Новости Молодечно и Молодечненского района

«Молодежный марафон «75» встретили в Молодечно (фотоотчет)

  • 2019-06-14 13:44:42
  • Людміла Цар

Маладзечна сустракала ўдзельнікаў маладзёжнага марафону «75», што праходзіць у рамках рэспубліканскай патрыятычнай акцыі «Кветкі Вялікай Перамогі». Мерапрыемствы прысвечаны 75-й гадавіне вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Праграма традыцыйна пачалася з ускладання кветак да мемарыяльнага комплексу воінам-вызваліцелям у парку Перамогі. На пляцоўцы ля Летняга амфітэатра самадзейныя артысты прадставілі тэматычную канцэртную праграму, цэнтр творчасці дзяцей і моладзі «Маладзік» разгарнуў мастацкую экспазіцыю.

Вайна прайшла праз кожную беларускую сям’ю. Параніла, пакалечыла, забрала кожнага трэцяга жыхара. Жорсткая і крывавая, яна пакінула цяжкі след у гісторыі краіны і лёсах людзей.

— Марафон «75» стартаваў 11 чэрвеня ля стэлы «Мінск — горад-герой». Маршрут пралягае па дарогах вызвалення Беларусі. У Астраўца эстафету пераняло Маладзечна, тут мы зрабілі сёмы па ліку прыпынак, — расказала сакратар цэнтральнага камітэта ГА БРСМ Юлія Зінкевіч. — Удзельнікі марафону наведваюць месцы баявой славы, збіраюць гісторыі аб баявых подзвігах. Мы ў чарговы раз можам упэўніцца, што памяць беражліва захоўваецца ў сем’ях беларусаў, як святыня перадаецца нашчадкам.

У рамках праекта працуе перасовачная экспазіцыя «Вызваленне Беларусі», створаная Беларускім дзяржаўным музеем гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Экспанаты адлюстроў-
ваюць ваенныя падзеі, перадаюць памяць аб асобах, вядомых і невядомых героях, якія адстаялі мір.
Побач з экспазіцыяй – сканлабараторыя, у якую маладзечанцы перадавалі звесткі аб сваіх земляках, сваяках і блізкіх, сканіравалі фотаздымкі і дакументы. У іх ліку педагогі-арганізатары СШ №12 Юлія Сапаненка і Вольга Руткоўская. Яны прынеслі партрэты ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны Івана Сапаненкі і Мітрафана Жамчужнікава, імя якога носіць піянерская дружына школы. Сабраная ў ходзе праекта інфармацыя дапаможа ў стварэнні альбома «Беларусь помнит. Родные лица Победы», на старонках якога будзе прадстаўлена моладзь рэспублікі, іх дзяды і прадзеды з пакалення пераможцаў.
Далучыліся да марафоннага руху настаўніца гімназіі-каледжа мастацтваў Юлія Чэрнік з сынам Дзмітрыем, навучэнцам СШ №14. У іх руках — партрэты ветэранаў Мікалая Клімянкова і Мікалая Чэрніка, якія гераічна змагаліся з ворагам, прайшлі ўсю вайну, былі адзначаны высокімі ўзнагародамі.

— Я вельмі ганаруся сваім бацькам Віктарам Касарыцкім, — гаворыць маладзечанка Святлана Касарыцкая. – Ад радавога ён даслужыўся да маёра, быў тройчы паранены. Узнагароджаны ордэнамі Аляксандра Неўскага і Айчыннай вайны, медалём «За Перамогу над Германіяй». Пасля вайны атрымаў вышэйшую адукацыю, займаў адказныя пасады ў калінкавіцкай раённай газеце «Сцяг камунізму», быў членам Саюза журналістаў СССР.

Першы сакратар Мінскага абкама БРСМ Кірыл Шык адзначыў:
— Маладзёжны марафон «75» –даніна памяці нашым продкам. Народ, які не ведае сваіх каранёў, не мае будучыні. Павага да гісторыі краіны, удзячнасць старэйшаму пакаленню – гэта магчымасць жыць і працаваць у мірнай Беларусі.

Сімвалічныя акцэнты

Па праграме маладзёжнага марафону «75 » праходзяць адкрытыя дыялогі, опен-эйры «Кветкі Вялікай Перамогі», арганізавана работа мабільнай экспазіцыі. Плануецца, што створаныя ў яго ходзе палотнішча «Беларусь памятае» і альбом будуць перададзены ў Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Адбудзецца гэта ў час правядзення ўрачыстых мерапрыемстваў, прысвечаных 75-й гадавіне вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне.

Фота: Лілія ЛІПНІЦКАЯ.