13.03.2019 16:05

Молодечненские поисковики поделились опытом с гостями из Глубокого

Клуб «Пошук» пры маладзечанскай СШ №5 адным з першых у рэспубліцы пачаў аднаўляць імёны вязняў, закатаваных у гады Вялікай Айчыннай вайны. Для абмену вопытам у гэтай нялёгкай і неабходнай нашчадкам справе ў Маладзечна прыбыла дэлегацыя з Віцебшчыны.

В качестве иллюстрации. В качестве иллюстрации. "Маладзечанская газета"

На сустрэчу прыехалі прадстаўнікі Глыбоцкага райвыканкама і райсавета ветэранаў, Глыбоцкага гісторыка-этнаграфічнага музея, педагогі і старшакласнікі, якія займаюцца пошукавай дзейнасцю.

Як вядома, у 1941-1943 гады на тэрыторыі Маладзечна дзейнічаў канцлагер «Шталаг-342», а ў Глыбокім быў спецыялізаваны дапаможны філіял для інвалідаў – «Stalag 342/Z Glebokiе» (або «Zweiglager»). Калі больш дакладна, то ён размяшчаўся на тэрыторыі манастыра ў вёсцы Бярэзвічча (цяпер гэта частка горада). Туды адпраўлялі ўсіх безнадзейна непрацаздольных ваеннапалонных: з ампутаванымі рукамі і нагамі, сляпых, цяжкапараненых у галаву, псіхічнахворых, а таксама хворых на сухоты і іншыя хранічныя захворванні. У Бярэзвічча пераводзілі не толькі з Маладзечна, але і з іншых лагераў Беларусі і Прыбалтыкі. Мяркуецца, што там загінулі 27 тысяч чалавек, адноўленыя імёны 450 з іх. Пошукам звестак аб вязнях займаюцца ў Глыбокім на працягу сямі гадоў.

Госці з Віцебшчыны наведалі мемарыяльны комплекс «Шталаг-342» у нашым горадзе. Былі ўскладзены кветкі і запалены свечкі памяці. Заснавальніца клуба «Пошук» СШ №5 Лідзія Князева падрабязна пазнаёміла з гісторыяй канцлагера ў Маладзечне. Расказала пра карпатлівую работу па аднаўленні імёнаў вязняў, пра супрацоўніцтва з аналагічнымі аб’яднаннямі, музеямі, архівамі Расіі і Беларусі, куды даводзіцца звяртацца, каб адшукаць неабходныя звесткі. Лідзія Барысаўна заўважыла, што выкарыстоўваюцца і электронныя базы даных аб загінулых у гады Вялікай Айчыннай. Менавіта маладзечанскія «пошукаўцы» першымі ў рэспубліцы сталі працаваць з такім фарматам дакументаў. З нядаўняга часу справу Лідзіі Князевай прадоўжыла яе пераемніца Ганна Карумная. Але пачынальніца пошукавага руху па-ранейшаму цікавіцца дзейнасцю школьнага клуба.

На працягу 30 гадоў сваёй работы Лідзія Барысаўна неаднойчы сустракала інфармацыю пра філіял «Шталага-342». Нядаўна ёй давялося супрацоўнічаць з Глыбоцкім райвыканкамам па ўдакладненні звестак пра аднаго з вязняў. Затым узнікла ідэя правесці сустрэчу пакаленняў за круглым сталом з сімвалічнай назвай «У памяці мяжы няма».

Адбылася яна ў СШ №5 у рамках праекта «Крок насустрач», які фінансуецца нямецкім фондам «Памяць. Адказнасць. Будучыня». Да адкрытага дыялогу на хвалюючыя тэмы далучылася кіраўніцтва школы. Успамінамі падзяліліся былыя вязні Марыя Паўловіч, Галіна Жыгальская, Валянціна Вежнавец, Ала Чурыла, Тамара Бычок.

Удзельнікі мерапрыемства прыйшлі да агульнай высновы, што памяць аб трагічных падзеях Вялікай Айчыннай вайны неабходна захаваць сучаснікам у імя міру на зямлі. Маладзечанцы і госці з Глыбокага дамовіліся аб далейшым супрацоўніцтве, у красавіку плануецца візіт у адказ.

Фота: Аляксей ПЛАТКО.

Галерея изображений

Прочитано 706 раз
Ірына Рабушка

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.