Жыхары нашага раёна ведаюць Сяргея Віктаравіча як скрупулёзнага краязнаўца, які вывярае кожны факт па архіўных дакументах. Гісторыі роднага краю, трагічным часам ліхалецця ён прысвяціў чатыры кнігі — «Красненскія таямніцы», «Просім у вас прабачэння», «Невядомае пра вядомае (Хто насіў пояс Вітаўта? Новая версія.)», «І зноў пра Краснае».
— Мне вельмі «баліць» тэма Вялікай Айчыннай вайны, бо хочацца, каб сучаснікі ведалі праўду. Як вядома, у вёсцы Краснае размяшчаліся маштабныя нямецкія базы. Мой бацька, дарэчы, таксама прайшоў крывавымі дарогамі, — гаворыць субяседнік. – Гісторыяй вайны цікавіўся яшчэ школьнікам, але паглыбіўся ў яе вывучэнне, калі працаваў у Мінскім абласным краязнаўчым музеі. На жаль, неаднойчы даводзілася бачыць памылкі ў літаратурных крыніцах і нават афіцыйных звестках.
Так у Сяргея Старыкевіча з’явілася задума пра чарговую даследчую работу, якая, спа-
дзяецца ён, ператворыцца ў кнігу. Апошнім часам краязнавец вывучае гісторыю канцлагераў, што ў гады Вялікай Айчыннай існавалі ў Красным. Ён ездзіць па розных гарадах Беларусі і падоўгу штудзіруе архіўныя дакументы, як сам гаворыць, акунаецца ў сівую мінуўшчыну. Сустрэліся мы з ім перад чарговай яго паездкай у Мінск.
Сяргей Віктаравіч расказвае, што ў вайну ў вёсцы функцыянавалі тры канцлагеры:
— З 1941-га па 1944 год дзейнічаў працоўны — размяшчаўся на тэрыторыі сучаснай воінскай часці. Другі быў створаны ў 42-м на гары ля чыгуначнага пераезда ў бок вёскі Уланаўшчына. Вязні выконвалі розныя работы на чыгунцы, аднаўлялі палатно пасля дыверсій. Пра гэтыя лагеры пакуль сабрана нямнога звестак. Найбольш інфармацыі ўдалося адшукаць пра канцлагер, які з 41-га па 44-ы знаходзіўся паміж аўтатрасай і чыгункай і вязні якога ўзводзілі дарогі, выконвалі іншыя даручэнні.
Сяргей Віктаравіч прынёс у рэдакцыю чарцёж, што аднавіў па аэрафотаздымцы, зробленай у гады Вялікай Айчыннай вайны з нямецкага самалёта. Фотадакумент, знойдзены ў амерыканскіх архівах, яму даслаў з-за акіяна ўраджэнец Краснага Марк Хамічонак, які жыве на далёкім кантыненце, але цікавіцца краязнаўствам малой радзімы.
— Па ценях і паўценях на аэрафотаздымцы, а таксама па партызанскіх дакументах, што сам адшукаў у беларускіх архівах, удалося разабрацца, дзе знаходзіліся чатыры баракі для вязняў: два былі вялікія і два – крыху меншыя. Устанавіў і месцазнаходжанне вартаўнічай аховы. У многіх літаратурных і інфармацыйных крыніцах ёсць звесткі, што яна размяшчалася па перыметры: на вышках, устаноўленых на кожным з чатырох вуглоў. Нібыта вартавалі на іх па чатыры чалавекі з кулямётамі. Але гэта не так. Там былі дзве варты – ля ўвахода і паралельна з адваротнага боку. Тэрыторыя канцлагера была ачэплена калючым дротам і добра асвятлялася, — тлумачыць Сяргей Віктаравіч. – Збегчы адтуль было практычна немагчыма. Хіба толькі гэта змаглі зрабіць у самыя першыя дні зняволення некалькі вязняў. Неяк мне давялося сустрэцца з жыхаром Мясаты, у якога хаваўся адзін з беглых.
Краязнавец удакладніў, што ў гэтым канцлагеры ўтрымлівалася ад 200 да 600 чалавек. Прычым у 43-м ён ператварыўся ў своеасаблівую размеркавальную базу для вязняў: адсюль жыхароў Краснага і бліжэйшых вёсак пачалі ссылаць у Германію. А сюды неўзабаве сталі зганяць рускіх — пераважна з Калінінскай, Бран-
скай і Смаленскай абласцей.
— Хутчэй за ўсё іх перапраўлялі да нас таму, што ўжо не было каму будаваць дарогі. Паколькі ў 43-м у Красным адбыўся масавы расстрэл яўрэяў, — працягвае Сяргей Віктаравіч. – Лічыцца, што паблізу канцлагера пахаваныя 15 вязняў. Але ў адным з дакументаў адшукаў звесткі пра 160 загінулых. У той час тут, дарэчы, лютаваў тыф. Таму мяркую, што наша зямля стала апошнім прытулкам для значна большай колькасці зняволеных.
Пасля дасканалага вывучэння аэрафотаздымкі краязнавец устанавіў і дакладнае месцазнаходжанне канцлагера.
— Зачэпкай сталі рэшткі падмурка прыбіральні, што размяшчалася на тэрыторыі. Яны захаваліся і сёння. Праўда, гэта месца ператварылася ў сметнік, — працягвае субяседнік.
Сяргей Віктаравіч добра памятае, як яшчэ вучнем Красненскай школы разам з іншымі дзецьмі і настаўнікамі садзіў паблізу гэтага месца дрэвы. Яны шапацяць і сёння.
— 2019-ы праходзіць пад знакам 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. У 2020-м таксама значная для нашай краіны дата – 75-годдзе Вялікай Перамогі. Было б выдатна і, калі можна так сказаць, справядліва добраўпарадкаваць на тэрыторыі былога канцлагера памятнае месца. Зрабіць гэта можна без асаблівых фінансавых укладанняў. Сімвалічна па перыметры абазначыць валунамі і меншымі камянямі тэрыторыю і месцазнаходжанне баракаў. Устанавіць інфармацыйны стэнд аб жудасных падзеях Вялікай Айчыннай. Безумоўна, неабходна расчысціць сметнік. На дапамогу гатова прыйсці Красненская школа. Мне даводзілася размаўляць пра гэта з адміністрацыяй і настаўнікамі. Мяркую, далучацца брсмаўцы, знойдуцца неабыякавыя людзі, зацікаўленыя арганізацыі. Будучыня трымаецца на памяці пра мінулае.
Фота: Ірына РАБУШКА.