Меню

Захавальніца часу маладзечанскага краю

 —  Новости  — 

У мінулую сераду, якраз у прафесійнае свята – Дзень бібліятэк, адбылася сустрэча з чалавекам, жыццё якога наскрозь прасякнута любоўю і павагай да кнігі. У канферэнц-зале Маладзечанскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Максіма Багдановіча прэзентавалі выданне Любові КАРПОВІЧ «Жыццё маё кніжнае».

Любоў Карповіч – краязнавец, пісьменніца і самаадданая даследчыца гісторыі нашага рэгіёна. Дзякуючы яе рабоце ў архівах і бібліятэках па крупінках аднаўляліся цэлыя старонкі мінулага. Менавіта яна стала ўкладальнікам фундаментальнай гісторыка-дакументальнай хронікі «Памяць. Маладзечна. Маладзечанскі раён», падарыла нам летапіс працы ў кнізе «Дорога длиною в 100 лет» і адкрыла духоўныя вытокі краю ў працы «От земного – к небесному».

А цяпер свет убачыла новае выданне Любові Іванаўны, у аснове якога гісторыя жыцця, цалкам аддадзенага слову, кнізе і людзям.

– Я асмелілася напісаць успаміны, але не ўсяго майго жыцця – зусім звычайнага і нікому нецікавага – а пераважна той часткі яго, якая звязана з кнігай і яе значэннем, – сціпла заўважае аўтар. – Праз усё маё жыццё яркім праменем праходзіць яе вялікасць Кніга. Колькі сябе памятаю, у нашай вясковай хаце, дзе я нарадзілася, былі куфар і вялікі фанерны чамадан, напоўненыя кнігамі.

Пра адносіны Любові Іванаўны да кнігі яскрава сведчыць яшчэ адзін факт, таксама прыгаданы ў новым выданні. Неяк жанчына была ў Мінску, па дарозе на вакзал зайшла ў кнігарню і набыла «Выбраныя творы» Лермантава. Шчаслівая ў моманце, яна нават не задумалася, што аддала апошнія грошы і цяпер нават не мае на білет дамоў.

– Падышла да аднаго пажылога правадніка і пачала прасіцца, каб пусціў даехаць да Маладзечна. Той спагадліва на мяне паглядзеў і пусціў у вагон. Так я ўпершыню ехала «зайцам», але затое ў руках была новая кніга, ды яшчэ любімага пісьменніка, – шчыра ўсміхаецца Любоў Іванаўна. – Магу дадаць яшчэ адзін важны факт у фарміраванні маіх адносін да кнігі. Я пайшла ў першы клас у 1944 годзе. Вайна ішла ўжо недзе далёка на Захадзе, мая Бацькаўшчына была вызвалена. У зімовыя вечары ў нашай хаце збіралася моладзь. У мяне былі старэйшыя браты і сястра, але маладыя людзі прыходзілі да іх правесці час. Яны ведалі, што ў нас шмат кніжак, і чынілі чытанні ўслых. Тут аддавалася перавага тым тэкстам, з якіх можна было пасмяяцца. Калі, напрыклад, гучала частка з паэмы «Новая зямля» Якуба Коласа «Дзядзька ў Вільні», рогатам запаўнялася ўся хата. Я з удзячнасцю прыгадваю тыя часіны літаратурныя, якія ўсё больш вабілі мяне да вобразнага ўспрымання навакольнага асяроддзя і людскога жыцця. У час майго басаногага дзяцінства ў сялянскай хаце зарадзілася любоў да кнігі, якая, у адрозненне ад людзей, не можа здрадзіць, а толькі навучыць быць чалавекам.

Працоўная дзейнасць Любові Іванаўны, якая пачыналася менавіта з сельскай бібліятэкі, гэта не толькі кнігі – яшчэ і мноства асветніцкіх сустрэч, лекцый і прэзентацый, што нараджалі ў сэрцах землякоў гонар за сваю малую радзіму. І ў гэты дзень на сустрэчу з ёю прыйшлі тыя, з кім разам працавалі і сябравалі, у нечым спрачаліся, а потым сыходзіліся ў праўдзе, захоўвалі гісторыю і стваралі яе. Гучалі агульныя ўспаміны і пажаданні, было шмат усмешак, абдымкаў і кветак. А новае выданне заняло сваё ганаровае месца ў фондзе бібліятэкі.

Поделиться в социальных сетях:
Читайте также