Новости Молодечно и Молодечненского района

Святочную атмасферу стварылі ў Хажоўскай школе

  • 2019-11-17 10:26:48
  • Анжаліка Крупянькова

Толькі заходзіш у фае -- адразу адчуваецца святочная атмасфера.

-- У восем гадзін раніцы мы павіншавалі першага выбаршчыка – мясцовага паштальёна Алу Целяшчук, якая жыве ў Адамавічах, -- расказваюць старшыня ўчастковай камісіі Святлана Галюк і сакратар Кацярына Карней.

На фотазонах кожны жадаючы можа сфатаграфавацца ў вобразе піянера або пад рамантычным парасонам. Прыцягваюць увагу вялізныя шахматы, якія стварыў настаўнік музыкі і працоўнага навучання Юрый Лешчык.

У 11 гадзін тут пачаўся канцэрт, які разам з юнымі выхаванцамі рыхтавала Алена Лубнеўская, педагог-арганізатар, член участковай камісіі. Для выбаршчыкаў спявалі ўдзельнікі вакальнай групы «Жураўлік», якой кіруе Юлія Байцова. Гучалі прыгожыя мелодыі ў выкананні юных цымбалістаў, баяністаў, акардэаністаў.

Дзецям, якія прыходзілі на выбары разам з бацькамі, дзядулямі і бабулямі, было цікава паглядзець прадстаўленне пальчыкавага тэатра. Пяцікласніцы Даша і Каця Ткачэнка, Каця Корабава паказалі казку «Зайчыкава хатка».

-- Сёння на выбарах у нас дэбют, а потым пойдзем з гэтым спектаклем у дзіцячы сад, пакажам яго і нашым першакласнікам, -- гавораць артыстычныя дзяўчынкі.

Фота і тэкст: Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.