Новости Молодечно и Молодечненского района

Юбілейныя памятныя медалі ўручылі былым вязням фашысцкіх канцлагераў

  • 2019-07-02 12:13:34
  • Вячаслаў Табулін

Юбілейныя памятныя медалі «75 год вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў» атрымалі былыя вязні фашысцкіх канцлагераў, якія жывуць на Маладзечаншчыне.

У актавай зале дзіцячай школы мастацтваў, дзе праходзіла ўрачыстая цырымонія, панавала цёплая, святочная атмасфера. Да прысутных звярнуўся старшыня раённага Савета дэпутатаў Андрэй Паўкшта.

-- 75 гадоў мы жывём пад мірным, чыстым небам, -- адзначыў выступоўца. -- Менавіта столькі часу мінула з той пары, калі была вызвалена Беларусь. Здаецца, даўно гэта было. Але толькі не для тых, хто зведаў жахі фашысцкіх канцлагераў. Бо памяць не блякне з часам. Таму што гэта памяць не толькі асобных людзей, аднаго пакалення.

Андрэй Паўкшта павіншаваў прысутных з 75-годдзем вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, пажадаў здароўя, уручыў кветкі.

Юбілейныя памятныя медалі ўручаў ваенны камісар Маладзечанскага і Валожынскага раёнаў палкоўнік Аляксандр Мацецкі. Ён сказаў, што ўсім, хто па стане здароўя не змог прыйсці на ўрачыстае ўзнагароджанне, прадстаўнікі ваеннага камісарыята ўручылі медалі па месцы жыхарства.

Ад імя былых вязняў выступіла маладзечанка Ларыса Сташкевіч.

-- Я прайшла праз Азарыцкі лагер смерці. Цяпер нават цяжка ўявіць, што давялося выпрабаваць на сабе, якія пакуты перажыць. Але такое не забываецца, -- пачала свой аповед, не хаваючы слёз, Ларыса Іванаўна. -- Нядаўна я ўдзельнічала ў мерапрыемствах, прысвечаных 75-годдзю вызвалення вязняў Азарыцкага лагера смерці. Яны доўжыліся тры дні. Вялікая дэлегацыя прыбыла з Германіі. Сярод яе членаў быў прафесар Крыстаф Рас. На падставе дакументаў ён напісаў кнігу пра Азарыцкі канцлагер і разам са студэнтамі нядаўна зняў фільм «Азарычы 1944 г.». Пасля памятнага мітынгу ў мемарыяльным комплексе «Азарычы» ў Беларускім дзяржаўным музеі Вялікай Айчыннай вайны адбыўся публічны прагляд гэтага фільма. Кінастужка вельмі ўразіла мяне, і я спытала ў аўтара фільма, чаму ён праз столькі гадоў пасля вайны звярнуўся да гэтай тэмы.

-- Каб не забывалі ў нашай краіне, асабліва моладзь, якая трагедыя адбылася на беларускай зямлі, каб ведалі ўсе мясціны, звязаныя са зверствамі фашызму, -- адказаў прафесар.

Фота: Вячаслаў ТАБУЛІН.

Чытайце таксама: Помощник Президента Игорь Евсеев вручил юбилейную медаль ветерану войны из Молодечно