Невядомыя факты пра вядомых персон
У рамках праекта кожныя тры тыдні будуць стварацца персанальныя выстаўкі, прысвечаныя слынным землякам.
— Гэта жыхары нашага раёна, якія пакінулі пра сябе светлыя ўспаміны добрымі справамі, зрабілі ўклад у развіццё той ці іншай галіны, — заўважае куратар праекта Вольга Шылько, загадчык аддзела навукова-даследчай і экспазіцыйна-выставачнай работы музея. – Асобны блок будзе прысвечаны і тым землякам, якія на працягу доўгіх гадоў працуюць на карысць роднага краю, а таксама тым, хто і на заслужаным адпачынку не губляе цікавасці да жыцця, шчодра дзеліцца сваімі ведамі, вопытам з іншымі. Да іх у нас, дарэчы, асобнае «патрабаванне» — яны павінны мець цікавае хобі.
Матэрыялы збіраліся на працягу многіх гадоў. Іх у розны час прыносілі самі героі персанальных выставак, а таксама іх блізкія, сябры, знаёмыя.
— Дзякуючы гэтаму праекту наведвальнікі адкрыюць для сябе новыя імёны слынных маладзечанцаў альбо невядомыя факты з ужо знаёмых біяграфій, — гаворыць Вольга Шылько. – Працуючы над яго стварэннем, мы таксама па-новаму адкрылі для сябе старонкі гісторыі роднага краю. А збіраючы асабістыя рэчы, прадметы герояў выставак, пераканаліся, што многія з іх вартыя таго, каб стварыць асобныя калекцыі.
Супрацоўнікі музея спадзяюцца, што маладзечанцы далучацца да гэтага праекта і ўнясуць свае прапановы, падкажуць адметных асоб, а можа, і прынясуць арыгінальныя матэрыялы. На погляд музейных работнікаў, гісторыя раёна — гэта і ёсць яго жыхары, з чым не паспрачаешся. Мяркуецца, што праект будзе доўжыцца не адзін год.
Ужо ў распрацоўцы матэрыялы, прысвечаныя ганароваму грамадзяніну нашага горада Аляксандру Мазаніку, які многім вядомы як ініцыятар стварэння мемарыяльнага комплексу ў Маладзечне «Шталаг-342». Сёлета Аляксандру Ільічу споўнілася б сто гадоў. Варты ўвагі і лёс былога настаяцеля Свята-Пакроўскай царквы, благачыннага Маладзечанскай акругі Аляксандра Троцкага, які сёлета адзначыў бы 80-годдзе. А з Барысам Вайцяхоўскім звязана сапраўдная эпоха ў сферы адукацыі, у якой ён працуе і сёння. Яму таксама плануецца прысвяціць персанальную выстаўку, як і Галіне Філатавай — мантажніцы цэха №16 радыёзавода «Спадарожнік», дэлегату ХХVІІ з’езда КПСС, ганаровай работніцы прамысловасці…
Кропкавы масажі асновы нетрадыцыйнай медыцыны
Першая выстаўка праекта «Ганарымся нашымі землякамі» прысвечана ўрачу Ніне Сычовай. Нягледзячы на тое, што родам яна з Віцебшчыны, наш горад даўно стаў для яе родным. Сюды прыехала ў пачатку 1960-х па размеркаванні пасля Мінскага медыцынскага інстытута, які, дарэчы, закончыла з адзнакай. У Маладзечне Ніна Сцяпанаўна стала першай жанчынай-хірургам, а пазней — і аперацыйным урачом-акулістам.Прыём вядзе Ніна Сычова.
Цяпер ёй 87 гадоў. Яна нячаста выходзіць на вуліцу, яе жыццё абмежавана сценамі гарадской кватэры. Але Ніна Сцяпанаўна, здаецца, здольная і іх рассунуць. Тым больш што засумаваць ёй не даюць не толькі дзеці, унукі і праўнук, але і супрацоўнікі нашага музея, якія з задавальненнем тэлефануюць ёй, заходзяць у госці.
Былому ўрачу сапраўды ёсць што ўспомніць і пра што расказаць. У свой час яна правяла навуковае даследаванне па дынаміцы зрокавых функцый у дзяцей, якія слаба бачаць. Па ім былі распрацаваныя нарматыўныя прыёмы карэкцыі зроку для дзяцей-інвалідаў. Таксама Ніна Сцяпанаўна авалодала агульным і кропкавым масажам і асновамі нетрадыцыйнай медыцыны – гэта былі неардынарныя навыкі для ўрачоў.
