Меню

Вёска ў цэнтры раёна

Общество  — 

Жарлакі адметныя тым, што менавіта ў ваколіцах гэтай вёскі знаходзіцца геаграфічны цэнтр Маладзечаншчыны. А яшчэ тут можна пачуць пазнавальныя гісторыі пра родны край, сустрэцца з цікавымі людзьмі. У гэтым я пераканаўся асабіста.

Дзе нарадзілася, там і спатрэбілася
Лілія Керсноўская, стараста населенага пункта, нарадзілася ў суседняй з Жарлакамі Брохаўшчыне. Пасля заканчэння школы вучылася ў Гродне на кантралёра-касіра, потым – у Ашмянскім сельскагаспадарчым тэхнікуме. Жанчына працавала ў магазіне ў Маладзечне і Жарлаках. Амаль тры дзясяткі гадоў працоўнага стажу аддала жывёлагадоўлі. Была падлікоўцам на мясцовай ферме, затым загадчыцай МТФ.

– У Брохаўшчыне, дзе прайшло маё дзяцінства, налічвалася 14 двароў, – расказала Лілія Фёдараўна. – Вёска невялікая, але мнагалюдная. У кожнай сям’і па некалькі дзяцей. Малым было весела гуляць разам. З будучым мужам, Ігнатам Ігнатавічам, пасябравала яшчэ ў восьмым класе. Чакала яго з арміі. Згулялі вяселле. У нас нарадзіліся сын Алег і дачка Ірына. Сям’я наша дружная. Дзеці і ўнукі прыязджаюць у вёску, дапамагаюць мне. Усе стараюцца падтрымаць адзін аднаго.

Жанчына ганарыцца дасягненнямі сваякоў. Жывуць яны ў розных раёнах нашай краіны, аднак сувязь з малой радзімай не губляюць. А вясковая загартоўка дае ў жыцці трывалы стрыжань.

Субяседніца паведаміла, што ў Жарлаках і суседніх Дранях раней былі стацыянарныя магазіны. У гандлёвых пунктах прадаваліся прадукты і тавары паўсядзённага ўжытку.

Шмат карыснага для населенага пункта і мясцовай гаспадаркі зрабіў яе тагачасны кіраўнік Мікалай Шумскі. Ён узначальваў калгас імя Дзяржынскага з цэнтрам у Хажове. «Дзяржынцы» трымалі высокую планку ў працы. Тады ў Жарлаках пабудавалі цагляныя дамы для работнікаў. Для людзей стваралі добрыя ўмовы побыту. Значную ўвагу Мікалай Васільевіч надаваў гандлёваму абслугоўванню вяскоўцаў. Мясцовыя жыхары кіраўніка за такі падыход цанілі і паважалі.

– У 90-я гады мінулага стагоддзя вучыць дваіх студэнтаў (сына і дачку) было вельмі няпроста, – працягвае Лілія Керсноўская. – Выручала вялікая падсобная гаспадарка. Трымалі кароў, кабаноў, індыкоў, гусей… З усімі цяжкасцямі сям’я паспяхова справілася.

Зазначу, што Лілія Фёдараўна вядзе актыўны лад жыцця. Кожны дзень яна адпраўляецца ў сямікіламетровую прагулку. На яе падворку шмат кветак. Жанчына з аптымізмам глядзіць у будучыню.

Убаку, але не наводшыбе
– Вёска наша знаходзіцца ўбаку ад асноўных дарог з Маладзечна ў Хоўхлава і Гарадок, – зазначыла стараста. – Аднак вяскоўцы маюць магчымасць трапіць у горад на грамадскім транспарце і вырашыць свае справы. У свой час людзі ўзнялі пытанне, каб аўтобус у буднія дні двойчы заязджаў у Жарлакі. Цяпер населены пункт знаходзіцца на аўтобусным маршруце Маладзечна – Гарадок.

Для камфорту вяскоўцаў вялікае значэнне мае тое, што галоўная вуліца населенага пункта заасфальтаваная. Дзяцей у Хажоўскую школу возіць спецыяльны аўтобус. Тройчы на тыдзень прыязджае аўтакрама. Вада ў дамы падаецца цэнтралізавана з воданапорнай вежы.

