5 КРАСАВІКА – УВАСКРЭСЕННЕ ХРЫСТОВА ПА КАЛЕНДАРЫ КАТАЛІЦКАЙ КАНФЕСІІ
Умілаваныя ў Хрысце браты і сёстры! Людзі добрай волі!
Гэта пасланне для кожнага з вас. Уваскрэсенне Хрыстова – гэта пачатак новага жыцця для кожнага мужчыны і кожнай жанчыны, бо сапраўднае абнаўленне заўсёды пачынаецца з сэрца, сумлення. Але Вялікдзень – гэта таксама пачатак новага свету, вызваленага ад рабства граху і смерці: свет, нарэшце, адкрыўся Валадарству Божаму, валадарству любові, міру і братэрства.
Штогод у касцёлах мы збіраемся як адна сям’я на святкаванне таямніцы Уваскрэсення нашага Пана Езуса Хрыста.
Сустрэча з таямніцай Пасхі – гэта асаблівы дар Божага Провіду, які шчодра адорвае нас пладамі Адкуплення. Пачынаючы з Вялікай Ночы Змёртвыхпаўстання Езуса, для ўсіх людзей запалена нязгасная паходня Божай міласэрнасці, якая асвятляе кожнаму чалавеку шлях да вечнага жыцця ў Нябесным Валадарстве хвалы, жыцця і любові.
Жадаю кожнаму нязгаснай велікоднай радасці, супакою, надзеі і добразычлівасці. Няхай Бог, бясконцы ў міласэрнасці, няспынна падтрымлівае вас у паспяховай рэалізацыі ўсіх планаў і жыццёвых заданняў. А пасхальная таямніца трыумфу жыцця няхай напоўніць неабходнымі сіламі, здароўем, Божым благаславеннем на далейшы плённы шлях на зямлі і шчаслівую вечнасць у Нябесным Валадарстве Змёртвыхпаўсталага Адкупіцеля і Пераможцы.
Дарагія браты і сёстры, Хрыстос жывы. Ён надзея і маладосць для кожнага з нас і для ўсяго свету. Дазволім сабе быць Ім абноўленымі. Шчаслівага Вялікадня!
Хрыстос уваскрэс! Сапраўды ўваскрэс! Алілуя!
Эдмунд ДАЎГІЛОВІЧ-НАВІЦКІ,
пробашч рэлігійнай абшчыны «Рымска-каталіцкая парафія Святога Юзафа ў горадзе Маладзечне», дэкан Маладзечанскага дэканата, ксёндз-пралат
Паважаныя жыхары Маладзечанскага раёна – вернікі каталіцкай канфесіі!
Шчыра віншуем вас з Уваскрэсеннем Хрыстовым!
У гэтыя дні чыстая, глыбокая радасць пасхальных падзей зноў яднае людзей, напаўняе верай, дапамагае жыць у міры і згодзе. Вернікі адзначаюць гэта свята добрымі справамі, кіруючыся адвечнымі хрысціянскімі каштоўнасцямі – міласэрнасцю, спачуваннем і дабрынёй.’
Светлая радасць гэтых дзён прыносіць мір і згоду ў душы людзей, напаўняе кожнае імгненне шчасцем і верай у вечную перамогу жыцця. Пасхальная ўрачыстасць дапамагае ўсвядоміць сваю адказнасць за лёс чалавецтва, нагадвае кожнаму пра вялікае прызначэнне – зберажэнне і прадаўжэнне жыцця. Велікодныя сімвалы ствараюць узнёслы настрой і пачуццё ўтульнасці ў нашых дамах і нашых сем’ях.
Няхай гэта светлае свята прынясе ўсім цяпло і спакой, падорыць радасць сустрэчы з раднёй і блізкімі. Няхай у сэрцах заўсёды пануюць лад і ўзаемаразуменне. Моцнага ўсім здароўя, дабрабыту, радасці і аптымізму!
Раённы выканаўчы камітэт
Раённы Савет дэпутатаў
Дарагія жыхары горада і раёна!
Сардэчна віншуем вас са Светлым Хрыстовым Уваскрэсеннем!
Гэты дзень напоўнены асаблівай радасцю і духоўным трапятаннем. Вялікдзень сімвалізуе перамогу дабра над злом, абнаўленне і ўрачыстасць надзеі. Для мільёнаў вернікаў гэта свята з’яўляецца крыніцай маральнай сілы, натхняе на міласэрнасць, спагаду і клопат аб блізкіх.
У гэтыя светлыя дні асабліва важна памятаць аб высокім прызначэнні чалавека – дарыць цеплыню і ўвагу тым, хто мае патрэбу ў падтрымцы. Агульныя духоўныя каштоўнасці, вера і добрыя справы служаць асновай для стабільнасці і росквіту нашага грамадства, умацоўваюць у нашых дамах мір і згоду.
Жадаем усім моцнага здароўя, душэўнай раўнавагі, ладу ў сем’ях і дабра. Няхай у дамах пануе дабрабыт, а радасць Уваскрэсення Хрыстова напаўняе сэрцы верай і любоўю.
Н.Л. ГЛІНСКАЯ,
член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь
І.С. МАРКЕВІЧ, Д.І. УШАЦКІ, С.І. САКАЛОЎСКАЯ,
дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь