Новости Молодечно и Молодечненского района

Маладзечаншчына далучылася да акцыі «Беларусь памятае. Памятае кожнага»

  • 2019-07-02 08:46:47
  • Ірына Рабушка

Ні адно знакавае месца і мемарыял воінскай славы не застанецца без увагі.

Аддаць даніну памяці пакаленню пераможцаў мы накіраваліся разам з выконваючай абавязкі другога сакратара райкама БРСМ Аленай Станкевіч і юнымі ўдзельнікамі маладзёжнага руху Сяргеем Дабравольскім, Яўгеніем Дараховічам, Ягорам Сцепановічам, Ягорам Прадко і Андрэем Шпілем. Гэта будучыя тэхнікі-электрыкі, якія вучацца ў філіяле «Маладзечанскі дзяржаўны політэхнічны каледж» УА «Рэспубліканскі інстытут прафесійнай адукацыі». Моладзь з цікавасцю акунулася ў гісторыю Вялікай Айчыннай вайны, бо разумее значнасць подзвігу вызваліцеляў.

Мы пабывалі ля абеліска, што ўстаноўлены на выездзе з Маладзечна ў бок Вілейкі ў знак памяці пра мірных жыхароў нашага горада, якія былі расстраляныя ў гады Вялікай Айчыннай вайны. З’ездзілі ў вёску Сакаўшчыну, якую ў 1943-м цалкам знішчылі фашысцкія карнікі. Як напамін аб трагічных падзеях тут узвышаецца на ўзгорку помнік. А ў былым лазавецкім лесе пабывалі на месцы, дзе са жніўня 1943-га па ліпень 1944 года праводзіліся пасяджэнні Маладзечанскага падпольнага райкама камсамола, сустрэчы з падпольшчыкамі і партызанскімі сувязнымі.

Алена Станкевіч падкрэсліла, наколькі важна ведаць і цаніць сваю гісторыю і берагчы мір. Дарэчы, яе прадзед і прабабка па бацькавай лініі таксама зведалі пакуты Вялікай Айчыннай вайны. Пётр Станкевіч і Софія Вайніловіч родам з вёскі Савічы Іўеўскага раёна. Калі пачалася Вялікая Айчынная, ім было ўсяго 17 і 16 гадоў. Як і многім іншым аднавяскоўцам, ім давялося пад прымусам немцаў будаваць вузкакалейку на станцыі Юрацішкі.

-- На жаль, не памятаю ні прадзеда, ні прабабку – яны пайшлі з жыцця, калі я была яшчэ зусім маленькай. Не даводзілася бываць і на радзіме сваіх продкаў, -- гаворыць Алена. – Але я бясконца ўдзячная ім, як і ўсім прадстаўнікам пакалення тых часоў, за сённяшні дзень. А што будзе заўтра, ужо залежыць ад нас, сучаснікаў.

Фота: Ірына РАБУШКА.