Журналісты «МГ» адшукалі людзей, якія нарадзіліся ў гэтыя гады, і распыталі, як склаўся іх лёс.
Расце ў Заскавічах Маргарыцін дуб
— Ніколі не думала, што дуб можа так хутка вырасці. У 1976-м, калі адкрыўся наш дзіцячы сад, мы яго пасадзілі. Гляньце, галіны ў неба ўпіраюцца, — гаворыць першая і нязменная на працягу больш чым двух дзясяткаў гадоў загадчыца Заскавіцкага дзіцячага сада Маргарыта Монід.
Дата яе нараджэння – з адных чацвёрак: 4.04.1944. За некалькі месяцаў да вызвалення з’явілася яна на свет на хутары Купрыяніца, што за паўтара кіламетра ад вёскі Хатуцічы. Бацьку Івана Сцяпанавіча на фронт не ўзялі, бо ён працаваў у Маладзечне на чыгунцы піларамшчыкам, бляхаром. А вось яго родны брат Міхаіл прапаў без вестак. Ваявалі і тры родныя браты маці Антон, Віктар і Пётра Бобрыкі. Матуля Усціння Піліпаўна была знатнай на ўсё наваколле швачкай, працавала паляводам. А які хлеб яна пякла! Нямала дэлегацый калгас «Светлы шлях» сустракаў з яе пірагамі ды хлябамі.
— Мы з малодшай сястрой Варварай таксама і шыць, і вышываць умеем. Бацькі навучылі нас працавітасці, шчырасці, павазе да людзей, веры ў Бога. Мама ў Беніцкай царкве хорам кіравала, цяпер мы з сястрой там спяваем, — расказвае жанчына.
Маргарыта вучылася ў Хатуцічах, куды пасля ліквідацыі хутароў вымушана была пераехаць іх сям’я. Дзесяцігодку закончыла ў Залессі. І вярнулася ў родную школу піянерважатай. Завочна паступіла ў Мінскі педінстытут. Успамінае, як з піянерамі на ферме ў Конавічах праводзілі інфармацыйныя гадзіны. Не толькі апошнія навіны жывёлаводам з газет чыталі, але і песні спявалі, нават танцавалі «пад язык». Пайшоў па калгасе рэзананс пра актыўную піянерважатую.
— Я на полі буракі палола, бачу — старшыня нашага калгаса «Светлы шлях» Уладзімір Калачык крочыць. «Пойдзеш загадчыцай у наш дзіцячы сад? – пытаецца. І дадае. – Забяспечым жыллём. Думай да вечара, заўтра раніцай – да мяне на прыём!». Я ўжо была замужам за сваім Іванам. Ён працаваў вадзіцелем у калгасе. Мы жылі ў маленькай хатцы разам з бацькамі мужа. Страшна было ісці на такую адказную пасаду, але вырашыла рызыкнуць, — успамінае мая субяседніца.
У лепшыя часы ў калгасным садзе было пад сто дзетак. У спальні ложкі ўшчыльную стаялі, як прайсці. У ясельную групу прыводзілі малышоў ад года, дэкрэтны водпуск тады быў усяго год. Работы шмат, адказнасць за дзяцей вялікая, але калектыў падабраўся дружны. Першымі памочніцамі загадчыцы былі выхавальніцы Валянціна Драко, Маргарыта Маскацініна, Валянціна Асіповіч. Часта іх сад наведвалі замежныя дэлегацыі, дзеці бойка спявалі, чыталі вершы – прывыклі быць на вачах. Урачыста выпраўлялі хлебаробаў на першую баразну, рыхтавалі праграму на зажынкі і дажынкі. Натхняльнікам заўсёды была загадчыца, якая магла за ноч скласці вершаваны сцэнарый ранішніка, на Новы год была Дзедам Марозам, а часам і Бабай-Ягой…
У дзіцячым садзе: Маргарыта Іванаўна і яе сыночкі.
Працавалі не столькі за зарплату, якая ў садаўскіх работнікаў ніколі не была высокай, колькі за ідэю, прэстыж сваёй установы. За добрасумленную працу Маргарыце Монід было прысвоена ганаровае званне «Выдатнік адукацыі». Як усё паспявала — Маргарыта Іванаўна і сама здзіўляецца. Яшчэ і ў калгасным хоры спявала, з ім нават у Маскве на ВДНГ выступала. Дома была гаспадарка, у сям’і падрасталі сыны Іван, Мікалай і Юра. Двое старэйшых, дарэчы, засталіся ў родным калгасе, працуюць механізатарамі. Юрый жыве ў Мінску, але ў час жніва прыязджае, ідзе памочнікам на камбайн да Мікалая… На жаль, 15 гадоў таму раптоўна памёр муж. Сыны, унукі – яе ўцеха, сэнс жыцця. Займаецца і грамадскай работай, шмат гадоў была старастай вёскі Заскавічы, з’яўляецца старшынёй пярвічнай ветэранскай арганізацыі Лебедзеўскага сельсавета. Яна часты госць у мясцовай школе, пад дахам якой размясціўся і дзіцячы сад. А яго прасторны былы будынак пустуе, і ад гэтага сум у вачах былой загадчыцы. Калі ідзе міма, любуецца дубам, іншымі дрэвамі і кустамі, што садзілі, расцілі з калегамі і выхаванцамі. І нібы вяртаецца ў тыя часы, калі тут гучалі звонкія галасы дзяцей, якім яна прысвяціла лепшыя гады жыцця…
Анжаліка Крупянькова.
Фота: Аляксей ПЛАТКО, архіў Маргарыты МОНІД.
