Меню

Вышыць… свой лёс

Общество  — 

Выпадковыя сустрэчы з жыхарамі сельскіх населеных пунктаў могуць быць вельмі цікавымі. Так адбылося ў вёсцы Дзякшняны, дзе крыху расказала пра сябе мясцовая жыхарка Валянціна Максімаўна.

– Нарадзілася я ў Дзякшнянах, – паведаміла жанчына. – Тады ў вёсцы працавала пачатковая школа. Да гэтага часу памятаю сваю першую настаўніцу Яўгенію Шалкоўскую. Запомніліся яе ўрокі, як яна вучыла нас пісаць лічбы і літары. Вельмі ўдзячная ёй за чуласць і любоў да вучняў.

Атэстат аб сярэдняй адукацыі субяседніца атрымала па заканчэнні школы ў Радашковічах. Потым працавала ў Маладзечне ў сферы абслугоўвання. Была швачкай. Шыць Валянціну Максімаўну навучылі сваякі. У бацькоў была швейная машынка «Орша». Выдатным майстрам швейнай справы быў яе дзядзька Канстанцін Дараховіч.

– Я і цяпер працягваю шыць, – гаворыць жанчына. – За такой працай адпачываю. Люблю вырабляць навалачкі, падкоўдранікі, іншыя патрэбныя рэчы. Навык, набыты ў дзяцінстве, аказаўся запатрабаваным на ўсё жыццё.

Валянціна Максімаўна зазначыла, што любіць сваю малую радзіму. Яна ведае мясцовых жыхароў у некалькіх пакаленнях. Навакольная прырода вельмі прыгожая. У межах населенага пункта знаходзіцца маляўнічы вадаём.

Што тычыцца снежнай зімы ў гэтым годзе, на сваім вяку жанчына бачыла і больш суровыя сезоны, калі снег даходзіў да дахаў дамоў. Дзеці хадзілі ў школу, трымаючыся за платы. Таму, як кажуць, усё пазнаецца ў параўнанні.

– У Дзякшняны рэгулярна прыязджае аўтакрама, – працягвае субяседніца. – Прадаўцы ветлівыя, калі трэба, дапамогуць, падкажуць. Асартымент багаты. Ёсць хлебабулачныя вырабы, агародніна, садавіна, макароны, іншыя неабходныя прадукты. Жывём у вёсцы з мужам. Дзеці рэгулярна прыязджаюць, дапамагаюць нам.

Валянціна Максімаўна пажадала ўсім здароўя, дабрабыту, цаніць наша мірнае жыццё. Яна падзякавала Прэзідэнту краіны за тое, што ён дбае пра людзей, захоўвае мір і згоду ў краіне.

Тэкст і фота: Алег БЯГАНСКІ

Поделиться в социальных сетях:
Читайте также