто ўцякаў ад пагоні – п’яныя і «бяспраўнікі».
Удзельнікі дарожнага руху павінны ведаць: непадпарадкаванне законным патрабаванням праваахоўнікаў, пакіданне месца ДТЗ або неаказанне дапамогі пацярпеламу – сур’ёзныя крымінальныя злачынствы, — падкрэсліў Мікалай Караткевіч.
Адзначылі журналістаў
У час прэс-канферэнцыі начальнік ДАІ Мінскай вобласці ўзнагародзіў журналістаў – пераможцаў конкурсу «ДАІ і СМІ — за бяспеку на дарогах».
Сярод іншых кіраўніцтва Дзяржаўтаінспекцыі цэнтральнага рэгіёна адзначыла аўтара гэтых радкоў і рэдактара тэлепраграм МКТБ Таццяну Карашкову.
Фота: Алег БЯГАНСКІ.