А яшчэ вельмі важна, што вяскоўцы пераходзяць на электрычнае ацяпленне дамоў. Калі адпаведнае абсталяванне ўстаноўлена, не трэба ўжо вазіцца з дровамі і брыкетам, выносіць попел. У доме заўсёды чыста. Гэта зручна ўсім, асабліва пажылым людзям.

– З цягам часу старэйшае пакаленне сыходзіць, – разважае Лілія Фёдараўна. – Дамы займаюць дзеці або купляюць дачнікі. Жыццё не стаіць на месцы. Пры гэтым я не разумею людзей, якія на яго скардзяцца. Жывём мы добра. Пенсіі хапае. Людзі матэрыяльна маюць больш, чым іх бацькі. Гэта значная і аб’ектыўная падстава для аптымізму.

… Думкі пераехаць у горад не ўзнікала
У час наведвання Жарлакоў пагаварыў з некалькімі мясцовымі жыхарамі. Пры размове пераканаўся, што людзі тут шчырыя, з радасцю дзеляцца сваімі думкамі. У прыватнасці, вельмі спадабаўся візіт да Марыі Юхневіч.
Марыя Мікалаеўна пераехала на Маладзечаншчыну з Валожынскага раёна. Жыла яна ў вёсцы Ясьманаўцы. У Жарлаках работнікаў гаспадарка забяспечвала жыллём. Гэта быў асноўны аргумент, каб змяніць месца жыхарства, бо ў сям’і падрасталі трое дзяцей.

– У Жарлакі мы пераехалі ў 1989 годзе, – паведаміла субяседніца. – Я працавала аператарам машыннага даення на МТФ у Мачыноўшчыне. Даенне было арганізавана тройчы на дзень (потым яно стала двухразовым). У першыя гады работы кожны аператар адказваў за 25 падапечных. Малако даводзілася насіць уручную ў спецыяльных ёмістасцях. Калі на ферме зманціравалі малакаправод, кожны аператар стаў абслугоўваць паўсотні буронак. Адпаведна вырасла заработная плата. Такім чынам, механізацыя павысіла і выпрацоўку прадукцыі, і дабрабыт работнікаў.

Жанчына ўспамінае, што праца на ферме была цяжкай. Пры гэтым пра той час яна гаворыць з настальгіяй. Было весела, людзі цанілі і ганарыліся працай. Марыя Юхневіч неаднаразова атрымлівала заахвочванні. Думкі пераехаць у горад у жанчыны не ўзнікала. Яна прывыкла да вясковага ладу жыцця. Змяняць звычкі вяскоўка не хоча.

– Вёска мне падабаецца, – заўважыў мясцовы жыхар, які, праўда, не назваўся. – Усе тут ведаюць адзін аднаго, дапамагаюць. З суседзямі мы сябруем. Дзяліць нам няма чаго. У населеным пункце жыве некалькі маіх родзічаў. Ходзім у госці адзін да аднаго, дзелімся навінамі. Калі не ленавацца, усюды можна жыць з камфортам.
Сапраўды, менавіта ад нас у вялікай ступені залежыць, як будзе выглядаць населены пункт, ці зручна будзе жыць у ім. Калі ты дбаеш пра сваю малую радзіму, то выказваеш павагу да ўласнай сям’і, сваіх продкаў. Прыемна, што большасць нашых землякоў гэта разумее.

Старонкі гісторыі
Вёска Жарлакі ў ХІХ стагоддзі ўваходзіла ў склад маёнтка Ізабеліна Маладзечанскага павета Вілейскай воласці. У 1857 годзе ў населеным пункце жыў 51 чалавек. Тады вёска належала пану Наргелевічу.

У міжваенны перыяд колькасць жыхароў узрасла да 155 чалавек. У населеным пункце налічвалася 35 двароў. Вялікая Айчынная вайна пакінула страшны след у гісторыі Жарлакоў. Як сказана ў кнізе «Памяць», акупанты спалілі два двары, трох жыхароў забралі ў Германію. Восем вяскоўцаў загінулі ў баях супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў, адзін – у партызанскай барацьбе.

З 1959-га па 1965 год вёска ўваходзіла ў склад Цюрлёўскага сельсавета. Цяпер яна частка Хажоўскага. У Жарлаках налічваецца 25 хатніх гаспадарак. Тут жыве каля 60 чалавек, палова з якіх працаздольнага ўзросту.
Тэкст і фота: Алег БЯГАНСКІ

Поделиться в социальных сетях:
Читайте также