Стараста гэтай вёскі Іван Самаль з дзяцінства ведае гісторыю пра савецкага байца, што перадаецца тут ад пакалення да пакалення.
— Восенню 1941 года ў Малых Кашэўніках з’явіўся паранены салдат. Яго прытуліла мясцовая бабуля. Дапамагала, чым магла. Ды раненне было вельмі цяжкае — без медыцыны ўратаваць аказалася немагчымым. Праз месяц ці два байца не стала. Яшчэ шмат гадоў жанчына прыходзіла на магілу гэтага салдата, нібы да сына. У 1944-м яе старэйшага Аркадзія таксама прызвалі на фронт, з вайны ён так і не вярнуўся. Але маці заўсёды верыла, што Аркашу абавязкова хтосьці дапаможа, — расказвае Іван Самаль.
— На жаль, час сцёр імя гэтай жанчыны. Назаўсёды невядомым застаўся і салдат.
На бліжэйшыя могілкі ў Мясату байца вырашылі не везці, бо там знаходзіўся нямецкі гарнізон і арудавалі паліцаі. Пахавалі ля дарогі, што вяла ў панскі дом. Гэта дарога даўно зарасла бур’яном. Але побач з’явілася іншая – і цяпер ёю актыўна карыстаюцца дачнікі, жыхары Малых Кашэўнікаў, суседніх вёсак. Каб не страціць памяць пра невядомага салдата, неабыякавыя вяскоўцы два гады таму добраўпарадкавалі адзінокую магілу – падсыпалі пяску, устанавілі крыж. Ініцыяваў гэта Анатолій Чаеўскі, родам з Пісараўшчыны, што паблізу Малых Кашэўнікаў. Цяпер ён жыве ў Красным. Як і Іван, гісторыю пра байца ведае з дзяцінства.
У Івана Іванавіча служыў на фронце бацька, быў узнагароджаны двума медалямі «За адвагу». У Анатолія Фёдаравіча загінулі два родныя дзядзькі.
З асаблівым трапятаннем да тэмы Вялікай Айчыннай вайны і захавання памяці пра самаахвярнасць таго пакалення ставілася настаўніца матэматыкі школы ў Малых Кашэўніках Ганна Барыскевіч, якую добра памятаюць мае субяседнікі і былыя яе вучні.
— Кожную вясну разам з ёю мы перасаджвалі лясныя першацветы, і на дзіва яны прыжываліся ля магілы невядомага салдата! – не стрымлівае эмоцыі Анатолій. – Цяпер прыносяць жывыя кветкі: гэта даніна памяці вяскоўцаў і незнаёмых падарожнікаў.
— Нібы ўчора памятаю дзень, калі тут мяне разам з іншымі вучнямі нашай школы ўрачыста прымалі ў піянеры, — працягвае гутарку Іван Іванавіч. — Кожную зіму мы праводзілі і кіламетровы забег здароўя на лыжах: фініш — ля гэтага месца пахавання.
Дарэчы, Іван Самаль усё жыццё працаваў у роднай школе настаўнікам пачатковых класаў. Неаднойчы прыводзіў сваіх вучняў на магілу невядомага салдата.
Школа ў Малых Кашэўніках таксама засталася толькі ў памяці вяскоўцаў.
— Спачатку гэта быў панскі дом. У 1944-м – часовы шпіталь. У нашай вёсцы ёсць яшчэ адно пахаванне часоў Вялікай Айчыннай. Яно знаходзіцца прыкладна за 400 метраў ад магілы невядомага салдата і недалёка ад сімвалічнага крыжа, які, па мясцовых паданнях, некалі быў устаноўлены для абярэгу вёскі ад нячыстай сілы, — гаворыць Анатолій Фёдаравіч. — Свой апошні прытулак тут знайшлі не менш за 15 байцоў. Асобных магіл альбо агульнай няма. Пра пахаванне, пра якое ведаюць некаторыя нашы жыхары, можна толькі здагадвацца па зрытай з калдобінамі зямлі. Неяк сюды прыяз-
джалі пошукаўцы з металашукальнікамі. Ды што ж яны знойдуць? Загінулых з таго шпіталя закопвалі пераважна без адзення. Ды і пошукавыя работы трэба праводзіць не толькі каля праязной дарогі, але і яе «ўзрываць».
Накіравалася мы і да былога шпіталя. Пра тое, што там некалі віравала жыццё, нагадваюць руіны, «схаваныя» ў цені ляснога зарасніку.
Для Анатолія Фёдаравіча гэта перш за ўсё родная школа, якая згарэла шмат гадоў таму. Ён лёгка арыентуецца і праводзіць «экскурсію». Іван Іванавіч памятае, як да стагоддзя з дня нараджэння Уладзіміра Леніна непадалёк пасадзілі сто таполяў. Многія з іх і сёння застаюцца маўклівымі сведкамі гісторыі…