Унутранае назіранне адбываецца і на Елгаўскім выбарчым участку №10 у Маладзечне.
Калі карэспандэнт наведаў участак, у пакоі для галасавання прысутнічалі назіральнікі ад Маладзечанскага раённага аб’яднання прафсаюзаў Аляксандр Касцюк і раённых арганізацый РГА «Белая Русь» Наталля Рошчына і БРСМ Ганна Кічыгіна.
-- У выбарчых кампаніях удзельнічаў і раней, быў старшынёй участковай і тэрытарыяльнай выбарчых камісій, -- гаворыць Аляксандр Касцюк. -- Акрамя таго, раённае аб’яднанне прафсаюзаў правяло навучанне назіральнікаў, якое ахапіла каля 150 чалавек. Свае правы і абавязкі як назіральніка ведаю дасканала.
Субяседнік паведаміў, што без праблем атрымаў акрэдытацыю на выбарчы ўчастак. Ён прысутнічаў на ўсіх пасяджэннях участковай камісіі, пры ім былі апячатаныя урны для галасавання. Маніторынг праводзіўся ў час датэрміновага галасавання і ў асноўны дзень галасавання.
-- Завяршыцца назіранне пасля падліку галасоў і падвядзення вынікаў выбараў на ўчастку. Потым справаздачу пра маніторынг накірую ў раённае аб’яднанне прафсаюзаў. Радуе актыўнасць выбаршчыкаў, абстаноўка ў час выбараў спакойная. Члены ўчастковай выбарчай камісіі дзейнічаюць зладжана і ў рамках заканадаўства. Заўваг да іх працы ў мяне няма. Галасаванне праходзіць без парушэнняў, -- падкрэсліў Аляксандр Касцюк.
Тэкст і фота: Алег БЯГАНСКІ.