Меню

Тады не жывіце, ніхто не прымушае…

 —  Общество  — 

Каланіяльны рэжым польскіх улад з 1921-га па 1939 год адчуваўся на ўсёй тэрыторыі Заходняй Беларусі. Гэта тычылася ўсіх галін жыцця людзей, у тым ліку медыцынскага абслугоўвання.

Як сказана ў кнізе «Памяць», стан аховы здароўя ў Крэсах Усходніх быў у шмат разоў горшы, чым на спрадвечных польскіх землях. Калі ў заходніх ваяводствах на тысячу чалавек былі 6,2 бальнічнага ложка, то ва ўсходніх – 0,84. У Маладзечанскім павеце гэты паказчык складаў 0,38.
У гады эканамічнага крызісу колькасць ложкаў яшчэ скарацілася. Аднак па прычыне высокай платы за медыцынскую дапамогу існуючыя месцы выкарыстоўваліся толькі на 60-65 працэнтаў. На той час ва ўсім Віленскім ваяводстве (без Вільні) існавала 31 амбулаторыя. Адна абслугоўвала ў сярэднім 48 тысяч чалавек.

У цэлым медыцынская дапамога для насельніцтва, асабліва сельскага, была маладаступная па прычыне высокага кошту і нераўнамернай размеркаванасці ўрачоў. У местачковых амбулаторыях працавалі па адным урачы.

У сучасных межах Маладзечанскага раёна па стане на 1927 год працавалі 7 урачоў, 4 урачы-дантысты, 7 фельчараў, 2 акушэркі. Дзейнічалі адна бальніца, адна амбулаторыя, шэсць аптэк і восем аптэчных магазінаў.

Увогуле, урачоў у другой Рэчы Паспалітай катастрафічна не хапала. У дадатак да цяжкіх жыццёвых умоў народа былі інфекцыйныя захворванні з высокай смяротнасцю. Спецыялізаваная медыцынская дапамога аказвалася толькі ў вялікіх гарадах. Напрыклад, ложкі для лячэння хворых на вочы былі толькі ў Вільні.

Згодна са справаздачамі за 1938 год, каля 92 працэнтаў усіх родаў на нашых землях адбываліся ў хатніх, часта неспрыяльных умовах з дапамогай бабак-павітух. Гэта прыводзіла да высокай дзіцячай і мацярынскай смяротнасці.

У Заходняй Беларусі па стане на 17 верасня 1939 года на больш чым 4,6 мільёна насельніцтва было 66 бальніц і радзільных дамоў амаль на 3 тысячы ложкаў, 189 урачэбных амбулаторый і паліклінік, 19 жаночых і дзіцячых кансультацый, туберкулёзны і скурна-венералагічны дыспансеры. Да прыватных дактароў звярталася большая частка насельніцтва (55 працэнтаў).

Поделиться в социальных сетях:
Читайте также