У 2019-2020 гадах праводзіцца абследаванне сацыяльна-бытавых умоў жыцця ветэранаў вайны і сем’яў ваеннаслужачых, партызан і падпольшчыкаў, іншых катэгорый грамадзян, якія пацярпелі ад наступстваў вайны. Пры неабходнасці ім будзе аказана дапамога. Спецыялісты цэнтральнай раённай бальніцы на працягу гэтага часу правядуць комплексныя медыцынскія агляды ветэранаў вайны, акажуць ім медыцынскую дапамогу.
У раёне пройдуць дабрачынныя акцыі «Ветэран жыве побач», «Добрае сэрца – ветэранам», «Клопат» і іншыя. Атрады юных цімураўцаў і валанцёраў завітаюць да ўдзельнікаў вайны, прапануюць сваю дапамогу, распытаюць аб іх ратных подзвігах. Да юбілейных дат удзельнікі вайны атрымаюць памятныя падарункі.
Увекавечванню памяці загінулых у гады вайны надаецца асаблівае значэнне. Будзе праводзіцца рамонт і добраўпарадкаванне на мемарыяльных комплексах, помніках, воінскіх пахаваннях. На гэтыя мэты пойдуць сродкі, заробленыя ў час суботнікаў. Да работы падключацца валанцёрскія атрады, аб’яднаныя рухам «Добрае сэрца».
Запланавана шмат тэматычных мерапрыемстваў. У раёне пройдуць урачыстыя мітынгі-рэквіемы, святочныя канцэрты, сустрэчы з ветэранамі вайны, спартыўныя мерапрыемствы, народныя гулянні. Адбудзецца раённы этап рэспубліканскага патрыятычнага праекта «Кветкі Вялікай Перамогі», моладзь уключыцца ў акцыю «Іх імёнамі названы студэнцкія атрады». Будуць арганізаваны таксама фестываль-конкурс вакальна-харавых калектываў «Паклон табе, мой родны беларускі край!», фотавыстаўка «Дарогамі вызваліцеляў».
Наша газета раскажа пра гэтыя мерапрыемствы, пра ветэранаў Вялікай Айчыннай, якім выпала шчасце дажыць да 75-годдзя з дня вызвалення.