Меню

За права народам звацца

 —  Общество  — 

Пачынаючы з 1921-га па 1939 год на тэрыторыі Заходняй Беларусі не спынялася барацьба беларусаў за сваю нацыянальную ідэнтычнасць. Вялікі ўплыў на палітычныя і грамадскія зрухі аказала Беларуская сялянска-работніцкая грамада (БСРГ) і іншыя арганізацыі. Тыя падзеі яскрава апісваюцца ў кнізе «Памяць».

У 1926 годзе на павятовым з’ездзе ўтвораны Маладзечанскі павятовы камітэт БСРГ. Ужо да канца гэтага года на Маладзечаншчыне дзейнічалі 115 гурткоў Грамады. У самім мястэчку налічвалася больш за 500 членаў арганізацыі, каля 100 чалавек – на Бухаўшчыне. Старшынёй Грамады тут быў Васіль Семашкевіч, сакратаром – Ігнат Бубен.

Сярод актывістаў быў лебедзеўскі мастак Раман Семашкевіч. Нарадзіўся ён у вялікай сям’і парабка-агародніка. Вучыўся і змагаўся ў падполлі. Быў арыштаваны. Сядзеў у Вілейскай турме. Адзначаны такія работы мастака, як «Паны забіраюць апошнюю карову», «Самаволя паліцыянтаў», «Бойка з секвестратарамі».

Актывістамі БСРГ і беларускай нацыянальнай школы былі ўраджэнцы Гарадка браты Прадухі. Старэйшы, Пётр, быў даволі здольным паэтам, малодшы, Іван, добра ведаў беларускі фальклор, узначальваў гурток Грамады ў Гарадку.

У пачатку 1927 года польскія ўлады ўчынілі разгром Грамады, пазней наладзілі шэраг судовых працэсаў, каб растаптаць яе годнасць. Не толькі кіраўнікі гэтай арганізацыі, але і простыя сяляне-актывісты паводзілі сябе на тых працэсах як людзі, якім выпаў гонар сказаць праўду польскаму «правасуддзю». У 1928 годзе за «фарсам» над Грамадой, так званым «працэсам 56-і», пільна сачыла ўся Еўропа. У прагрэсіўным руху розных краін свету змяшчаліся партрэты кіраўнікоў Грамады, давалася інфармацыя аб ходзе суда.

Значны ўплыў на фарміраванне светапогляду жыхароў Маладзечаншчыны, як і ўсёй Заходняй Беларусі, мела культурна-асветніцкая арганізацыя Таварыства беларускай школы (ТБШ). Створанае ў 1921 годзе пры актыўнай дапамозе Грамады, ТБШ за 1927 год стала масавай арганізацыяй, якая адкрывала клубы, чытальні, распаўсюджвала прагрэсіўны друк, а галоўнае – вяла вялікую агітацыйную і практычную работу па адкрыцці новых беларускіх школ. Толькі ў 20 гуртках на Маладзечаншчыне было 456 членаў.

Актыўную работу ў раёне вялі ў ТБШ П.В. Мятла, Аркадзь Буська, Андрэй Капуцкі, Ганна Гулевіч, Паўліна Салагуб, Міхась Гурэцкі, Жэня Шунько, Настасся Наваша і іншыя. П.В. Мятла – настаўнік па адукацыі. Ён адкрыў кнігарню, якая была месцам явак для некаторых падпольшчыкаў, арганізаваў драмгурток і паставіў купалаўскую «Паўлінку».

Польская паліцыя некалькі разоў спрабавала забараніць пастаноўку беларускіх спектакляў, пры любым зручным выпадку чыніла перашкоды. А пазней, у 1937 годзе, дзейнасць Таварыства беларускай школы была забаронена.

Поделиться в социальных сетях:
Читайте также