— Маніторынг, які пастаянна праводзіць наша служба ў гаспадарках раёна, паказвае, што парушэнняў закона аб ахове працы нашмат менш там, дзе з аднаго боку кіраўнікі ставяцца сур’ёзна да яго выканання, а з іншага — самі работнікі не парушаюць правілы, — заўважыла Марына Анатольеўна. — І з пачаткам масавых палявых работ, якія трэба правесці ў сціслыя агратэхнічныя тэрміны, гэта вельмі актуальна. Між тым праблемных момантаў па-ранейшаму хапае. У ходзе рэйдаў устанаўліваюцца шматлікія парушэнні пры эксплуатацыі трактароў, машын і агрэгатаў, адсутнасць ахоўных агароджаў, блакіровачных устройстваў пэўных механізмаў і інш. Часам у поле выходзіць тэхніка, якая не прайшла тэхагляд. Не ўсюды работнікі, занятыя на вытворчасці са шкоднымі ці небяспечнымі ўмовамі працы, забяспечаны сродкамі індывідуальнай аховы. Сельскагаспадарчы год толькі пачынаецца, таму вельмі хочацца, каб пралікі мінулага былі ўлічаны і не паўтарыліся сёлета.
Марына Анатольеўна адзначыла таксама, што з усімі катэгорыямі работнікаў неабходна правесці інструктажы і праверку ведаў па ахове працы. І зрабіць гэта не дзеля птушкі. Усё, што звязана з выкарыстаннем аграхімікатаў, трэба рабіць пад кантролем агранома ці спецыяліста. Не лішнім будзе нагадаць, што да работы з тэхнікай дапускаюцца толькі тыя, хто мае адпаведную кваліфікацыю, прайшоў вытворчае навучанне, стажыроўку і праверку ведаў. Для стаянкі трактароў і агрэгатаў, машын павінны быць адведзены месцы, распрацаваны маршруты руху. Для перавозкі людзей выкарыстоўваюцца толькі спецыяльна абсталяваныя машыны. На жаль, некаторыя пачынаюць выпраўляць хібы толькі тады, калі здарылася трагедыя.
Асаблівая ўвага надаецца медыцынскаму агляду перад пачаткам змены, а таксама прыборнаму кантролю на прадмет знаходжання ў стане алкагольнага ап’янення вадзіцеляў і механізатараў, іншых катэгорый работнікаў. Рашэннем аблвыканкама №1157 ад 30 снежня 2015 года патрабуецца праводзіць такі кантроль не толькі ў пачатку працоўнага дня, але ў час і пасля яго. У пуцявым лісце абавязкова павінна быць зроблена пэўная адзнака. Здараецца, што за руль трактара садзіцца чалавек, пазбаўлены правоў на кіраванне ўласным аўтамабілем у нецвярозым выглядзе. Пасведчанне трактарыста ў яго, зразумела, ніхто не забіраў. Між тым калі яго паўторна затрымаюць супрацоўнікі ДАІ, то транспартны сродак, якім у гэты момант кіруе механізатар, будзе канфіскаваны. І гэта не «страшылка». Летась у вобласці такім чынам пазбавіліся тэхнікі тры арганізацыі, а ў 2015 годзе ў ААТ «Купала-Агра» нашага раёна быў канфіскаваны трактар МТЗ-82 з прычэпам ПРТ-7. Кіраўнікі гаспадарак, галоўныя інжынеры павінны мець гэта на ўвазе і кантраляваць сітуацыю.
— Як правіла, праблем менш там, дзе адказна ставяцца да сваіх абавязкаў інжынеры па ахове працы, а кіраўнікі чуюць іх і прыслухоўваюцца да патрабаванняў, — зазначыла М. Корсак. – Дарэчы, сёлета пакуль няма такіх спецыялістаў у КСУП «Відзеўшчына» і ААТ «Дубрава-2013». Там абавязкі ўскладзены на юрыстаў. Мы цесна супрацоўнічаем з упраўленнем сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама, дзе за гэты кірунак работы адказвае галоўны спецыяліст Віктар Шабалін.