Новости Молодечно и Молодечненского района

Камсамольцы 1960-х гадоў: на суботнік – як на свята

  • 2022-04-01 11:25:39

— Прачытала ў газеце, што цяпер аб’яўлены месячнік па навядзенні парадку на зямлі, і ўспомніла, як у свой час мы прыбіралі горад, дружна выходзілі на суботнікі, — расказвае Зоя Іванаўна.

У 1954 годзе яна прыехала ў Маладзечна. Спачатку працавала сакратаром-машыністкай у абласным камітэце камсамола, затым – у гарадскім. Успамінае, што разам з калегамі часта ездзілі на сельгасработы. Таксама дапамагалі будаўнікам на ўзвядзенні важнага аб’екта на плошчы імя Леніна (цяпер Цэнтральнай) – будынка абкама партыі, у якім сёння знаходзіцца політэхнічны каледж. Моладзь працавала з запалам, не лічылася з уласным часам, не скардзілася, што трэба было выходзіць на суботнік у выхадны дзень. Радасна было бачыць, як хуткімі тэмпамі рос манументальны будынак, які праз некалькі дзесяцігоддзяў назвалі помнікам архітэктуры і надалі яму статус гісторыка-культурнай каштоўнасці.

А на гэтым фота – камсамольцы, камуністы на адным з суботнікаў па ўборцы тэрыторыі вакол будынка гаркама партыі на вуліцы імя Прытыцкага, 29 (цяпер у ім размешчана дзіцячая школа мастацтваў).

Нягледзячы на тое, што мінула больш за паўстагоддзя, Зоя Іванаўна памятае людзей на здымку, які, па яе словах, хутчэй за ўсё зрабіў Міхаіл Асаевіч, тагачасны фотакарэспандэнт газеты «Святло камунізму». Нельга не заўважыць, што нават на суботніку дзяўчаты і жанчыны працавалі ў спадніцах, штаны ў той час не былі ў пашане. А вось хусткі яшчэ не выйшлі з моды…

Сярод жанчын адзіны мужчына Пётр Ханенка — загадчык аддзела райкама партыі. Побач з ім – Вера Тымечка, якая працавала прыбіральшчыцай у гаркаме камсамола.

— Мы называлі яе «пяты сакратар», бо яна заўсёды была ў курсе ўсіх навін, — з усмешкай успамінае Зоя Іванаўна.

Сама яна — у белым плашчы і такой жа хусцінцы – трэцяя справа ў другім радзе. Побач з ёю супрацоўніца аддзела партыйнага ўліку Яўгенія Сінягоўская, загадчыца аддзела райкама партыі Ніна Масквічова, загадчыца аддзела партуліку Марыя Крыжэвіч, кур’ер гаркама партыі Зінаіда Пупкевіч. На жаль, многіх з былых калег Зоі Іванаўны няма ўжо ў жывых. Але на гэтым веснавым здымку яны назаўсёды застануцца маладымі актывістамі, гатовымі па першым поклічы ўзяцца за любую работу дзеля таго, каб родны горад стаў яшчэ больш прыгожым.

Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.
Фота: архіў Зоі ВАХЛОВАЙ.