«Зонта» гучыць на ўсіх кантынентах: даведаліся, як у Маладзечне з 2,5 тысячы дэталяў складваецца 15-кілаграмовае шчасце музыканта
А вы ведалі, што ў нашым горадзе працуе эксклюзіўнае прадпрыемства, сёння адзінае ў Беларусі, асноўным відам дзейнасці якога з’яўляецца выраб высакаякасных баянаў і акардэонаў? На іх іграюць самыя таленавітыя музыканты ў нашай краіне і далёка за яе межамі. У той жа час інструмент «Зонта» проста немагчыма знайсці на прылаўку магазіна – вырабляецца ён толькі пад заказ.
Дырэктар ТАА «Зонта» Расціслаў Мойса расказвае, што гісторыя прадпрыемства бярэ пачатак у 1992 годзе. Звязана яна з іменем Вячаслава Рака, маладога хлопца, які на той час закончыў Маладзечанскае музычнае вучылішча.
– Вось гэты хлопец са здаровымі амбіцыямі задумаў зрабіць гатова-выбарны баян, – расказвае Расціслаў Іванавіч. – Каб зразумець маштаб гэтай задумкі, скажу, што на той час такі баян каштаваў прыкладна як «Жыгулі» або «Масквіч». Тады гэта дакладна была даволі дарагая рэч. Да таго ж не ўсе маглі купіць такі інструмент, нават маючы сродкі, людзі мінімум па тры гады стаялі ў чарзе. Вячаслаў Іванавіч быў таленавітым баяністам, меў такую мару і пачаў гэту справу рухаць. Знаходзіўся ў пошуках таго, хто дапамог бы ўсё арганізаваць і паставіць на прамысловыя рэйкі.

Расціслаў Мойса тады працаваў галоўным інжынерам на заводзе тэхаснасткі. Менавіта там была заказана аснастка для вырабу баянаў. Так і пазнаёміліся, а неўзабаве прагучала прапанова перайсці дырэктарам на прадпрыемства, якое толькі нараджалася. Тады ў Маладзечне яшчэ працавала фабрыка музычных інструментаў, дзе выраблялі баяны і гармоні. Але маладыя канкурэнты распачалі паралельную дзейнасць.
Як успамінае дырэктар, карпусы для першых інструментаў былі выраблены ў Варонежы. Там жа і рэзанатары. Адна частка акордаў – на месцы, іншая дзесьці на баку. Так, з міру па нітцы ў 1995 годзе сабралі першы баян. І гэта быў не «Зонта». Прадпрыемства тады называлася эксперыментальнай вытворчасцю кампаніі «Слава». Займалася кампанія шмат чым, напрыклад, першыя пластыкавыя вокны ў Беларусі з’явіліся дзякуючы ім.

– Эксперымент з баянамі прасоўваў Вячаслаў. Было гэта даволі цяжка. Уявіце толькі: таленавіты музыкант іграў на вяселлях, а з заробку плаціў зарплату акорднікам, – расказвае Расціслаў Мойса. – І вось у 1995 годзе выйшаў першы баян «Слава», прадалі яго, як цяпер памятаю, у Сочы. Паступова пачалі развівацца. Калі я сюды перайшоў, перацягнуў і колькі спецыялістаў, якія, між іншым, да гэтага часу ніякай справы з баянамі не мелі. Гэта былі канструктары, якія сябравалі з камп’ютарам. Дарэчы, мы сталі першымі ў Еўропе, хто распрацаваў адмысловыя чарцяжы. Да гэтага ні ў нас, ні ў Германіі, напрыклад, на іх вядомым прадпрыемстве «Weltmeister» не выраблялі чарцяжы з прымяненнем камп’ютара.

Пакрыху прадпрыемства «абрастала» іншымі спецыялістамі, справа пайшла, як вынік, пашырылася лінейка інструментаў. А першапачаткова за аснову гатова-выбарнага баяна быў узяты «Юпітар», які ў Савецкім Саюзе рабілі ўсяго ў трох месцах: Маскве, Маладзечне і Жытоміры. Ад звычайнага баяна ён адрозніваўся тым, што мелодыю на ім можна іграць і правай, і левай рукой.
У 2006 годзе пачынаецца новая старонка гісторыі прадпрыемства, з’яўляецца ТАА «Зонта».

