Напярэдадні Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь у яе дом з ганаровай місіяй завітала прадстаўнічая дэлегацыя. Старшыня Лебедзеўскага сельскага Савета дэпутатаў Тамара Дудзіч уручыла Ніне Аляксандраўне юбілейны медаль «75 год вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў», а таксама кветкі, салодкі падарунак.
На тэрыторыі сельсавета жывуць яшчэ трое ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай: у Турэц-Баярах — Аляксей Маскацінін, у Лебедзеве — Осіп Піліпавец, у Беніцы — Васілій Кечык. Прадстаўнікі мясцовай улады наведалі кожнага, уручылі юбілейныя медалі.
Ніну Панамарэнка таксама павіншавалі з надыходзячым вялікім святам выконваючы абавязкі старшыні ААТ «Заскавічы» Уладзімір Міранчук, інспектар сельвыканкама Жанна Нядзелька. Дырэктар Лебедзеўскага дома культуры Кацярына Грыб і акампаніятар Андрэй Дзевялтоўскі падрыхтавалі музычны нумар, у час якога віноўніца ўрачыстасці нават падтанцоўвала, абапіраючыся на кіёк.
— Сапраўднае свята ў мяне! – расчулена гаворыць Ніна Аляксандраўна.
Ёй было сямнаццаць, калі пачалася вайна. Жыла яна ў вёсцы Асінаўка на Вілейшчыне. Вялікае гора напаткала яе сям’ю з прыходам акупантаў — фашысты спалілі іх дом, расстралялі бацьку і маці. Ніне з дзедам цудам удалося ўцячы да партызан. Дзяўчыну залічылі сувязной партызанскай брыгады «За Савецкую Беларусь», якую ўзначальваў Андрэй Валынец, адзін з арганізатараў і кіраўнікоў партызанскага руху на тэрыторыі былой Вілейскай вобласці, якому ў 1944 годзе было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. Нінін дзед Міхаіл Шаюк быў добра знаёмы з бацькам Андрэя Валынца.
Ніна Аляксандраўна ўспамінае, як выпраўлялі яе на заданні:
— Схадзі ў Заскавічы, паназірай за будынкам камендатуры: якія машыны туды прыязджаюць, колькі іх, — казаў дзед. — З пянькі сплёў мне чуні, знайшоў стары каптан, каб у вочы нікому не кідалася… Потым былі і больш складаныя даручэнні. Хадзіла ў Палачаны, дзе служыла да вайны ў багатых людзей. Там жыла жанчына, якая працавала ў немцаў і праз мяне перадавала партызанам каштоўныя звесткі.
Ніна насіла пісьмы, удзельнічала ў партызанскіх рэйдах, хадзіла ў разведку. За мужнасць і гераізм яна ўзнагароджана ордэнам Вялікай Айчыннай вайны І ступені, медалямі «За адвагу», «За Перамогу над Германіяй» і іншымі.
Дзяўчына разумела, што рызыкавала жыццём, бачыла, як распраўляліся фашысты і паліцаі з партызанамі і тымі, хто ім дапамагаў.
— Дзеткі, я такога гора нацярпелася, што і расказваць цяжка! Уся радня мая загінула. І дзеда не ўберагла: зажыва згарэў у час бамбёжкі… Не дай Бог нікому такое перажыць. Вайна – самае страшнае, што толькі можа быць на свеце, — гаворыць былая партызанка.
Жыве яна адна. Расказвае, што самыя лепшыя гады яе жыцця былі пасля вайны, калі выйшла замуж за ўкраінца Міхаіла Панамарэнку, былога франтавіка. Ім далі ў Заскавічах невялічкую хатку. Міхаіл быў вельмі добрым, гаспадарлівым, хацеў новы дом пабудаваць, ды не паспеў. Усяго пяць гадочкаў пражылі, памёр ён ад ран. На сцяне – іх вялікі партрэт, на якім яны маладыя і шчаслівыя. Ды толькі нядоўгім было іх шчасце, і дзетак Бог не даў…
Ніна Аляксандраўна расказвае, што па доме ёй дапамагае сацыяльны работнік Наталля Макарэвіч, а яшчэ ў яе вельмі чулыя і добрасардэчныя суседзі Алена Харкевіч, Надзея Белановіч, Рэгіна Верамей. Яны заходзяць, клапоцяцца. Калі ляжала нядаўна ў горадзе ў бальніцы, часта наведвалі. Прыемна, што не забывае, заўсёды віншуе са святамі адміністрацыя ААТ «Заскавічы», дзе яна адпрацавала больш за 40 гадоў: была даяркай, паляводам, узнагароджана медалём «Ветэран працы».
— Ніна Аляксандраўна, у вас такое доўгае жыццё. А што ў ім было самым радасным?
— Калі фашыстаў Савецкая армія з нашай зямлі пагнала. Мы пасля вызвалення ніякай працы не баяліся — столькі ў нас было сіл і радасці, што мір наступіў. Гэта і ёсць самае вялікае шчасце…
Фота: Аляксей ПЛАТКО.