Іван Шамякін заўсёды папулярны
Да юбілею Івана ШАМЯКІНА ў філіяле № 17 «Сельская бібліятэка вёскі Вязынка» было праведзена цікавае мерапрыемства, у час якога мясцовыя жыхары яшчэ раз дакрануліся да творчасці вядомага беларускага літаратара.
– Літаратурны партрэт «Чалавек вялікай душы і таленту» выклікаў вялікую цікавасць у землякоў, – паведаміла загадчык філіяла Людміла Ракоць. – Людзі ведаюць Шамякіна яшчэ па школьнай праграме, аднак і сёння наведвальнікі бібліятэкі ахвотна бяруць яго кнігі.
Найбольш папулярныя творы класіка беларускай літаратуры сярод вяскоўцаў – «Сэрца на далоні», «Трывожнае шчасце», «Глыбокая плынь». Яны актуальныя і ў наш час, узнімаюць вечныя пытанні, даюць магчымасць глыбей асэнсаваць айчынную гісторыю, дакладна раскрываюць характары герояў.
– У час мерапрыемства быў праведзены агляд творчасці вядомага беларускага літаратара, прыгадана яго біяграфія, – зазначыла Людміла Ракоць. – Была арганізавана выстава кніг Івана Шамякіна. Некаторыя ўдзельнікі скарысталі магчымасць, каб яшчэ раз перачытаць яго творы.
Мерапрыемствы, прысвечаныя беларускім паэтам і пісьменнікам, у філіяле праводзяцца рэгулярна. Арганізуюцца тэматычныя вечарыны, выставы, літаратурныя партрэты. Такая форма работы запатрабаваная сярод чытачоў.
– Мой любімы твор Івана Шамякіна – «Трывожнае шчасце», – расказала загадчык філіяла. – Увогуле, усе яго кнігі можна перачытваць шмат разоў. Яны вельмі цікавыя і павучальныя.
Тэкст і фота: Алег БЯГАНСКІ