– Чаму такая назва? – Расціслаў Іванавіч нібы чакаў пытання. – Гэта многіх цікавіць. Напэўна, расчарую, але ніякай легенды тут няма. Фірма нараджалася, я паехаў у аблвыканкам, каб яе зарэгістраваць, для прапановы меў тры назвы: «Зорка», «Аз» і «Гетман». Аказалася, усе назвы ўжо занятыя. Вельмі тэрмінова трэба было прыдумаць штосьці сваё, адмысловае. Назва павінна была быць нядоўгай, гучнай, лёгкай у вымаўленні, арыентаванай на міжнароднага спажыўца. І неяк у галаву прыйшло слова «зонта». Самае цікавае, ужо калі адбылася рэгістрацыя, зайшоў у інтэрнэт і даведаўся, што слова вельмі папулярнае ў заходнім свеце, нават існуе такое іспанскае прозвішча.
Развейвае дырэктар яшчэ адзін міф пра тое, што многія думаюць, нібы «Зонта» вычленіліся з Маладзечанскай фабрыкі музычных інструментаў. Гэта не так. Сярод спецыялістаў ёсць тыя, хто працуе тут з моманту, калі фабрыка перастала існаваць, але шмат людзей, якіх вучылі і перадавалі вопыт на месцы. Асабліва гэта тычыцца канструктарскіх распрацовак. На сёння «Зонта» выпускае больш за 30 мадэляў баянаў і акардэонаў.
Гаворачы пра складанасць працэсу, Расціслаў Іванавіч прыгадвае колішні візіт Анатолія Тозіка. На той час віцэ-прэм’ер пасля знаёмства з вытворчасцю адзначыў, што гэта самае складанае і неверагоднае, што ён бачыў за апошні час пасля Вялікай кітайскай сцяны.
– Гэта сапраўды трэба бачыць сваімі вачыма: як уручную хлопцы робяць галасы – з самага маленькага, даўжынёй у некалькі міліметраў, да вялікага амаль на 10 сантыметраў, – зазначае дырэктар. – А яшчэ трэба зрабіць так, каб, націснуўшы на кнопку, два гэтыя галасы пачалі адначасова іграць.

– Колькі часу спатрэбіцца, каб скласці адзін інструмент?
– Што тычыцца галасавой часткі, акорднік працуе на адзін інструмент прыкладна шэсць тыдняў. Сёння мы самі робім усё: ад моманту заказу і да продажу інструмента. Работа над кожным вузлом патрабуе свайго часу. Напрыклад, сталяр за месяц можа зрабіць 6-8 карпусоў. А адзін камплект рэзанатараў вырабляецца тыдзень. Правая механіка збіраецца за два тыдні, левая на некалькі дзён даўжэй.
– Якія аб’ёмы вытворчасці сёння ў прадпрыемства?
– Мы не гонімся за колькасцю заказаў. Галоўнае – якаснае выкананне. За месяц прыкладна чатыры інструменты. Залежыць ад складанасці. У нас заказная вытворчасць, на склад не працуем. Бывае так: вы прыйшлі да нас, а паказаць, прадэманстраваць няма чаго. Хаця часам да нас звяртаюцца па дапамогу ў рамонце або калі заказчыку штосьці не спадабалася.
– А што можа не спадабацца?
– Ой, музыканты такія «капрызныя»: тут не так звініць, там недастаткова гучыць або некаторыя кнопкі хацелася б, каб былі менш тугімі…
– Музыкальны слых для вашых супрацоўнікаў – заканамернасць?
– Залежыць ад аперацыі, якія выконваюць. Акорднікі, зразумела, павінны чуць. У той жа час ужо чвэрць новага стагоддзя пражылі – і мы на месцы не сядзім: шмат што робіцца з дапамогай камп’ютара, існуе дастаткова праграм, якія дазваляюць наладжваць інструменты. Раней наладка аднаго баяна магла займаць месяц, цяпер чатыры дні.
– Дзе можна знайсці, убачыць і, галоўнае, пачуць інструменты «Зонта»? Па якіх краінах свету яны разляцеліся?
– У Бразіліі, Англіі, Даніі, Партугаліі, Італіі… Пра Германію і суседзяў ужо наогул не кажу, там вельмі шмат нашых баянаў і акардэонаў. Калі ў хуткім часе ў Японію паляціце, то і там наш інструмент можна будзе знайсці, цяпер якраз над гэтым заказам працуем.

– А колькі каштуе баян?
– Першыя экзэмпляры каштавалі каля пяці тысяч долараў у эквіваленце. Але існуе інфляцыя, і сёння цана базавай мадэлі каля дзесяці тысяч умоўных адзінак. Ёсць больш простыя і танныя мадэлі, бываюць і даражэйшыя.
– Сярод уладальнікаў «Зонты» можам назваць вядомых знакамітых музыкантаў?
– Заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Уладзіслаў Плігаўка стаў пераможцам прэстыжнага міжнароднага конкурсу баяністаў і акардэаністаў «Кубак свету» менавіта з «Зонтай». А наогул, інструменты раз’ехаліся па ўсім свеце. Ёсць такая амерыканская фолк-панк-рок-група «Gogol Bordello». Адзін з удзельнікаў таксама іграў на нашым баяне. Гучыць «Зонта» і на канцэртах ансамбля Маскоўскай ваеннай акругі, і, канешне, нашых беларускіх калектываў і выканаўцаў. Як бачыце, прадпрыемства невялікае, але ганарыцца сапраўды ёсць чым!

Р.S. Экскурсію па прадпрыемстве правёў начальнік вытворчасці Уладзімір Стасевіч. Вялікую кітайскую сцяну сваімі вачыма не бачыла, але пад словамі Анатолія Афанасьевіча падпісваюся.
Тэкст і фота: Марына ПУЦЭЙКА