У авангардзе барацьбы – моладзь
Польскае панаванне на тэрыторыі Заходняй Беларусі пазбаўляла насельніцтва ўсялякіх перспектыў. Асабліва востра перажывала такое становішча беларуская моладзь. Вось чаму юнакі і дзяўчаты былі ў авангардзе барацьбы за сваю будучыню і будучыню сваёй Радзімы. Вось што сказана пра гэта ў кнізе «Памяць».
Істотную ролю ў грамадска-палітычным руху адыгрываў Камуністычны Саюз Моладзі Заходняй Беларусі (КСМЗБ), які ўтварыўся ў студзені 1924 года. Годам пазней ужо дзейнічаў Маладзечанскі падпольны райкам КСМЗБ, які падпарадкоўваўся Маладзечанскаму акруговаму КСМЗБ. Адным з першых сакратароў райкама быў Кастусь Палаз. За рэвалюцыйную дзейнасць ён некалькі разоў трапляў у рукі турэмных катаў, але нікога не выдаў, вытрымліваючы здзекі і пераадольваючы фізічны боль.
Сумнавядомымі сталі турмы на Лукішках у Вільні, у Вілейцы, канцэнтрацыйны лагер у Бярозе-Картузскай. Самым страшным месцам у Вілейскай турме быў карцар. Ён знаходзіўся пад зямлёй. Сцены там былі вымазаны дзёгцем, а на падлозе была вада. Стаяла дзікая халадзіна. Вытрымаць гэта было надзвычай цяжка.
Зведаў пабоі, турмы, але абавязак падпольшчыка споўніў высакародна Мікалай Мільчонак. Жорсткасць рэжыму Бяроза-Картузскага канцлагера зведалі на сабе маладзечанскія камсамольцы-падпольшчыкі Мікалай Ганецкі, Сцяпан Бурак, Навум Бярнацкі, Антон Сакалоўскі. Цвёрдасць духу паказалі ў барацьбе з польскім рэжымам Павел Данкевіч, Аляксандр Самаль, Мацвей Чарнецкі, Іосіф Каханоўскі, браты Сяргей і Іван Новаш, Франц Шутовіч і многія іншыя. Шмат гадоў правёў у турэмнай цямніцы Пётр Шарак, пакуль яго не вызваліла Чырвоная армія ў 1939 годзе.
Выключнай смеласцю і адвагай вылучаўся сярод маладзечанскіх камсамольцаў жыхар вёскі Дамашы Андрэй Бялько. Колькі разоў пілсудчыкі кідалі за краты гэтага юнака, уладара душ мясцовай моладзі. А яго, заўсёды энергічнага, нязменна вясёлага, бачылі ў Вільні, ці ў Мойсічах, ці ў Беластоку. То ён распаўсюджваў літаратуру, то ішоў на сустрэчу з даверанай асобай, то праводзіў сходы, то выконваў іншыя заданні камсамольскай арганізацыі. Адважны падпольшчык пасля вяртання з польскай турмы, каб пазбегнуць новых арыштаў, перайшоў мяжу Савецкага Саюза.
Моцная камсамольская арганізацыя дзейнічала ў Радашковіцкай беларускай гімназіі імя Францыска Скарыны. Адным з яе кіраўнікоў быў Яўген Скурко (Максім Танк). У 1928 годзе радашковіцкія гімназісты правялі некалькі акцый пратэсту супраць рэпрэсій польскіх улад у дачыненні беларускіх школ.
За ўдзел у адной з іх у ліку іншых быў выключаны з гімназіі М. Танк, звольнены выкладчык Я. Гаўрылік. Аднак гэта не спыніла барацьбу моладзі за свае нацыянальныя правы.