Новости Молодечно и Молодечненского района

Больш увагі -- дзецям і падлеткам!

  • 2017-06-26 11:53:33
  • Лилия Липницкая


З 1 мая па 1 кастрычніка на тэрыторыі раёна дзейнічае рэспубліканская міжведамасная праграма «Клопат».
— Асноўныя яе задачы — прафілактыка правапарушэнняў і злачынстваў сярод непаўналетніх у перыяд летніх канікул, арганізацыя вольнага часу падлеткаў, недапушчэнне гібелі і траўматызму, — паведаміў начальнік інспекцыі па справах непаўналетніх Маладзечанскага РАУС Аляксей ПОСАХ.

Будуць арганізаваны рэйдавыя прафілактычныя мерапрыемствы ў месцах масавага адпачынку, у прыватнасці, на пляжах (дзе афіцыйна дазволена купацца і дзе такога дазволу няма). У начных установах патрульныя групы будуць кантраляваць парушэнні ўзроставага абмежавання наведвальнікаў: там забаронена знаходзіцца асобам, маладзейшым за 18 гадоў.

На тэрыторыі раёна размешчана 8 аздараўленчых лагераў з кругласутачным знаходжаннем. Начальнік ІСН нагадаў, што ў кожным з іх пастаянна дзяжурыць супрацоўнік міліцыі, арганізавана патруляванне тэрыторыі. Вясной былі правераны стан агароджаў, умовы захоўвання каштоўных рэчаў, якія належаць дзецям і педагогам.

— Летась у лагерах раёна злачынстваў зафіксавана не было. Але з вопыту мінулых гадоў скажу, што дзеці часам забываюць, дзе пакінулі свой тэлефон, што з’яўляецца спакусай для некаторых аднагодкаў, — дадаў Аляксей Іванавіч.

Пад кантроль праграмы «Клопат» трапяць месцы гандлю спіртнымі напіткамі. Часам дзеці і падлеткі звяртаюцца да старэйшых з просьбай дапамагчы набыць спіртное, і тыя згаджаюцца. Некаторыя прадаўцы адпускаюць забаронены тавар і не патрабуюць пашпарт. Мы прадоўжым выяўляць такія выпадкі, і вінаватыя панясуць адказнасць згодна з Кодэксам аб адміністрацыйных правапарушэннях Рэспублікі Беларусь, папярэдзіў начальнік ІСН. -- Да ўдзелу ў мерапрыемствах праграмы прыцягнуты прадстаўнікі зацікаўленых службаў (райвыканкама, пракуратуры, камісіі па справах непаўналетніх, ГРАНС), члены БРСМ.

— Каб падлеткі задумваліся над сваімі ўчынкамі, не падвяргалі сваё жыццё небяспецы, бацькі абавязаны правільна арганізаваць іх вольны час на канікулах, прапанаваць  гурткі, спартыўныя секцыі, клубы па інтарэсах, — заўважыў А. Посах.

Таксама начальнік ІСН заклікаў бацькоў нагадаць дзецям аб правілах бяспечных паводзін на дарозе, вадаёмах, каб яны заўсёды паведамлялі дарослым аб сваім месцазнаходжанні.

На ўліку ў маладзечанскай інспекцыі знаходзяцца 112 падлеткаў, большасць з іх — за ўжыванне спіртных напіткаў у грамадскіх месцах.
Летась у раёне 29 непаўналетніх учынілі 29 злачынстваў. Самыя распаўсюджаныя — крадзяжы (8 выпадкаў), хуліганствы (10), крадзяжы транспартных сродкаў (2), захоўванне парнаграфіі (4), звязаныя з наркотыкамі (2), а таксама рабаванне, крадзеж дакументаў, нанясенне цяжкіх цялесных пашкоджанняў.