Наталля ЛАМАКА: «Спяваць на роднай мове сапраўдная асалода»
Яшчэ маленькай дзяўчынкай маладзечанка Наталля Ламака, равес-
ніца Канстытуцыі вельмі пакрыўдзілася, калі на міжнародным конкурсе юных талентаў у Сербіі замежныя равеснікі нічога не ведалі пра Беларусь і тым больш пра Маладзечна. Тады яны адназначна вырашыла для сябе славіць малую радзіму.
Наталлю вельмі падтрымліваюць блізкія, сваім галоўным настаўнікам і адначасова фанатам лічыць дзеда па мамінай лініі Вадзіма Брылеўскага. Яго прафесія абсалютна не звязаная з творчасцю, да выхаду на заслужаны адпачынак шмат гадоў працаваў на мясцовым заводзе металаканструкцый, у тым ліку на кіруючых пасадах. Але ў душы Вадзім Сямёнавіч заўзяты творца, баяніст-самавучка з выдатным слыхам. Менавіта пад дзедаў акампанемент Наталля спявала свае першыя песні. Яны і цяпер стараюцца знаходзіць час для творчага дуэта, нягледзячы на вялікую занятасць Наталлі, якая кіруе ўзорнай эстраднай студыяй «Жывы гук» мясцовага Палаца культуры і вучыцца ў магістратуры сталічнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў. Часам яна дасылае па мабільным тэлефоне дзеду відэаролікі сваіх выступленняў.
А першыя крокі на прафесійную сцэну Наталля зрабіла якраз у студыі «Жывы гук», дзе займалася на працягу дзесяці гадоў. Цяпер яна спявае на чатырох мовах – беларускай, рускай, англійскай і французскай (замежнымі займаецца самастойна).
Наталля Ламака.
— Мажліва, прагучыць пафасна, але з дзяцінства я была і застаюся патрыёткай сваёй радзімы. Сапраўдная асалода спяваць на роднай мове, якая выдатна кладзецца на музыку. У маё патрыятычнае выхаванне асаблівы ўклад унёс тата. Калі вы пацікавіцеся, якія тэлеперадачы я памятаю з дзяцінства, без замінкі адкажу: навіны! Разам з ім мы іх і глядзелі, — усміхаецца субяседніца.
А яшчэ Наталля і сёння памятае, як захліствала яе хваляванне, калі ўступала ў рады піянерыі ў роднай чатырнаццатай школе.
— Цырымонія была надзвычай урачыстай! Назубок вывучыла клятву піянера і вельмі баялася, каб не забыць. Але ўрэшце нам, школьнікам, не давялося яе чытаць, — працягвае Наталля.
Калі яна пасталела, улілася ў рады БРСМ. Асабліва яркія эмоцыі ў яе засталіся ад акцыі «Цягнік Перамогі». Разам з іншымі самадзейнымі і прафесійнымі артыстамі дзяўчына калясіла па абласных цэнтрах з тэматычнай праграмай. У дуэце з Арцёмам Саладухам ёй даверылі спяваць гімн гэтай акцыі.
— У цягніку было ўсяго пяць вагонаў – адзін з іх ператварылі ў музей, другі трансфармаваўся ў сцэну і яшчэ тры прыстасавалі для пражывання выступоўцаў, — успамінае Наталля. – Нас цёпла віталі на кожным прыпынку, з канцэртнай праграмай далучаліся артысты кожнай вобласці.
Запамінальным момантам творчай біяграфіі стала таксама выступленне на Дзень Незалежнасці ў сталічным Палацы Рэспублікі. Гэты канцэрт глядзелі кіраўніцтва краіны, міністэрстваў і, канечне, ветэраны. Наталля спявала ў секстэце – маладыя таленавітыя прадстаўнікі ад кожнай вобласці падарылі публіцы знакамітую «Белоруссию» з рэпертуару «Песняроў».
— Публіка ўстала і апладзіравала. А калі потым я глядзела тэлеверсію, убачыла, што многія гледачы плакалі. Гэта немагчыма забыць, — заўважае Наталля.
Летась яе як адну з лепшых студэнтак універсітэта культуры, якая знаходзіцца ў базе даных адоранай моладзі краіны, запрасілі на рэспубліканскі баль выпускнікоў, што па традыцыі праводзіцца з удзелам Прэзідэнта краіны. Менавіта наша зямлячка стала каралевай гэтага балю. Сімвалічную карону ёй уручыла «Міс Беларусь-2018» Марыя Васілевіч.
Сёлета вясной маладзечанка ў складзе беларускай дэлегацыі пабывала ў гіганцкім кітайскім горадзе Чунцыне на Дні Мінскай вобласці. Жыхары Паднябеснай з задавальненнем падпявалі ёй «Купалінку». А зусім нядаўна Наталля вярнулася з балгарскага горада Горна-Арахавіца, дзе на міжнародным конкурсе атрымала Гран-пры.
Апошнім часам яна плённа супрацоўнічае з папулярнай беларускай спявачкай Гюнэш, знакамітым французскім кампазітарам Аланам Сайманам. Спрабуе пісаць песні, як сама заўважае, пра вечнае пачуццё – каханне. І, канечне, перадае вопыт сваім выхаванцам, якія ўжо неаднойчы перамагалі ў розных конкурсах.
— Я імкнуся не ламаць іх прыроду. Проста шліфую талент, вучу сцэнічнай культуры і заставацца людзьмі. Мне нярэдка даводзіцца быць у коле асоб высокага рангу – не перастаю па-добраму здзіўляцца тым, хто, нягледзячы на свае пасады, умее размаўляць проста.
Ірына Рабушка.
Фота: Аляксей ПЛАТКО.