Сёлета жыхары Палачанскага сельсавета ўпершыню далучыліся да рэспубліканскай акцыі «Беларусь памятае». Мясцовыя ўлады з дапамогай неабыякавых акты-
вістаў пярвічных арганізацый Беларускага саюза жанчын і савета ветэранаў аб’ездзілі амаль усе вёскі ў наваколлі, заклікалі сваякоў былых воінаў прыняць удзел ва ўрачыстым шэсці ад чыгуначнай станцыі да абеліска загінулым землякам у цэнтры аграгарадка.
— Дарэмна мы хваляваліся: ці падтрымаюць нас людзі, ці прыйдуць на свята. Бачыце, сабраліся цэлымі сем’ямі: дзеці, унукі, праўнукі прыехалі з Маладзечна, Мінска, іншых гарадоў. Атрымалася нават больш масава, чым мы маглі ўявіць, — гаворыць старшыня сельскага Савета дэпутатаў Анастасія Іода.
У яе руках – партрэт Івана Легана, роднага брата дзядулі, які ваяваў на фронце.
— А ў мяне, на жаль, не засталося партрэта таты — радавога Аляксандра Плескача, які пайшоў на фронт у 44-м з нашых Кабылак (цяпер Зоранька), дайшоў да Германіі. Калі ён вярнуўся з вайны, мама падхапіла мяне на рукі і пабегла яго сустракаць. Гэты шчаслівы момант памятаю ўсё жыццё! — падключаецца да размовы адна з арганізатараў акцыі стараста вёскі Груздава Ніна Станевіч.
Яе аднавяскоўцы — сям’я Любові і Вячаслава Бажко — прыйшлі на ўрачыстасць цэлай камандай з 12 чалавек. У руках праўнукаў – павялічаныя фотаздымкі іх гераічных продкаў. А Паша і Міша Бажко трымаюць партрэт свайго прадзеда Івана Стрыгі, напісаны маладзечанскім мастаком Леанідам Станкевічам. «Наш прадзед ваяваў за сваю вёску, за ўсю Беларусь!» — з гонарам кажуць хлопчыкі.
Мінчаніна Андрэя Чарапка назвалі ў гонар дзеда, які быў сувязным партызанскага атрада, у мірны час настаўнічаў у вёсцы Гаеўцы. Не толькі дзедаў партрэт, але і яго пінжак з узнагародамі прынёс Андрэй на ўрачыстасць.
— У мяне чацвёра дзяцей. Меншаму Федзю толькі месяц, ён з мамай дома. А старэйшых Аліну, Максіма і Мацвея кожны год прывожу сюды на Дзень Перамогі. Расказваю ім пра іх прадзеда, каб яны праз гісторыю сваёй сям’і ведалі гісторыю сваёй Радзімы, ганарыліся ёю, — гаворыць Андрэй Чарапок.
У кожнага з прысутных свая шчымлівая гісторыя, свае дарагія страты. Аб’яднаныя агульнай ідэяй, палачанцы схілілі галовы ў хвіліне маўчання перад мужнасцю сваіх землякоў і ўсіх воінаў-вызваліцеляў. Да іх звярнуліся са словамі віншавання старшыня Палачанскага сельскага Савета дэпутатаў Анастасія Іода, старшыня ветэранскай арганізацыі Людміла Леган, настаяцель мясцовай царквы Нараджэння Прасвятой Багародзіцы айцец Павел.
Вучаніцы мясцовай школы Каця Дземеш і Нэлі Вайнберген прачыталі прозвішчы ўсіх загінулых землякоў. Ніна Станевіч назвала ўсіх былых воінаў, чые партрэты прынеслі ў гэты дзень сваякі. Іх запісвалі перад урачыстым шэсцем, спіс аказаўся доўгім – пад сто прозвішчаў, а можа, і больш…
— Захоўвайце партрэты нашых воінаў, цяпер мы кожны год будзем збірацца на святочнае шэсце, — заклікала землякоў Ніна Станевіч.
Мілыя сэрцу «Кацюша» і «Смуглянка» гучалі для палачанцаў у гэты дзень у скверы. Дырэктар Дома культуры Алена Абіда, мастацкі кіраўнік Лізавета Глябовіч, іх юныя памочнікі падрыхтавалі святочны канцэрт.
— Ці жывуць у вашай мясцовасці ўдзельнікі вайны? — не магла не пацікавіцца ў старшыні ветэранскай арганізацыі Людмілы Леган.
— Васілій Нехвядовіч з Вялікага Сяла адзначыў стагоддзе, яго забралі дзеці ў Мінск. А вось Мікалай Завадскі жыве ў Палачанах, праўда, з-за стану здароўя на свята прыйсці не змог, — сказала Людміла Яўгеньеўна.
Разам з ёю мы наведалі Мікалая Фёдаравіча, адзінага на ўсё наваколле ўдзельніка вайны. Яму ёсць што расказаць. За тое, што адным з першых у сваім падраздзяленні фарсіраваў Одэр, уварваўся ў варожую траншэю і забіў дзевяцярых фашыстаў (так напісана ва ўзнагародным лісце) быў прадстаўлены да ордэна Славы ІІІ ступені. Вестку аб Перамозе сустрэў у рэйхстагу, сам Галоўнакамандуючы Георгій Жукаў паціснуў яму руку. Сярод сямейных рэліквій – падзячнае пісьмо яфрэйтару Завадскаму ад Іосіфа Сталіна. У мірны час Мікалай Фёдаравіч працаваў на чыгунцы. Разам з жонкай Кацярынай Сямёнаўнай яны атулены клопатам дзяцей, унукаў, праўнукаў. Блізкія сабраліся ў бацькоўскім доме, каб павіншаваць Мікалая Фёдаравіча з Днём Перамогі.
— Для нас гэта самае дарагое свята! – гаворыць праўнучка, уручаючы ветэрану букет чырвоных цюльпанаў. А імя ў дзяўчынкі сімвалічнае — Вікторыя, што азначае «перамога».