Згодна з Адміністрацыйным кодэксам, калі дзіця да 14 гадоў затрымала міліцыя, то пры яго стасунках з супрацоўнікамі праваахоўных органаў абавязковая прысутнасць педагога, з 14 да 16 гадоў — законнага прадстаўніка або педагога (вызначае орган, які вядзе адміністрацыйны працэс). Старэйшы за 16 гадоў падлетак будзе адказваць на пытанні міліцыі самастойна.


ПАМЯТАЙЦЕ
З 23.00 да 6.00 дзіця да 16 гадоў павінна знаходзіцца па-за домам толькі ў суправаджэнні дарослых.

Фанаты, графіцісты, зачэпшчыкі...

Аляксей Посах расказаў аб захапленнях некаторых сучасных падлеткаў. Напрыклад, да фанацкага руху прымыкаюць часта тыя, хто далёкі ад здаровага ладу жыцця і спорту, у прыватнасці, футбола. Каб неяк адасобіць сябе ад іншых, устанавіць крытэрый падзелу на сваіх і чужых, прыдуманы слэнг групоўкі, сімволіка і г.д. На матчах сваёй каманды фанаты садзяцца ў асобным сектары.

— Гучная падтрымка гульцоў на стадыёне не з’яўляецца нечым супрацьзаконным. Такія кампаніі, як правіла, суправаджаюць многія клубы. Яшчэ некалькі гадоў таму прымаліся пэўныя меры, каб папярэдзіць узнікненне групавых боек пасля матчаў. Пры аглядзе рэчаў фанатаў міліцыя знаходзіла капы (прыстасаванне, якое абараняе зубы). Напрошваецца пытанне: навошта такія прадметы на стадыёне? — разважае начальнік ІСН.

Засталіся ў мінулым часы, калі ў Маладзечне фіксаваліся серыйныя факты нападу і збівання людзей без асаблівых прычын. Па словах субяседніка, да такіх злачынстваў таксама мелі дачыненне ўдзельнікі фан-руху.
Падштурхнуць на гэтыя дзеянні маглі няпісаныя правілы: хочаш стаць сваім у групоўцы – пабі чалавека... Кіруюць падлеткамі, як правіла, больш старэйшыя юнакі 20-23 гадоў, яны ў полі зроку міліцыі. Ёсць версія, што частка графіці і налепак, якія «ўпрыгожваюць» будынкі горада, — таксама справа рук фанатаў. Яшчэ адно захапленне падлеткаў — зачэпы. Мэта зачэпшчыка — праехаць на цягніку, зачапіўшыся за канструкцыйныя элементы вагона. Дарэчы, усе ідэі для небяспечных забаў дзеці падглядаюць у інтэрнэце, там жа знаходзяць і сяброў па інтарэсах.

Як адзначыў субяседнік, многія бацькі «не разбіраюцца ў камп’ютарах», не могуць ці не жадаюць кантраляваць, што робяць іх дзеці ў сетцы.

— Аднойчы мы паказалі бацькам, якія сайты наведваюць іх 11-12-гадовыя дзеці. Яны былі ў шоку, — успамінае Аляксей Посах. — Дзеці карыстаюцца «неадукаванасцю» мам і татаў, бацькоўскія абавязкі якіх зве-
дзены часам толькі да матэрыяльнага забеспячэння: адзенне, ежа, грошы на інтэрнэт....
Часам з-за абыякавасці дарослых іх сын ці дачка ўпершыню парушаюць закон. У практыцы А. Посаха быў выпадак: дзіця прынесла дамоў чужы кашалёк, а маці нават не звярнула на гэта ўвагі. Між тым калі страчаную картку ўставілі ў банкамат — гэта можа быць парушэннем закона, адзначае Аляксей Посах.

— Нагадайце дзецям пра агульнапрынятыя нормы паводзін. Звярніце ўвагу на тое, чым яны займаюцца ў вячэрні і начны час, у якой кампаніі знаходзяцца, — звярнуўся да чытачоў выдання начальнік інспекцыі па справах непаўналетніх.