Для персанальнай выстаўкі ў музеі яна перадала ўласныя медыцынскія інструменты, у тым ліку расшыральнік слёзных пратокаў, а таксама асабістую пячаць. У вітрынах і два яе медхалаты: адзін выкарыстоўваўся ў час прыёму пацыентаў, другі – хірургічны, з завязкамі на спіне.
Дачка Героя Савецкага Саюза
Асабліва дарагія ўспаміны для Ніны звязаныя з яе бацькам Сцяпанам Сцяпанавічам, якім дачка вельмі ганарыцца. Яна захавала яго фотаздымкі, дакументы, узнагароды і потым перадала ў музеі Беларусі. Адно фота змешчана ў газеце «Віцебскі рабочы» 1965 года і было зроблена да 20-й гадавіны Вялікай Перамогі. Цяпер рэдкі экзэмпляр знаходзіцца ў музейнай вітрыне.
Менавіта тата паўплываў на выбар прафесіі дачкі. Сам ён пераадолеў няпросты жыццёвы шлях. У гады Вялікай Айчыннай вайны Сцяпан Манковіч быў камісарам партызанскай брыгады «Жалязняк», сакратаром Бягомльскага падпольнага райкама партыі. За асаблівыя заслугі быў узнагароджаны медалём «Залатая зорка» Героя Савецкага Саюза. Яго іменем названая адна з вуліц Бягомля.
«Мы — з Беларусі!»
… Нягледзячы на сур’ёзную, адказную работу, Ніна Сцяпанаўна знаходзіла час і на творчасць. З асалодай спявала ў ансамблі песні і танца «Спадчына», які вядомы і сёння. Была салісткай гэтага калектыву. Сярод яе любімых песень — «Што ж ты мне сэрца параніў…», першай выканаўцай якой была менавіта Ніна Сцяпанаўна. Гэты твор з’яўляўся і візітнай карткай калектыву.
Ніна сябравала з творчасцю і ў юнацтве, і ў студэнцтве. І сёння яркім успамінам застаецца для яе Сусветны фестываль моладзі і студэнтаў у Маскве, на якім пабывала ў 1957 годзе. Там быў арганізаваны вечар для дзяўчат: у ліку іншых яна атрымала запрашэнне-паштоўку арыгінальнай формы ў выглядзе кветкі з пяццю рознакаляровымі пялёсткамі, што сімвалізуюць і яднаюць усе кантыненты. Ёсць яно і на персанальнай выстаўцы.
Праз пяць гадоў пасля фестывалю Ніна зноў трапіла ў Маскву на ВДНГ, дзе пазнаёмілася з будучым мужам Уладзімірам. Кожны з іх выступаў там са сваім калектывам.
З цягам часу яны ўдваіх сталі ўдзельнікамі «Спадчыны». У скарбонцы яе дасягненняў мноства дыпломаў, грамат, удзячнасцей. Захаваліся і запрашальныя білеты, праграмка канцэрта «Мы — з Беларусі!», які ў 1966-м праходзіў у Крамлёўскім палацы. Справа ў тым, што ў ёй пазначана імя нашай зямлячкі як салісткі. Вылучаюцца на выстаўцы і цікавыя сувеніры – два медзведзяняты, што Ніне і Уладзіміру падарылі на гастролях у Германіі.
У музеі ёсць узор сцэнічнага ўбору артыстак «Спадчыны», у якім даводзілася ў розныя часы выступаць і ўрачу Сычовай. А асабістая калекцыя спражак, частка якой таксама тут прадстаўлена, здзівіла нават музейных работнікаў.
Для самой жа гераіні персанальнай выстаўкі стане рарытэтам і гэты нумар «Маладзечанскай газеты». Журналісты розных пакаленняў нашага выдання часам звярталіся да асобы слыннай зямлячкі. Для яе гэта яшчэ адна «сувязная нітка» са светам.
«Трэба жыць, як набяжыць, з усім змагацца і перамагаць – іначай нам удачы не відаць!» — так гаворыць Ніна Сычова, якая заўсёды шчодра дзеліцца жыццёвай мудрасцю. Прыслухаўся да яе і дырэктар Дзяржаўнага музея гісторыі Узброеных сіл Рэспублікі Беларусь Сяргей Азаронак.
Ірына РАБУШКА.
Фота: АЎТАР і архіў МІНСКАГА АБЛАСНОГА КРАЯЗНАЎЧАГА МУЗЕЯ.